Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

17 снежня ў Палацы культуры Барысава прайшла цырымонія перадачы звання “Культурная сталіца Беларусі”.

З гэтай нагоды на ўрачыстасці прысутнічала дэлегацыя ад нашага раёна ў складзе намесніка старшыні райвыканкама І. У. Шакуна, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама І. Л. Жданюк, дырэктара РЦК А. І. Конаўка і дырэктара Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў А. В. Язерскага. Эстафету ад Барысава прыняла Орша. У канцэртнай праграме, прапанаванай гасцям, бралі ўдзел лепшыя творчыя калектывы Барысава, некалькі нумароў прадставілі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці новай культурнай сталіцы.

У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падвялі вынікі Рэспубліканскага конкурсу творчых работ, прысвечаных Году народнага адзінства. Было даслана больш за 1500 творчых работ розных жанраў: песні, вершы, эсэ, апавяданні, навуковыя даследаванні, фатаграфіі, відэаролікі, творы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і інш. Журы адабрала найлепшыя па сямі намінацыях.

У намінацыі “Краязнаўчымі сцежкамі” дыпломы ІІІ ступені прысуджаны навуковаму супрацоўніку Валожынскага краязнаўчага музея Ніне Уладзіміраўне Бобрык за экскурс па роднай вёсцы Дубіна і метадысту цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна Ірыне Станіславаўне Ваньковіч за эсэ “У краі Налібоцкай пушчы”.

18 снежня ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ў Валожыне прайшоў раённы этап інтэлектуальна-забаўляльнай гульні “Піянерскі КВІЗ”, у якой прынялі ўдзел каманды чатырох піянерскіх дружын агульнаадукацыйных школ.

Гульня складалася з шасці блокаў – “Піянерская логіка”, “Культура Беларусі”, “Цімураўцы.by”, “Саўндтрэкі”, “Школа” і “Навагодні экспрэс”. У кожным з іх было па 6 пытанняў. Блок “Рызыка-тур” уключаў тры пытанні павышанай складанасці. Удзельнікі прадэманстравалі веды, інтэлект, логіку, кемлівасць, хуткасць. Часта адказ можна было знайсці ў самім пытанні, але для гэтага патрабавалася ўважлівасць. Пытанні былі самыя разнастайныя, яны тычыліся не толькі гісторыі піянерскага руху, але гісторыі і сучаснасці нашай Беларусі, музыкі і інш. Па колькасці набраных балаў перамогу святкавала каманда “Дзяўчаты і я” піянерскай дружыны Дорскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. Другое месца заняла каманда “Агеньчык” Пугачоўскага ВПК, трэцяе месца раздзялілі каманды “Новае пакаленне” і “Лідар” Пяршайскага ВПК і СШ № 2 райцэнтра. Каманда-пераможца будзе прадстаўляць піянерыю раёна на абласным этапе гульні.

Перад Новым годам і Каляднымі святамі кожнае дзіця марыць пра цуды, маленькія нават пішуць пісьмы Дзеду Марозу са сваімі жаданнямі. Паверце, зрабіць цуда па сілах кожнаму з нас, калі падрыхтаваць падарунак хоць аднаму чужому дзіцяці. Матэрыяльныя магчымасці ў кожнага розныя, а ласункаў многа не бывае.

Па добрай традыцыі напярэдадні свята ў Валожынскай дзіцячай бібліятэцы прайшла дабрачынная акцыя “З цяплом і любоўю”, у якой шмат гадоў прымаюць удзел члены клуба “Лэдзі”, што дзейнічае пры аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Для сям’і, праз рукі якой прайшлі ўжо 11 дзяцей, што вучыліся і вучацца ў СШ № 2 райцэнтра, члены клуба на чале з кіраўніком А. І. Барахоўскай падрыхтавалі салодкія падарункі і школьныя канцылярскія прылады. Усяго ў акцыі прынялі ўдзел 15 чалавек. А затым бібліятэчныя работнікі пачаставалі жанчын чаем, дзе за сталом разам вярнуліся ў дзяцінства і ўспаміналі свае неверагодныя святочныя гісторыі.

“Навагодні калейдаскоп” – так называецца выстава навагодніх паштовак мінулага стагоддзя, якая адкрылася ў выставачным пакоі “Родам з СССР” РЦК. Выстава будзе працаваць да 20 студзеня наступнага года.

Некалі паштовыя скрынкі напярэдадні свят поўніліся святочнымі паштоўкамі, іх дарылі адзін аднаму аднакласнікі, віншавалі сваякоў, сяброў, калег, суседзяў. Адкрыткі на выставе адлюстроўваюць самыя розныя падзеі: палёт чалавека ў космас, будаўніцтва БАМа, шматлікія наваселлі, на іх можна ўбачыць як казачных персанажаў, так і проста лясных звяркоў. Асабліва цікава будзе пазнаёміцца з адкрыткамі школьнікам і маладым людзям, якія не засталі ўжо такую традыцыю.

Напярэдадні Новага года і Калядаў многія заклапочаны пошукам арыгінальных, сімвалічных і памятных падарункаў.

Фізкультурна-аздараўленчы комплекс Валожына прапануе падарункавыя сертыфікаты на ўсе паслугі, якія можна атрымаць тут. Далучайце сваіх родных, блізкіх, каханых і сяброў да здаровага ладу жыцця: падарыце ім абанементы на наведванне басейна, лазні ці саўны, можна заахвоціць і заняткамі ў розных залах і секцыях. Паспяшайцеся аформіць заказ!