КЛОПАТ…

Культура

От жа прыгожай была сёлетняя восень! Нават у лістападзе ярка свяціла сонца. Гэткімі дзянёчкамі не хацелася сядзець дома.

… Па платформе аўтавакзала сюды-туды сноўдаюцца людзі або проста сядзяць, чакаючы сваіх аўтобусаў. Я таксама была сярод іх, задаволена акунуўшыся ў падарожную мітусню.

На платформу апусцілася вераб’іная чародка. Птушкі нечага сварыліся, падымалі гвалт, а то і кідаліся прахожым пад самыя ногі, шукаючы ежу. Дзеці пачалі сыпаць ім розныя крошкі. Гвалту прыбавілася яшчэ больш. Адзін верабейчык быў асабліва старанны. Ён паспяваў ухапіць самую вялікую крошку. Але сам яе не глытаў, а ўзмываў з ёю ўверх і неўзабаве зноў вяртаўся за здабычай.

Я пачала больш пільна сачыць за птушкай і ўбачыла, як верабейчык паляцеў да гняздзечка, адкуль выглядала шэрая галоўка, і старанна перадаў ежу ў раскрытую дзюбку. Цікава, каго ён корміць, цяпер жа няма малых птушанят?

– Мабыць, там хворая ці пакалечаная птушачка, а гэты, бач, як клапоціцца, – заўважыла старэнькая бабулька, што сядзела побач са мной. І дабавіла ў роздуме:

– Спагада лепшая чым у іншых людзей…

Па шчацэ старой скацілася слязінка.

Софія КАВЯЗА, жыхарка г. Валожына.

 



Добавить комментарий