ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ – 102

Общество Происшествия

ШТО ТАБОЙ РУХАЛА?

Учынкам, які цяжка патлумачыць, вызначыўся жыхар Сакаўшчыны. Мужчына, знаходзячыся ў лясным масіве бліз вёскі Вуглы, наткнуўся на аўтамабіль “Мазда СХ-9”. Замест таго, каб прайсці міма, як гэта звычайна робяць адэкватныя людзі, чалавек 1970 г. н. (не працуе, судзімы) узяў у рукі палку і, відавочна, прыклаўшы не слабыя намаганні, разбіў у аўтасродку амаль усё, што толькі магчыма было разбіць, чым нанёс яе ўласніку матэрыяльны ўрон на 9854 рублі.

СХАДЗІЛІ НА СПРАВУ

У вёсцы Ануліна з гаспадарчай пабудовы, што знаходзіцца на адным з дачных участкаў, прыхільнікі прыгод і лёгкага прыбытку вынеслі безліч рэчаў, у тым ліку: дзве бензапілы, дзве ручныя талі, лісты металу і інш. З навесным замком злачынцы справіліся лёгка – вырвалі прабой. У руках праваахоўнікаў маецца след прылады ўзлому. Узбуджана крымінальная справа.

ДУРНАЯ РЫЗЫКА

Праз балкон у кватэру жыхаркі Івянца не паленаваліся залезці двое шукальнікаў крымінальных прыгод з Гомеля і Бярэзінскага раёна. Праўда, пажывіліся рызыкоўныя хлопцы толькі швейнай машынай. Аднак сваю крымінальную справу яны зарабілі “сумленна”.

БЕЗ ПАКУПКІ, АЛЕ СА СТРАТАМІ

У жыхара Мінска, калі той гасцяваў на Валожыншчыне, з карты БПК ААТ “Тэхнабанк” інтэрнэт-злачынцы ўкралі 1800 рублёў. Мужчына спрабаваў набыць якісьці тавар, у працэсе пакупкі ўвёў рэквізіты на прадастаўленую спасылку, пасля чаго з карт-рахунка і знікла вышэйназваная сума.

МАХЛЯРЫ АРУДУЮЦЬ

З карты “БПС Ашчадбанк”, што належыць жыхару Мінска, група махляроў, таксама жыхароў сталіцы, шляхам выкарыстання незаконна атрыманых персанальных даных змагла ўкрасці 475 рублёў. Вядзецца следства.

БАЦЬКІ І ДЗЕЦІ

Дарослы сын пакрыўдзіў маці – накрычаў, адпіхнуў, абразіў. Пра гэта паведаміла ў міліцыю жыхарка Валожына. У дом, дзе пражываюць двое родных людзей, прыбыў прадстаўнік РАУС. Аднак яшчэ да яго прыезду пажылая жанчына паспела дараваць нашчадку. У выніку ім абаім давялося стаць удзельнікамі прафілактычнай гутаркі адносна недапушчальнасці супрацьпраўных паводзін.

ТЫ ПІРАМАН ЦІ ПСІХ?

Пасля таго, як сужыцелі з вёскі Гародзькі даволі бурна высветлілі адносіны, пакрыўджаны на сваю каханую мужчына вырашыў своеасаблівым учынкам той адпомсціць. Ён накіраваўся ў гаспадарчую пабудову, дзе захоўваўся брыкет, і паспрабаваў учыніць пажар. Толькі дзякуючы суседзям, якія своечасова пагасілі полымя, абышлося без трагедыі. Зараз далёка не юны (чалавеку 57 гадоў!) піраман знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, у адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа.

ПАМІРЫЦЕ НАС

На шчасце, без учынення матэрыяльнай шкоды і стварэння іншых пагроз абышліся падчас сваёй сваркі сужыцелі з Ракава. Як кажуць, пакрычалі і разышліся па розных вуглах. Праўда, жанчына паспела набраць нумар 102. Так што без прафілактычнай гутаркі з прадстаўніком райаддзела ўнутраных спраў гэты эпізод не завяршыўся.

ЗЯЗЮЛЯ КУКУЕ ДА ПАРЫ

У дачыненні да маці, якая між сваімі дзецьмі і вольным жыццём выбрала вольнае жыццё, узбуджана крымінальная справа. Сутнасць яе ў тым, што жыхарка вёскі Гардынава абавязана выплачваць сродкі на ўтрыманне дзяцей, якіх у яе адабралі з-за іх сацыяльна-небяспечнага становішча, створанага абыякавай маці. Аднак аматарка “вогнішча і сонца” не спяшаецца працаваць і зарабляць грошы, дапускае прагулы працы ў Валожынскім ільнокамбінаце.

Матэрыял па міліцэйскіх зводках падрыхтавала
Валянціна КРАЎНЕВІЧ