КАЛІ ДЗЕД МАРОЗ НЕ АДЗІН

Общество

“Дзед Мароз, прыдзі!” – гукнулі валожынцы, што сабраліся сёння на плошчы Свабоды ў райцэнтры. На іх заклік да цэнтральнай ёлкі з’явіўся не адзін любімы навагодні персанаж, а трынаццаць дзядуль у святочным убранні, якія прадставілі працоўныя калектывы райцэнтра. Усмешкі ўдзельнікаў мерапрыемства ў спалучэнні са здаровым марозным паветрам, снегам, музыкай, святочным гандлем, шчырай радасцю дзяцей стварылі добры настрой усім, хто стаў сведкам і ўдзельнікам традыцыйнага шэсця навагодніх персанажаў.

Арганізатары, якія ладзяць штогадовую сустрэчу вясёлых каманд, кожны раз стараюцца ўнесці яркія штрыхі ў мерапрыемства, каб зрабіць яго непаўторным. На гэты раз, пасля ўрачыстага выхаду з раённага цэнтра культуры, Дзяды Маразы са Снягурачкамі ў суправаджэнні світы  наладзілі творчае спаборніцтва. За 10 хвілін яны паспявалі і павіншаваць удзячных гледачоў, і сябе прадставіць. Карагоды, музыка, смех, вясёлыя гульні і конкурсы – усё гэта склала святочную праграму.

 У конкурсе паўдзельнічалі каманды ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме (прадставіў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі), РЦГіЭ, ЦРБ, РАПТ, ільнокамбіната, маслазавода, ТЦСАН, лясгаса, пошты, ліцэя, ДРБУ № 167 і РАНС. Іх выступленні ацэньвала кампетэнтнае журы. У яго склад увайші старшыня Савета дэпутаў Пётр Бібік, кіраўнік спраў райвыканкама Наталія Жукоўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірына Жданюк, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Загорская, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Анжэла Тышкевіч.

Пасля ўрачыстага падвядзення творчага спаборніцтва ўсім яго ўдзельнікам былі ўручаны памятныя дыпломы і салодкія падарункі, а камандам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, якія занялі адпаведна першае, другое  і трэцяе месцы, – грашовыя сертыфікаты. Ірына Жданюк павіншавала ўдзельнікаў творчага конкурсу і гледачоў са святам і падажадала здароўя, цудоўнага настрою, бадзёрасці, актыўнасці і хуткага спаўнення жаданняў.

Затым галоўны Дзед Мароз запрасіў прысутных паўдзельнічаць у цырымоніі запальвання галоўнай навагодняй ёлкі. Зараз наша валожынская прыгажуня ззяе рознакаляровымі агнямі, ствараючы святочны настрой жыхарам і гасцям горада.

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара