ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ — 102

Закон и порядок

СЯМЕЙНЫЯ БАТАЛІІ

Апошнім часам часта даводзілася наведвацца супрацоўнікам міліцыі ў вёску каля Івянца. Адна сям’я тут ніяк не магла прыйсці да кансэнсусу: то гаспадар учыніць скандал і жонка вымушана скардзіцца ўчастковаму, то жонка не пускае мужа дадому начаваць, то потым цесць вучыць зяця розуму… Радуе, што пасля разборак сямейны канфлікт усё ж удалося ліквідаваць.

ЗЯЗЮЛІНЫ СЛЁЗЫ

Паўгода вяліся пошукі маладой жанчыны, якая кінула малалетняга сына маці і знікла невядома куды. Бяглянку адшукалі на рынку ў Ждановічах. Тут яна мела падпрацоўку, а жыла за Мінскам, у доме новага абранніка. Ні лёс дзіцяці, ні лёс маці яе не цікавілі. Было пастаўлена пытанне аб пазбаўленні жанчыны бацькоўскіх правоў, але неспадзявана мацярынскі інстынкт у “зязюлі” прачнуўся, яна шчыра абяцала выправіцца. Магчымасць рэабілітавацца ёй прадаставілі, але на ўсялякі выпадак апякункай хлопчыка назначылі бабулю.

КЛЯНЕ, АЖ ТРАВА ВЯНЕ

“Пазычыў чалавек суседу веласіпед, а сыскаць не мог,” – такая кароткая фабула аднаго вясковага канфлікту. Звадку разадзьмулі пры дапамозе нецэнзурнай лаянкі і брыдкіх слоў. Прыйшлося нават участковаму ўмяшацца. Зараз паміж суседзямі лад і згода.

ПАЙШЛА І НЕ ВЯРНУЛАСЯ

Жыхарка Мінска, якая ў пачатку верасня гасціла ў Ляшчоўцах, вырашыла назбіраць шчаўя. Пайшла яна ў лес і не вярнулася. Была ўзбуджана крымінальная справа, жанчыну аб’явілі без звестак прапаўшай. І толькі на мінулым тыдні знайшлі труп няшчаснай. Заблудзіўшыся, яна дайшла аж да Мінска і там, на беразе ракі, ад знясілення памерла.

ХТО ЛЮБІЦЬ ГАРБУЗ,

А ХТО – КАЦЯРЫНУ

Калі складаць рэйтынг самых спакушальных прадметаў для зладзеяў, то на першае месца, безумоўна, прэтэндуюць прадукты харчавання. Так, у Дзямідавічах нехта падпільнаваў, што пенсіянерка зрабіла на зіму нядрэнныя запасы, і рашыў іх “прыхватызаваць”. Быў скрадзены засолены свіны кумпяк на 25 кілаграмаў і васямнаццацікілаграмовая лапатка, усяго на суму 2400000 рублёў. Гэта самы буйны крадзеж на мінулым тыдні. На другім месцы – крымінальны выпадак, зафіксаваны ў Туркаўшчыне. Тут з дачнага доміка нехта вынес тэлевізар “Віцязь”, учыніўшы пацярпеламу матэрыяльны ўрон на 900000 рублёў. Дачніца з Каралінова недалічылася дзвюх ёмістасцей з маторным маслам і пераноснай электралямпы,

НАБЫЎСЯ, ЯК САКАВІЦКІ СНЕГ

Непаўналетні навучэнец сельгасліцэя за сваю кароткую біяграфію меў каля дзесятка фактаў сутычак з законам. Двойчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці ў судзе Дзяржынскага раёна, але кожны раз хлапчука шкадавалі і цяжка не каралі. У ліпені гэтага года суд Валожынскага раёна за шматлікія крадзяжы асудзіў падлетка на год пазбаўлення волі, але вышэйстаячы суд палічыў прыгавор празмерна суровым і назначыў умоўнае пакаранне. Ужо праз тры месяцы непаўналетні злачынец зноў стаў на слізкую крымінальную сцежку. У сваім жа інтэрнаце ён пранік у суседні пакой і забраў усе грошы (расійскія рублі, долары), якія здолеў адшукаць. Юнака арыштавалі.

Матэрыял да друку

па міліцэйскіх зводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий