ДЗЕНЬ СТАНОЎЧЫХ ЭМОЦЫЙ

Общество

Дзеці-інваліды і іх бацькі на мінулым тыдні пабывалі на чарговым мерапрыемстве ў аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Арганізатары падарылі запрошаным шмат прыемных хвілін і станоўчых эмоцый.

Ініцыятарам правядзення свята выступіў райкам ГА “БРСМ”, канцэртна-забаўляльную праграму распрацавалі актывісты валанцёрскага атрада СШ № 2 г. Валожына “Добрае сэрца”. Шмат песень, загадак, танцаў, конкурсаў і, вядома ж, памятных сувеніраў парадавалі дзетак. З вялікім энтузіязмам яны сустрэлі прапанову разам змайстраваць сімвал сустрэчы – вялікае сэрца з пажаданнямі міру, святла, дабрыні…

Гэта не апошняе мерапрыемства, якое праводзіцца ў рамках адзначэння Дня інвалідаў. Перад выхаднымі супрацоўнікі ТЦСАН наладзілі інфармацыйна-культурную праграму для сем’яў Ракаўскага сельсавета, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў. З запрошаных 14 сем’яў у Ракаўскі цэнтр фальклору, дзе разгортвалася дзея, прыбылі толькі 8. Перад прысутнымі выступілі спецыялісты цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, урачы, педагогі, выдатным канцэртам пацешылі матуль і дзяцей калектывы “Вянок” і “Гасцінец”. А напрыканцы прайшла дабрачынная акцыя “Працягнем руку дапамогі”.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий