НА БАЛЬ НАВАГОДНІ ДЗЯЦЕЙ ЗАПРАСІЛІ

Культура Молодежный курьер Общество

 У Валожыне адбылася галоўная ёлка раёна. Чароўнае свята з хвойным водарам прайшло ў адноўленай зале РЦК. Сюды з розных куткоў Валожыншчыны з’ехаліся пераможцы прадметных алімпіяд, навуковых канферэнцый, творчых конкурсаў і фестываляў, якія сваімі здольнасцямі здабываюць славу і гонар установам адукацыі і раёну ў цэлым.

Удзельнікаў свята асабіста вітаў старшыня райвыканкама Яўгеній Круковіч. Яўгеній Міхайлавіч павіншаваў хлопчыкаў і дзяўчынак, пажадаў шчасця і здароўя, веры ў свае сілы і імкнення да поспеху. Кіраўнік раённай улады ўзгадаў, што кожны чалавек – родам з дзяцінства, таму нават дарослым зразумела радаснае адчуванне надыходзячага Новага года, а для дзетвары любога пакалення гэта свята і ўвесь перыяд, што папярэднічае яму, застаюцца самымі любімымі момантамі жыцця.

Работнікі культуры і адукацыі зрабілі прадстаўленне па матывах казкі “Брэменскія музыканты” цікавым і зразумелым кожнаму гледачу, незважаючы на ўзрост. Напрыканцы насычанага падзеямі, музыкальнымі нумарамі і гульнёвымі момантамі мерапрыемства Дзед Мароз і Снягурка са сваімі памочнікамі раздалі дзетвары падарункі ад раённага выканаўчага камітэта. Прыгожы куфэрак з салодкім напаўненнем дастаўся кожнаму.

Вучаніца 10 класа СШ №1 г. Валожына Лізавета СУЧКЕВІЧ:

 –   Я не аднойчы абараняла гонар школы на раённай алімпіядзе па фізічнай культуры, бо ўсё сваё жыццё займаюся спортам. Вельмі радавалася запрашэнню на гэта свята. Яно сапраўды шыкоўнае.

Вучаніца 3 класа Ракаўскай школы Ксенія ЯРМАКОВІЧ

 –   Мне падабаецца ўдзельнічаць у анлайн-акцыях патрыятычнага кірунку. Відаць таму мяне ўключылі ў спіс удзельнікаў галоўнай ёлкі. Я шчаслівая, бо  тут так цікава! З радасцю дасылаю прывітанне маёй любімай, дарэчы, шматдзетнай сям’і.

 

Вучань 3 класа СШ № 2 г. Валожына Аляксей БОЛВАХ:

 –  Такога прадстаўлення я яшчэ не бачы! Усе героі – сапраўдныя артысты, быццам з тэлевізара. А якая прыгожая сцэна! Люблю Новы год. Віншую з гэтым святам усіх дзяцей. Няхай кожнаму Дзед Мароз прынясе жаданы падарунак.

Вучні гімназіі № 1 г. Валожына 4-класніца Варвара ТРУС і 5-класнік Мацвей Радзівілка:

–   Сёння нам выпаў гонар павітаць старшыню райвыканкама, падзякаваць за віншаванне і ўручыць памятны падарунак. Радуемся, што не разгубіліся. Усё, што ўбачылі, у чым паўдзельнічалі, уразіла. Асабліва вадкакрысталічны экран на сцэне, з дапамогай якога стваралася ілюзія прысутнасці дэкарацый падчас прадстаўлення.

Вучаніца 11 класа СШ№ 1 г. Валожына Настасся Ракавец:

 –  Я хутка стану выпускніцай. Аднак навагодняе свята мне спадабалася. Арганізатары зрабілі так, што і першакласнікам, і вучням старэйшых класаў было весела і цікава. Сама я – актыўная ўдзельніца розных мерапрыемстваў як у школе, так і на ўзроўні раёна, таму смела магу сказаць: сённяшняе відовішча – адно з лепшых. Сцэнарый, гук, ігра выканаўцаў роляў, іх касцюмы, сама атмасфера літаральна зачаравалі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара