Прафесія – дрэвы гадаваць

Люди и судьбы Общество

З ранняга дзяцінства навагодняе свята асацыіруецца ў любога з нас з елкай. Радкі песні, якая напісана яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя, ведаюць на зубок як дарослыя, так і дзеці. Асабліва яскрава помняцца радкі “В лесу родилась елочка, в лесу она росла…” і “И вот она нарядная на праздник к нам пришла”. Але ж нам добра вядома, што часы, калі можна было ўзяць у рукі сякеру і напярэдадні свята самастойна высечы лясную прыгажуню, у далёкім мінулым. Зараз, каб не парушыць ніводзін пункт Ляснога кодэкса, набываем дрэўцы, што радуюць нас ад Калядаў да Калядаў, на навагодніх кірмашах. Пра тое, адкуль яны туды паступаюць, мы даведаемся сёння ў начальніка ляснога гадавальніка, што працуе пры Валожынскім лясгасе, Аляксандра РАМАНЧУКА.

– Аляксандр Валер’евіч, адкуль, з якіх лясоў нашы елкі?

– На самай справе яны не з лясоў. Кожная елачка – наш гадаванец. Тэхналогія іх вырошчвання прыблізна такая: спачатку збіраюцца шышкі. Робіцца гэта толькі зімой. Шышка чысціцца і сушыцца, адтуль у працэсе вылятае насенне з крылаткай. Далей насенне збіраецца ў мяшкі і адпраўляецца ў селекцыйны цэнтр, дзе крылатка з дапамогай спецыяльнай тэхнікі аддзяляецца ад насення. А затым… Не, не высяваецца, а ідзе на папаўненне рэзервовага фонду. Толькі праз некалькі гадоў (прыкладна 2-3) пэўны працэнт адпускаецца на высеўку. Сеянец вырошчваецца з насення ў пасяўным аддзяленні. Далей ён перасаджваецца ў так званае школьнае аддзяленне, і там ужо лічыцца саджанцам. Сеянцы і саджанцы ідуць на аднаўленне лясоў. Спецыяльна гадуюцца на асобных плантацыях дрэвы і да свята. Елка для таго, каб стаць навагоднім дрэўцам, расце мінімум 7 гадоў.

– І за ўвесь гэты працэс адказваеце Вы і калектыў, якім кіруеце?

– Па сутнасці, так. Акрамя мяне, у гадавальніку працуюць 4 лесаводы, трактарыст і вадзіцель. Адказнасць нясём за пасяўныя і школьныя аддзяленні, якія размяшчаюцца на плошчы ў 13,4 гектара. Вырошчваем не толькі елкі, а сасну, бярозу, клён, ясень, ліпу, дуб, лістоўніцу і іншыя дрэвы. А таксама мноства дэкаратыўных кустоў. Аб’ём вырашчанага стандартнага пасадачнага матэрыялу ў год складае 3 млн штук. За мінулы год для папаўнення ляснога фонду ў лясных гаспадарках Мінскай і Гомельскай абласцей намі рэалізавана звыш за мільён штук сеянцаў і саджанцаў хвойных і дэкаратыўных ліставых парод.

– Каб разбірацца ў такой тонкай справе, як аднаўленне лесу, неабходна добрая адукацыя.

– Яна ў мяне якраз і маецца. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, там жа – магістратуру і аспірантуру. У alma matеr чытаў лекцыі па наступных дысцыплінах: “Глебазнаўства з асновамі земляробства” і “Лясныя культуры”. Магістарская дысертацыя, якую паспяхова абараніў, тычылася вырошчвання лістоўніцы ў Беларусі. Напісаў і кандыдацкую на тэму “Тэхналогія вырошчвання сеянцаў сасны звычайнай з дапамогай найноўшых мінеральных угнаенняў”, але да абароны пакуль не дайшло.

 – Чаму спынілі навуковую дзейнасць? Не спадабалася?

– Ды не. І навуковая, і выкладчыцкая работа падаліся цікавымі. Не выключаю, што калісьці да гэтага вярнуся. Аднак зараз я – практык, і гэта задавальняе мае запыты. Калі атрымаў запрашэнне ад кіраўніцтва Валожынскага лясгаса ўзначаліць гадавальнік, давялося добра падумаць. Не сакрэт, што важную ролю ў прыняцці рашэння адыграў той факт, што маю сям’ю, а тут мне прадаставілі жыллё, годны заробак. Работу ж сваю літаральна абагаўляю. У ёй мне ўсё зразумела, усё адпавядае ведам і вопыту. А калектыў тут – які пашукаць яшчэ трэба! Людзі ведаюць справу, прафесійна выконваюць абавязкі, ды і аплатай працы задаволены.

 – Быць кіраўніком няпроста. А вы яшчэ такі малады…

 – Мне 29 гадоў. Я працаваў са студэнтамі, таму да лідарства ў вялікім калектыве не прывыкаць. І сам маю добрых начальнікаў. У любы момант магу атрымаць параду ад шматвопытных дырэктара лясгаса Уладзіміра Уладзіміравіча Бацяна і галоўнага ляснічага Сяргея Мечыслававіча Бараноўскага, іншых калег.

 – Вяртаюся да навагодняй тэмы. Колькі неабходна дрэўцаў, каб задаволіць патрэбу грамадзян у святочных елках?

– Адразу хачу сказаць, што сімвал свята зараз – не заўсёды елка. Дзесьці 70% нашых жыхароў аддаюць перавагу менавіта гэтаму дрэўцу. У модзе сасна і піхта. На тэрыторыі гадавальніка закладзена школьнае аддзяленне з елкі калючай і піхты Нордмана (вельмі прыгожыя дрэвы). У продаж яны паступяць праз 5-6 гадоў. Усё, што бачыце на елачных кірмашах сёння, – нашы гадаванкі. Нядаўна Міністэрства лясной гаспадаркі запусціла доўгатэрміновую акцыю “Захаваем сімвал свята”. У рамках яе мы прадастаўляем пакупнікам магчымасць набыць елку ў кадушцы. Гэта сапраўды жывое дрэўца, якое пасля свята можна высадзіць на прысядзібным участку.

– Аляксандр Валер’евіч, паколькі мы размаўляем напярэдадні свята, не магу не задаць адно пытанне. Вы такі высокі, усмешлівы, гаваркі. Вам ролю Дзеда Мароза не прапаноўвалі?

– Прапаноўвалі. І не аднойчы. Яшчэ ў школе, як і вы, арганізатары палічылі, што гэты персанаж і я – адно цэлае. Кожны год ва ўніверсітэце таксама “дзедамарозіў”. Так што навагоднія святы літаральна – у маёй крыві. Да таго ж маю дачушку, якой трошкі больш за два гады. Яна ўсё добра разумее, чакае Дзеда Мароза. Таму і ў асабістым жыцці бываю ў вобразе.

– Ваша пажаданне валожынцам.

– Ад душы віншую з Калядамі і Новым годам кожнага жыхара раёна, з якім звязаў сваё жыццё тры гады таму і ніводнага разу не пашкадаваў пра гэта. Мае найлепшыя пажаданні і вялікаму дружнаму калектыву лясгаса. Вельмі хочацца, каб усе былі здаровымі і шчаслівымі, а сапраўдны Дзед Мароз споўніў хаця б па аднаму нашаму запаветнаму жаданню.

Гутарыла Валянціна Краўневіч

фота аўтара