Саламяныя напевы

Культура

У раённым Цэнтры культуры дэманструецца выстава вырабаў з саломкі народнага клубнага аб’яднання «Майстар» Палаца культуры горада Маладзечна «Саламяныя напевы». Тут прадстаўлены работы майстроў аб’яднання Людмілы Мікалаеўны Валковіч-Борыс і Вольгі Юр’еўны Маславай, а таксама іх вучняў. Людміла Мікалаеўна выкладае ў аддзяленні ДМП Маладзечанскага музвучылішча імя М. К. Агінскага, Вольга Юр’еўна кіруе гурткамі «Народныя крыніцы» ЦТДіМ «Маладзік». На працягу многіх гадоў яны з’яўляюцца ўдзельнікамі і пераможцамі прэстыжных конкурсаў, фэстаў, выстаў самага высокага ўзроўню: міжнародных, рэспубліканскіх, абласных. Сярод іх: міжнародны фестываль «Славянскі базар» у Віцебску, міжнародная выстава «Радость Пасхи» ў Мінску, І Міжнародны фестываль па саломапляценню ў Мінску і шмат іншых. Яны з’яўляюцца членамі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Іх работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі і замежжа.

Незвычайны свет вобразаў, тэм і фарматаў створаны ў работах іх выхаванцаў. Гэта саламяны «Гусь», «Баранчык», «Козлік», крылаты «Пегас», «Бычок», «Коцік», саламяныя лялькі, вазы з кветкамі, цікавыя работы пано-аплікацыі «Абуджэнне», «Натхненне», «Да сонца», «Добрай раніцы». Прыцягваюць увагу і асабістыя работы Людмілы Валковіч-Борыс і Вольгі Маславай: трыпціх «Летні настрой», «Жніво», «Беларуская мадонна», «Ішла Каляда калядуючы», «Шчаслівая сям’я» і іншыя.


Выстава «Саламяныя напевы» не толькі дэманструе майстэрства ўмельцаў, але і выклікае жаданне паспрабаваць свае сілы ў адным з відаў мастацтва.

Таццяна ЛАНЬКО, метадыст народнага аб’яднання народных майстроў «Скарбніца» РЦК.



Добавить комментарий