СВЯТА НАВАГОДНЯЕ ПАДАРЫЛІ ПРАВААХОЎНІКІ

Акции Общество

У рамках навагодняй акцыі “Ёлка дзіцячых жаданняў”, што праходзіць пад эгідай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, у Івянецкім дзіцячым доме-інтэрнаце супрацоўнікамі ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама сумесна з прадстаўнікамі Валожынскага РАУС праведзена мерапрыемства, падчас якога выкананы пажаданні выхаванцаў сацыяльнай установы. Учора сюды начале з начальнікам ўпраўлення Раманам Раманчуком прыбылі людзі ў пагонах для таго, каб наладзіць для дзяцей шыкоўнае свята. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел начальнік Валожынскага РАУС Дзмітрый Вяроўчык і яго намеснік Аляксандр Акушка.

Пра тое, што праваахоўнікі гатовы падрыхтаваць для іх навагоднія сюрпрызы, хлопчыкаў і дзяўчынак папярэдзілі загадзя. Для таго, каб жаданні збыліся, неабходна было выказаць іх у пісьмовай форме. У выніку міліцэйскаму Дзеду Марозу былі накіраваны каля 30 лістоў. Многія просьбы, занатаваныя ў іх, паўтараліся, што дапамагло арганізатарам акцыі скласці дакладны план будучага мерапрыемства. Паколькі некаторыя выхаванцы марылі адчуць сябе ў ролі супрацоўнікаў ДАІ, было прынята рашэнне аб удзеле ў акцыі спецыяльнай тэхнікі. Для таго, каб збылася мара тых, хто пажадаў патрымаць у руках сапраўдную зброю, наладзілі выставу, дзе прадставілі даволі шырокі дыяпазон абразцоў сучаснага ўзбраення.

У цэлым жа свята прайшло са ўсімі момантамі, характэрнымі для традыцыйнага ранішніка. Напачатку з вітальным словам выступіў Раман Валер’евіч Раманчук, затым ля ёлкі з’явіліся Дзед Мароз і Снягурка, а таксама іншыя казачныя персанажы, якія забаўлялі прысутных гульнямі. Самі ж выхаванцы дома-інтэрната падарылі гасцям некалькі навагодніх канцэртных нумароў. Адбыўся абмен падарункамі. Дзеці атрымалі наборы цукерак, а госці – сувеніры, выкананыя рукамі тых, хто стаў аб’ектам іх клопату.

У многіх лістах супрацоўнікі УУС прачыталі пра тое, што дзеці хацелі б, каб на іх свята прывезлі сапраўднага службовага сабаку. Таму на ранішнік прыбыў прадстаўнік аддзялення аховы з Маладзечна Аляксандр Бурак са сваім гадаванцам Ірбісам. Іх сумесны нумар прысутнымі ўспрынаўся на ўра.

У гэты ж дзень здзейсніліся і жаданні аматараў хакея. Каманда з сямі юнакоў і дзяўчат у сваіх лістах адзначыла, што яны з’яўляецца прыхільнікамі клуба “Дынама”. Менавіта ім уручылі фірменныя дынамаўскія шалікі і запрашальныя білеты на матч, які адбыўся ўвечары на “Мінск Арэне”.

Многія жадаючыя змаглі ў святочны дзень не толькі пасядзець за рулём машын ДАІ, але і пакатацца на іх па тэрыторыі гарадскога пасёлка, а заадно атрымаць у якасці сувеніраў флікеры і тэматычныя размалёўкі.

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара