Змяненні выключна ў інтарэсах народа

Конституция Мы говорим Общество

Прапановы па праекце змяненняў і дапаўненняў у Асноўны закон падчас усенароднага абмеркавання будуць прымацца рознымі дзяржаўнымі органамі: Адміністрацыяй Прэзідэнта, урадам, парламентам, аблвыканкамамі. Жыхары нашага раёна могуць звярнуцца ў грамадскую прыёмную раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, якая размешчана па адрасе: г. Валожын, вул. Гагарына, д. 14, ДУА “Гімназія № 1 г. Валожына”. Грамадская прыёмная працуе ў рабочыя дні. Можна звярнуцца і па тэлефоне: 65873.

Абагульненнем усіх прапаноў у рэжыме рэальнага часу і са штодзённым аналізам зоймецца Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі. Найбольш яркія з іх у далейшым з’явяцца ў абагуленым выглядзе.

Алег СЕМЯНЧУК, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе № 73:

– Перад тым, як ісці на рэферэндум, кожны з нас павінен узважыць усе “за” і “супраць”: узважыць тое, што адбываецца ў свеце, як ён мяняецца, якія падзеі адбыліся ў нашай краіне, за мяжой, як паводзяць сябе нашы суседзі – блізкае, далёкае замежжа. Мы павінны прыняць рашэнне: якой хочам бачыць Беларусь заўтра, як далей яна будзе развівацца?

Маё меркаванне такое – толькі пры моцнай уладзе мы зможам захаваць незалежнасць і сваю рэспубліку. Лічу: наша краіна павінна заставацца Прэзідэнцкай. Правільна, што плануецца пераразмеркаванне паўнамоцтваў ад Прэзідэнта да ўрада, ад ўрада да органаў мясцовай улады. Павышаецца роля мясцовага кіравання і самакіравання, грамадства. Надаецца статус Усебеларускаму народнаму сходу, каб улічваць меркаванне кожнага чалавека.

Увогуле, тыя змяненні і дапаўненні, што ўносяцца ў Канстытуцыю, робяцца своечасова. Хоць размовы пра гэта вядуцца ужо на працягу некалькіх апошніх гадоў. Асноўнае і галоўнае, што праект новай Канстытуцыі накіраваны на тое, каб захаваць нашу дзяржаву сацыяльнай, даць магчымасць ёй развівацца па ўсіх кірунках – і ў палітыцы, і ў эканоміцы, і ў самім грамадстве.

Юрый БЯЛЯЎСКІ, дырэктар СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”:

 – Патрэбнымі лічу змяненні ў Канстытуцыю, накіраваныя на захаванне гістарычнай праўды і памяці пра Вялікую Айчынную вайну і масавы гераізм народа, выхаванне патрыятызму. Вайна пакінула глыбокі след практычна ў кожнай беларускай сям’і. Мы страцілі ў ёй кожнага трэцяга беларуса і ніколі не забудземся пра гэта. Наш святы абавязак – перадаць будучым пакаленням памяць пра Перамогу Чырвонай арміі і савецкага народа над нацызмам.

Вельмі важная сацыяльная накіраванасць дзяржаўнай палітыкі з улікам сацыяльна-эканамічных магчымасцей дзяржавы. Працоўныя і эканамічныя гарантыі, абарона правоў уласнасці, даступнасць адукацыі, садзейнічанне кожнаму грамадзяніну ў набыцці ўласнага жылля, выхаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей, падтрымка сем’яў з дзецьмі, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама моладзі, клопат дзяржавы пра пажылых людзей і інвалідаў.

Алена КЛАЧКО, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”:

– Думаю, што рэформа Канстытуцыі з’яўляецца актуальнай не толькі для нашай дзяржавы. Змяненні ў грамадска-палітычным і эканамічным жыцці краіны з цягам часу патрабуюць унясення паправак у Асноўны закон, бо гэта галоўны дакумент, які рэгулюе грамадскія адносіны, вызначае арыенціры развіцця любога грамадства, замацоўвае каштоўнасныя ўстаноўкі грамадства.

Мы ўсе неабыякавыя людзі. Упэўнена, галоўнае – гэта захаванне міру, грамадскага адзінства і згоды на нашай беларускай зямлі. І кожны з нас можа падтрымаць старанна прапрацаваныя кваліфікаванымі юрыстамі і экспертамі прапановы па змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь на будучым рэферэндуме. Тым больш, што магчымасць азнаёміцца, абмеркаваць праект новай Канстытуцыі ёсць у кожнага жадаючага. Увайшлі ў пастаянную практыку дыялогавыя пляцоўкі з насельніцтвам, работа грамадскіх прыёмных і інш.

 Для нас, работнікаў сферы адукацыі, важна, каб у Асноўным законе захаваліся пастулаты аб сям’і і дзецях, аб стварэнні неабходных умоў для ўсебаковага развіцця і раскрыцця патэнцыялу маладога пакалення. Лічу таксама важным павышэнне сацыяльнай адказнасці кожнага за сябе, за сваё здароўе, сваю сям’ю. Каб не толькі з боку дзяржавы прымаліся меры па захаванні ўсіх сацыяльных гарантый, але і самі грамадзяне, законныя прадстаўнікі нашых вучняў, мелі абавязацельствы ў выхаванні дзяцей, перадачы ім правільных каштоўнасных арыенціраў, у развіцці грамадства, а значыць – і краіны ў цэлым. Усе гэтыя моманты знаходзяць адлюстраванне ў новай Канстытуцыі.

Ніна БОБРЫК, навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея:

– У другой палове лютага 2022 года ў Беларусі адбудзецца важная палітычная падзея – рэферэндум па прыняцці новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт А. Р. Лукашэнка сказаў: “Новую Канстытуцыю мы прымем. Наша жыццё будзе рухацца наперад, без усякай ломкі і катастроф – беларусам гэтага не патрэбна”.

У новым праекце захавана пераемнасць з цяперашняй Канстытуцыяй, але нягледзячы на гэта, значныя змяненні адбыліся ў кожным раздзеле. Яны закранулі палітычную і выбарчую сістэму беларускага грамадства, дзейнасць Канстытуцыйнага суда. Вялікая ўвага адведзена пытанням, звязаным з Усебеларускім народным сходам, якому надаецца канстытуцыйны статус. Я поўнасцю згодна з тым, што кожны з нас павінен праяўляць сацыяльную адказнасць, уносіць пасільны ўклад у развіццё беларускага грамадства. Ад нашай згуртаванасці і салідарнасці будзе залежыць моц і стабільнасць роднай Беларусі.

Як былы настаўнік і кіраўнік агульнаадукацыйнай установы, лічу важным дапаўненне да артыкула 32, дзе ўказваецца, што бацькі або асобы, якія іх замяняюць, павінны выхоўваць дзяцей, клапаціцца пра іх здароўе, развіцці і навучанні, рыхтаваць да грамадска-карыснай працы, прывіваць культуру і павагу да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый .Наша дзяржава заўсёды падтрымлівала шматдзетныя сем’і, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Цяпер гэта палажэнне ўнесена ў праект новай Канстытуцыі. Заслугоўвае падтрымкі дапаўненне ў артыкул 47, якое забяспечвае роўныя магчымасці для ажыццяўлення правоў і свабод інвалідам. На дзяржаўным узроўні ажыццяўляецца палітыка сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў, стварэння даступнага асяроддзя і паляпшэння ўзроўню іх жыцця, падтрымкі сем’яў, у якіх пражываюць інваліды.

Хачу пажадаць нашым грамадзянам адказна аднесціся да абмеркавання асноўных палажэнняў, якія ўнесены ў праект Канстытуцыі, і помніць: перад намі дакумент, які вызначыць курс развіцця нашай краіны, а разам з тым – будучае нашых дзяцей.

Вікторыя ПЕТРАНЕВІЧ, першы сакратар раённага камітэта ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”:

 – Змяненні ў Канстытуцыю патрэбныя, бо заўсёды неабходна развівацца, рухацца наперад. Пры гэтым важна захаваць тое, што зараз маем, – дадаць новае, не разбураючы тое добрае, што ўжо створана. Лічу правільным, што абмяркоўваецца пашырэнне паўнамоцтваў урада і парламента рэспублікі, замацаванне ролі Усебеларускага народнага сходу. Па-ранейшаму ў прыярытэце павінны заставацца незалежнасць нашай дзяржавы, яе ўстойлівасць, удасканаленне сацыяльных гарантый, пашырэнне магчымасцей для развіцця і стабільнага жыцця грамадзян.

 Зыходзячы з асабістай адказнасці за цяперашняе і будучыню краіны, усведамляючы сябе яе паўнапраўным суб’ектам, упэўнена, што Беларусь працягне свой курс развіцця, заснаваны на нацыянальных інтарэсах. Пры гэтым рэспубліка надае асаблівую значнасць падтрыманню стабільнасці і бяспекі ў свеце і для дасягнення гэтай мэты гатова ўзаемадзейнічаць з усімі дзяржавамі, якія арыентаваны на канструктыўны дыялог і плённае супрацоўніцтва.

 Хацелася б, каб унясенне змяненняў у Асноўны закон дапамагло дасягнуць супакою ў нашым грамадстве і садзейнічала фарміраванню збалансаванай міжнароднай павесткі дня.

Вікенцій АДАМОВІЧ, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу:

– Тое, што ў краіне наспела неабходнасць змяненняў у грамадстве, адказвае запыту сённяшніх рэалій. Новая Канстытуцыя будзе адыгрываць ролю стабілізуючага фактара ў краіне. Яна дазволіць ўзмацніць некаторыя галіны ўлады, прыцягнуць да кіравання пэўнымі працэсамі большую колькасць нашых грамадзян, надаць новы імпульс эканамічнаму развіццю краіны і забяспечыць стабільнасць палітычнай і сацыяльнай сістэм.

Упэўнены, што, уважліва азнаёміўшыся з новымі палажэннямі Канстытуцыі, прыняўшы ўдзел у рэферэндуме, беларусы змогуць з упэўненасцю глядзець у будучыню.