Слава героям працы!

Общество Официально

4 студзеня 2022 года Герой Сацыялістычнай Працы Валожыншчыны Зоя Макараўна ЗАДОРА адзначыла 90-гадовы юбілей.

У такі ўрачысты і вельмі важны дзень да імянінніцы завітала цэлая дэлегацыя: кіраўнік спраў райвыканкама Наталія Жукоўская, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлана Ракавец, дырэктар ААТ “Агра-Дубінское” Генадзь Каспяровіч, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Ціганіна і старшыня Дорскай ветэранскай пярвічкі Валерый Селівон.

Прыгожы, не па-зімоваму цёплы, часам сонечны, пагодлівы дзянёк – менавіта такім надвор’ем парадавала прырода асабістае свята заслужанага і паважанага чалавека. Зоя Макараўна гасцей чакала – віншаванні прымала з самага ранку. Ужо шмат гадоў жыве ў аграгарадку Ракаў у дачкі Людмілы. Сярод дарагіх сэрцу людзей ёй цёпла і ўтульна, ёсць з кім пагаварыць-паразважаць. Але так хочацца хоць на некалькі хвілін вярнуцца ў тыя турботныя – у нейкім сэнсе нават шалёныя і разам з тым такія шчаслівыя гады працы, прыпомніць-узгадаць, “калі былі мы маладыя”… Душа тады ажывае, прыемна хвалюецца, радуецца, напаўняецца асалодай.

Вось і на гэты раз госці разам з юбіляркай успаміналі 60-80-я гады, калі ішло актыўнае развіццё і ўздым сельскай гаспадаркі. І ў адзін голас сцвярджалі: як жа весела тады жылося! Так, цяжка і вельмі многа працавалі – уставалі яшчэ да ўзыходу сонца, а клаліся разам з зоркамі на небе. Але не адчувалі стомы! Работа давала зарад бадзёрасці, аптымізму, натхняла на поспехі.

“У памяці сёння ўсплываюць да болі блізкія сэрцу палеткі, вельмі аддадзеныя працы і роднай зямлі людзі, з’езды партыі, у якіх не аднойчы давялося прымаць удзел, і Генеральны сакратар Леанід Брэжнеў – з намі, простымі сялянамі, ён прывітаўся за руку. Які ж гонар адчувала – не перадаць словамі”, – падзялілася герой працы.

Генадзь Каспяровіч пяшчотна называе Зою Макараўну дарагой настаўніцай: менавіта яна вучыла новаспечанага маладога спецыяліста-аграрніка ўсім прамудрасцям аграноміі. Для Валерыя Селівона З. М. Задора – родная цётка і таксама мудры педагог. Дзякуючы яе навуцы, яны сталі талковымі дырэктарамі гаспадарак: Генадзь Вацлававіч і сёння – нязменны кіраўнік сельгаспрадпрыемства ў Дубіне, а Валерый Фёдаравіч шмат гадоў узначальваў калгас у Сугваздах.

…Успаміны цяклі ракой, гучалі шматлікія цёплыя словы віншаванняў, не сціхалі бясконцыя тэлефонныя званкі з пажаданнямі ў такім жа здароўі дачакацца 100-гадовага юбілею. На што імянінніца з гумарам зазначыла: “Усім жадаю пражыць да 120 гадоў, а сама хачу хаця б да 125…” Няхай так яно і будзе!

Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА