Атмасферу свята стварылі на выдатна

Кругозор Культура Общество

Штогод напярэдадні Новага года і Калядаў валожынскія камунальнікі стараюцца падняць настрой людзям праз упрыгажэнні на вуліцах горада і, у першую чаргу, на яго галоўнай плошчы. Вось і на гэты раз жыхароў і гасцей райцэнтра парадавалі, акрамя прыгажуні ёлкі, выключнай ілюмінацыяй і рознымі малымі архітэктурнымі формамі, некаторыя элементы якіх ствараюць належны настрой ужо не ўпершыню, а іншыя сталі часткай агульнай святочнай прасторы толькі напрыканцы 2021 года.

 

Безумоўным ноу-хау сталі святлодыёдныя аркі на пешаходным мосце, што злучае цэнтр горада з мікрараёнам Папоўка. Нават самаму нерамантычнаму чалавеку не ўдалося б прайсці праз іскрысты тунэль без захаплення і амаль дзіцячай радаснай усмешкі. Дарэчы, металічныя асновы для арак супрацоўнікі жылкамунгаса вырабілі ўласнымі рукамі. Мантаж зборных канструкцый, якія пасля свят будуць зняты да наступнага Новага года, праведзены за дзень. Сваімі сіламі абышоўся калектыў камунальнікаў і пры вырабе праменяў, якія зрабілі ёлку на плошчы Свабоды яшчэ больш эфектнай. А вось над святлодыёднымі шарамі, што прапісаліся ў скверы ля райвыканкама і ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу, працавалі работнікі райаграпрамтэхнікі. Даволі цікава выглядаюць і ззяючыя штучныя дрэўцы сакуры. Яны прыўнеслі ў зімовую атмасферу вясеннія ноткі, як знак таго, што Новы год дорыць кожнаму з нас радасць аднаўлення прыроды і прадчування вясны, якая хутка пераможа сцюжу.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ
Фота аўтара
і Сяргея БОБРЫКА