Па закліку душы і сэрца

Год малой Родины Общество Официально

5 студзеня ў Валожынскім раённым цэнтры культуры прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня работнікаў сацыяльнай абароны.

Павіншаваць з прафесійным святам людзей, якія дапамагаюць не толькі па прафесіі, а па закліку душы, прыйшлі кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй Яўгенам КРУКОВІЧАМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алег СЕМЯНЧУК, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, якія цесна працуюць з сацыяльнай сферай.

“Беларусь – сацыяльна арыентаваная дзяржава, яна гарантуе неабходную падтрымку кожнай сям’і, кожнаму чалавеку, – адзначыў Яўген Круковіч. – У сістэме сацыяльнай абароны Валожынскага раёна працуе каля 400 чалавек. Ваша актыўная жыццёвая пазіцыя, сіла духу, мудрасць і працавітасць дапамагаюць знаходзіць выхад у самых складаных жыццёвых сітуацыях. Вы абараняеце інтарэсы нашых грамадзян, надаючы шмат увагі тым, хто па розных абставінах не можа сам паклапаціцца пра сябе, людзям з інваліднасцю, дзецям, пажылым”.

Яўген Міхайлавіч падкрэсліў, што нялёгкая штодзённая праца патрабуе ад прадстаўнікоў гэтай прафесіі асаблівага цярпення, міласэрнасці, умення суперажываць. “Такія якасці вельмі каштоўныя падчас пандэміі каранавірусу, бо вельмі часта вы дапамагаеце бескарысліва. Упэўнены, што так будзе і надалей”, – сказаў кіраўнік раённай улады.

З нагоды прафесійнага свята Ганаровай граматай райвыканкама адзначаны сацыяльныя работнікі Ала Бітэль і Наталля Паплаўская, фельчар Ракаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната Кацярына Дудчанка і галоўны бухгалтар гэтай установы Ганна Яўсейчык, інжынер Івянецкага дома-інтэрната Тарэса Цынкевіч.

Цёплыя словыя прысутным адрасаў і дэпутат парламента Алег Семянчук. “Сацыяльная служба Валожынскага раёна ў многім служыць прыкладам другім рэгіёнам рэспублікі ў тым, якой яна павінна быць, – адзначыў народны абраннік. – Самае галоўнае – што тут працуюць прафесіяналы: людзі з добрым сэрцам і клапатлівымі рукамі. Гэта бачаць і пра гэта гавораць падапечныя. Вельмі складана з боку ацаніць працу сацыяльнага работніка. Толькі акунуўшыся ў паўсядзённае жыццё, дзе вы кожны дзень сутыкаецеся з чужымі праблемамі, бедамі, цяжкасцямі, горам і адзінотай і робіце ўсё магчымае і немагчымае, каб дапамагчы людзям выйсці з сітуацыі, можна зразумець яе важнасць. Вялікі дзякуй кожнаму, хто з гонарам усё гэта выконвае”.

За высокі прафесіяналізм Падзякай Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адзначаны медыцынская сястра Івянецкага дома-інтэрната Аксана Протас, інжынер па ахове працы Ракаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната Алена Мянцюк, спецыяліст па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ніна Радына, сацыяльны работнік Іосіф Пупко.

Удзячнасць за нялёгкую, але вельмі важную і патрэбную справу выказалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлана Ракавец, дырэктар ТЦСАН Галіна Рай, намеснік старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ганна Канановіч, старшыня раённай аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Загорская, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Ціганіна. Заслужаныя ўзнагароды з іх рук атрымалі 29 работнікаў сацыяльнай галіны раёна.

Ну а выдатны святочны настрой падарылі канцэртныя нумары ў выкананні самадзейных артыстаў раённага цэнтра культуры.