НЕ ТАПЧЫЦЕ РУЖУ СВАЙГО ЖЫЦЦЯ

Общество

У нашым рэдакцыйным фотаархіве ёсць сімвалічны фотаздымак. Умоўна яго можна назваць так – “Прага жыцця”. Калі апісаць словамі адлюстраванне на ім, то яно будзе выглядаць прыкладна так. Ля прысценку драўлянай хаты некалі рос ліянападобны куст ружы. Пасадзілі кветку пры самай сцяне. Некалькі кволых расткоў у пошуках цяпла шукалі надзейнай засцярогі ад сцюдзёнага ветру. Таму, відаць, і пратачыліся ў шчыліну, што была ў шалёўцы хаты. Зямля клапатліва жывіла карані сваімі сокамі. Ружа пачала інтэнсіўна расці, схаваўшыся ад людзей за дошкамі шалёўкі. Каб убачыць жаданае сонца, кветцы прыйшлося выцягнуцца сцяблінай у вышыню на метры тры, не менш. І расліна, нягледзячы на тое, што апынулася, як у пастцы, упарта змагалася за сваё жыццё некалькі месяцаў. І нарэшце летам прабілася вонкі, адшукаўшы маленькую адтуліну ў шалёўцы, і пераможна паказалася на свет божы аж пад самай страхой. Неўзабаве “запышнілася” зялёным лісцем, а праз нейкі час здзівіла яркім чырвоным суквеццем руж. Які моцны інстынкт самазахавання! Якая нечуваная прага жыцця!

Гэты “малюнак з натуры” не выпадкова прыпомніўся мне пасля чарговага пасяджэння райвыканкама. На ім абмяркоўвалі пытанне дарожнай бяспекі ў раёне. Высокай трагічнай нотай прагучаў тэкст у паказанай тады дакументальнай стужцы, прысвечанай гэтай тэме. Сумныя кадры дарожна-транспартнай хронікі змяняліся адзін за адным. Кульмінацыяй чужога болю сталі эпізоды пахавальных працэсій. Цяжка было ўспрымаць тую горкую рэальнасць. І прыходзілася пагадзіцца, магчыма, у нейкай ступені з гіпербалізаваным вывадам аўтара фільма, што “на дарогах ідзе сапраўдная неаб’яўленая вайна”. Удумайцеся толькі ў лічбы! Сёлета за 10 месяцаў у вобласці ў аварыях загінулі 285 чалавек, а гэта 30 працэнтаў ад статыстыкі па ўсёй рэспубліцы. А колькі людзей пакалечана?!

У раёне зарэгістравана 14 смяротных выпадкаў, у ліку ахвяр аварый двое дзяцей. У вобласці за суткі толькі па лініі ДАІ рэгіструецца больш за тысячу розных правапарушэнняў на дарогах.

…Жыцці многіх людзей нечакана заканчваюцца ў аўтааварыях, некаторыя становяцца калекамі. П’янства вадзіцеляў, перавышэнне хуткасці транспарту ў час руху, як вострым лязом, зразаюць кветкі жыцця. Гінуць дарослыя, і вельмі горка, калі трагедыі на дарогах забіраюць дзяцей. І найчасцей гэта здараецца таму, што дарослыя не дагледзелі, не перасцераглі лішні раз сваіх нашчадкаў.

Згадзіцеся, нават калі аварыя здараецца не па віне вадзіцеля і жыццё пешахода абрываецца, гэта для кіроўцы вялікая эмацыянальная і маральная траўма. Гэта глыбокі шрам у памяці на ўсё жыццё.

Найчасцей беды здараюцца ад звычайнага ліхацтва на дарогах, ад нежадання многіх абазначыць сябе флікерамі ў цёмны час сутак, а таксама ад элементарнай няўважлівасці і абыякавасці многіх пешаходаў. Некаторыя перабягаюць праезную частку там, дзе ўздумаецца. Куды спяшаемся, свядома становячыся на рызыкоўную дыстанцыю паміж жыццём і смерцю?! Думаем, што ўсё абыдзецца, што пашанцуе ў чарговы раз…

У нашым раёне за правапарушэнні дарожнага руху з пачатку года да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 8170 грамадзян. 213 вадзіцеляў у нецвярозым стане кіравалі транспартам, 3474 парушылі хуткасны рэжым. 898 пешаходаў праігнаравалі правілы руху.

Нядаўна горкі выпадак адбыўся на плошчы Свабоды райцэнтра: была цяжка траўміравана жанчына, якая праз некалькі дзён памерла ў бальніцы. Здаецца, тая трагедыя павінна была паслужыць павучальным урокам. Але людзі па-ранейшаму праяўляюць раўнадушша да свайго жыцця: толькі на мінулым тыдні за пераход плошчы ва неўстаноўленым месцы супрацоўнікамі ДАІ затрыманы 45 чалавек.

Пераадольваючы вуліцу некаторыя “асабліва занятыя” людзі часта размаўляюць па тэлефоне, а асобныя нават п’юць піва. Залішняя бравада да добрага не даводзіць.

Вадзіцелі справядліва абураюцца ў адрас такіх легкадумных удзельнікаў руху. Пешаходы ж у сваю чаргу нярэдка адпускаюць злыя папрокі ў адрас вадзіцеляў. І часта маюць для гэтага ўсе падставы. Асабліва нахабна паводзяць сябе на дарогах некаторыя маладыя вадзіцелі, якія раскатваюць на прэстыжных іншамарках, купленых хутчэй за ўсё на зберажэнні бацькоў.

Нярэдка «несучыся з ветрыкам» яны не зважаюць нават на чырвоны сігнал святлафору. Дарэчы, у нашым горадзе толькі ў адным месцы ўстаноўлены падобныя прыборы рэгулявання руху. Але нават і гэтая малая колькасць, аказваецца, назаляе асобным вадзіцелям. Разняволена яны адчуваюць сябе не толькі на перыферыйных вуліцах, але нярэдка і ў цэнтры Валожына. Нядаўна ў нядзелю раніцай у цэнтры горада мы намерыліся перайсці плошчу на пераходзе. Машын амаль не было. Толькі белая іншамарка імчала, як кажуць, на ўсіх парах з боку будынка пошты. Наблізіўшыся да абазначанай “зебры”, уладальнік аўто не збіраўся націскаць на тормаз. А мы ўжо былі на пераходзе…

Дачка рэзка тузанула мяне за руку, даўшы разумець, што на гэты раз на пераходзе трэба… прапусціць легкавушку. І іранічна дадала:

– Мама, у такой сітуацыі дзейнічай па правілу “Трох Д”.

– Якіх яшчэ “Трох Д?!”,– запярэчыла я, стараючыся запомніць нумар машыны, якая стралой праляцела міма нас.

Дачка лаканічна расшыфравала сутнасць таго няпісанага правіла:

– Дай дурню дарогу!

Гэты чарговы эпізод пераканаў: усё ж, што б там ні казалі, найчасцей вінаваты той, хто садзіцца за руль. Хаця і пасажыры далёка не бязгрэшныя…

Замест эпілога: за суткі толькі па дарогах нашага раёна перамяшчаецца каля 6 тысяч адзінак колавага транспарту. Шчаслівай дарогі кожнаму!

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий