НА СТОЛ ШЧОДРЫ І БАГАТЫ ПРЫЕХАЛІ Ў РАКАЎ СВАТЫ…

Официально

Як спрадвеку павялося, залатая цётка-восень – час багатых ураджаяў і вясельных караваяў. Сапраўды, каб стварыць сям’ю, нашы продкі чакалі пары, калі можна ўздыхнуць спакайней пасля напружанага працоўнага сезона і ўступіць у сумеснае жыццё, маючы за плячамі аснову для будучага хлеба і шчасця… Пра вясельную абраднасць нашага рэгіёна шмат цікавага могуць расказаць работнікі Ракаўскага Цэнтра фальклору. Нават тэму для традыцыйнага свята “З крыніц жыватворных”, якое ўжо каля 20 гадоў праводзіцца ў раёне, абралі падобную. Назвалі яе проста: “Сваты ў Ракаве”.

Дырэктар Цэнтра фальклору, прафесіянальны рэжысёр Хрысціна Лямбовіч, якая займалася падрыхтоўкай сцэнарыя, матэрыялу мела дастаткова: неаднаразова калектыў выязджаў у этнаграфічныя камандзіроўкі ў ваколіцы. У выніку была сабрана ўнікальная “база даных” па народных абрадах і традыцыях Валожынскага раёна. Гэтыя веды і былі выкарыстаны ў маштабнай пастаноўцы, якая спалучыла ў сабе творчыя сілы артыстаў раёна і багатую спадчыну нашых народных майстроў.

Сюжэт “Сватоў у Ракаве” быў пабудаваны ў духу лепшых традыцый нашых продкаў. Калі сыну спаўнялася 18 гадоў, бацькі пачыналі думаць, як яго ажаніць. На сямейнай радзе выбіралі дзяўчыну і паведамлялі (праўда, не заўсёды) пра сваё рашэнне сыну. Затым падбіралі свата – чалавека талковага, красамоўнага, звычайна, выхадца з салдат. «У сваты» адпраўляліся пад вечар… У доме ракаўскай “нявесты” іх чакалі з самай раніцы: мітусіліся, чысцілі пакоі, шаравалі лавы-сталы-паліцы, перастаўлялі кухоннае начынне, пераапраналіся – адным словам, рыхтаваліся да прыходу важных гасцей. І тыя не замарудзілі сябе чакаць…

Перад гледачамі разгарнулася сапраўдная тэатралізаваная дзея, якая адрадзіла, ажывіла даўнюю беларускую вясельную традыцыю. Сваты-купцы з Валожына прыехалі да ракаўскіх гаспадароў па самы лепшы ў свеце “набытак” для маладога хлопца-прыгажуна – добрую, разумную і працавітую жонку. Бацькі, прыйшоўшы пасля доўгіх гутарак да ладу, паклікалі будучую нявесту. Атрымаўшы згоду і ад яе, сталі спраўляць заручыны.

Арыгінальным рэжысёрскім рашэннем стала спалучэнне святкавання з аглядам выставы работ майстроў народнай творчасці – тым “пасагам”, які маладая атрымае ад бацькоў і сваякоў пры замужжы. А спадчына атрымалася сапраўды багатай.

Шэдэўры вязання, вышыўкі і ткацтва прадаставілі Вера Мацевіч, Яўгенія Лінкевіч, заслужаная настаўніца Беларусі Марыя Шумская, а таксама Яўгенія Харужык, Ала Куракевіч, Таццяна Парцянка, Галіна Ісмагулава. Прыгожай вышыўкі з палескімі матывамі не пашкадавала на выставу Ніна Гаргун, выдатныя ўзоры саломапляцення, ткацтва, поясапляцення прадставілі Людміла Кацура, Вітольд Малютка, Наталля Рэут, Любоў Шапуцька і заслужаны майстар Рэспублікі Беларусь Марыя Стасяловіч.

Якія ж заручыны без спеваў? Трапнымі чатырохрадкоўямі парадавала знакамітая прыпевачніца Валожыншчыны Валянціна Пракаповіч, колішнія перадвясельныя абрадавыя песні адрасавалі жаніху і нявесце Любоў Шапуцька ў дуэце з Аленай Мучынскай. Цяплом павеяла ад твораў народнай музычнай культуры ў выкананні “Івянецкіх музыкаў”, фальклорнага гурту з вёскі Маршалкі, фальклорнага калектыву Сівіцкага СДК, вакальнага ансамбля “Радзімічы” Ракаўскага Цэнтра культуры і вольнага часу, фальклорнага гурту Сакаўшчынскага СДК, заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага гурту “Гасцінец”, узорнага фальклорнага гурту “Вянок”…

Выдатна выступіў і самы маленькі ўдзельнік фальклорнага свята – трохгадовы Андрэйка Палуйчык.

У работнікаў культуры Валожыншчыны ёсць задума стварыць маштабны праект па адраджэнні народных традыцый і абрадаў. Пачатак быў пакладзены “Сватамі ў Ракаве”. Мабыць, і “Вяселле” ўжо не за гарамі…

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота Святланы БАБРОВІЧ.

 



Добавить комментарий