ШЛЯХ ДА ШЧЫРАГА КАХАННЯ

Культура

“Любоў Божая ўладкоўвае ўсё: каб выратаваць дрэннага мужа, Бог дае яму добрую жонку. І наадварот. Цяпер усё пераменліва і няма нічога надзейнага. Толькі цярпенне і пакорлівасць дапамагаюць усё перажыць”.

Старац Паісій Святагорац.

Размову вядзе Благачынны Валожынскай акругі, настаяцель Свята-Канстанціна-Аленінскай царквы ў Валожыне протаіерэй Дзмітрый АГІЕВІЧ.

Для некаторых жанчын патрабаванне праяўлення безумоўнай павагі да мужа можа паказацца неабгрунтаваным: у рэшце рэшт, хіба ён не павінен перш за ўсё заслужыць гэтага, а не чакаць яе без усякіх умоў? Але менавіта аказваючы мужу безумоўную павагу, жанчына становіцца на шлях атрымання безумоўнага кахання.

Мужчына, які добра ставіцца да жонкі, заўсёды будзе імкнуцца да ўзаемнасці, калі яна будзе паважаць яго такім, які ён ёсць. Некаторыя жанчыны сцвярджаюць, што ў іх мужоў няма якасцей, за якія іх можна было б паважаць. Аднак менавіта да колькасці годнасцей мужа адносяцца яго жаданне працаваць і дасягаць поспеху, яго гатоўнасць абараняць і забяспечваць сям’ю, яго імкненне быць моцным, кіраваць сям’ёй у самым станоўчым сэнсе гэтага слова. Галоўнае – убачыць добрыя намеры мужа і дапамагчы ім ажыццявіцца. Бо любячая жонка здольная ўбачыць у свайго мужа такія якасці, якіх не бачыць, мабыць, ніхто іншы. Калі ж муж і жонка не задаволены сваімі ўзаемаадносінамі, трэба паспрабаваць узгадаць, у які момант адчуванне блізкасці знікла. Магчыма, жонка прыгадае, што ёй стала балюча ад адчування, што муж ужо не любіць яе так моцна, як да замужжа. З тае пары адносіны ў сям’і парушыліся. У моманты, калі муж засмучае жонку ці жонка засмучае мужа, вельмі карысна ўзгадаць Святое Пісанне: “Дух бадзёры, цела ж нядужае” (Мф. 26.41) і “Няма чалавека (ні мужчыны, ні жанчыны) праведнага на зямлі, які рабіў бы дабро і не грашыў” (Еккл. 7.20) і пастарацца апраўдаць мужа, бо, у рэшце рэшт, ён хоча, каб яго сям’я была шчаслівая.

Псіхолагі сцвярджаюць, што мужчынам намнога лягчэй паважаць сваіх жонак, чым любіць, а жанчынам лягчэй любіць сваіх мужчын, чым паважаць. Таму мужчыны адчуваюць неабходнасць у праяўленні павагі да сябе, а жанчыны ў праяўленні любві з боку мужа.

Нармальны мужчына заўсёды стараецца забяспечыць дабрабыт сям’і і яго жаданне бачыць сябе ў сям’і крыху вышэй – зразумела; жонка ж не павінна ў гэтым выпадку адчуваць сябе ўшчэмленай: муж хоча, каб жонка прызнала яго лідэрства і аўтарытэт. Гэта неабходна яму не дзеля таго, каб прыгнятаць жонку ці ставіцца да яе з пагардай. Гэта неабходна таму, што Бог усклаў на мужа адказнасць (Еф. 5. 25-33), а значыць, яму неабходны аўтарытэт, каб справіцца з гэтай адказнасцю. Калі ж жонка стараецца стаць на месца мужа, у выніку чаго адбываюцца бясконцыя высвятленні адносін, то такі шлюб набліжаецца да распаду. Менавіта гэта з’яўляецца сур’ёзнай прычынай большай колькасці сучасных разводаў. Таму Біблія вучыць захоўваць устаноўленую Богам сямейную іерархію: калі муж і жонка хочуць, каб у іх сям’і справы ішлі паспяхова, жонка павінна разумна супастаўляць сваё становішча і прыступку ў сям’і.

Існуе выказванне: “Сварак не бывае без прычын”. Неабходна дабівацца спакою ў сям’і, а гэта найвялікшая праца. У некаторых сем’ях жонка не жадае прымаць у разлік магчымасць мужа вырашаць тыя ці іншыя жыццёвыя сітуацыі. Жонка ўсё трымае ў сваіх руках: выхоўвае дзяцей, робіць ім заўвагі, часам, і мужу дастаецца нямала. Вельмі хутка яна пачынае сябе лічыць правільнай, нават не ўсведамляючы таго, што заганарылася і ёй авалодаў дух асуджэння, і перш за ўсё, мужа. Неабходна сачыць за тым, каб не ўпасці ў спакусу самаправеднасці, каб не звыкнуцца з думкай, што прычынай усіх праблем заўсёды з’яўляецца муж. Жонка павінна прызнаць, што таксама робіць памылкі, што ў яе таксама ёсць праблемы і слабасці, і што яна не можа меркаваць і асуджаць, таму што сама не з’яўляецца дасканаласцю. Самаправеднасць здольная падмануць у большай ступені, чым любы іншы грэх. Калі жонка лічыць сябе лепшай за мужа, асабліва ў духоўнай сферы, ён аддаліцца ад яе ў духоўным плане, а магчыма, і ў іншых аспектах, будзе шукаць павагі і ласкі ў іншым месцы – там, дзе яго ўважліва слухаюць, хоць гэта ў нейкай ступені і лічыцца здрадніцтвам. Ні муж, ні жонка не павінны шукаць уцяшэння, як кажуць, на баку, а ў першую чаргу радзіцца з Богам і са сваім сумленнем, бо яно – самы лепшы сябар і сяброўка. Калі жонка няўважлівая да свайго мужа, то з цягам часу ён увогуле перастане ёй штосьці раіць: што можна сказаць чалавеку, які лічыць, што заўсёды мае рацыю? Што ён можа сказаць жонцы, якая пазірае на яго з пагардай? Што можна сказаць і мужу, які безадказна ставіцца да сямейнага жыцця і лічыць, што гэта правільна?

Вось такая духоўная хвароба авалодала нашым грамадствам, нашымі сем’ямі. Тут не вылечыць статус сям’і ці становішча асобы ў грамадстве. Неабходна зазірнуць глыбей, засяродзіць увагу на самім сабе, перш за ўсё, на сваіх памылках: убачыць іх, своечасова спыніцца і больш не здзяйсняць. А сілы ва ўсіх дастаткова для такой увагі і да сябе, і да іншых, што крочаць побач з намі па жыцці. Час ідзе, і кожнае імгненне ў жыцці – гэта наша адлюстраванне. Неабходна імкнуцца да царства Божага, дзе знаходзяцца ўсе праведнікі і не баяцца гэтых вечных святых слоў: “Царства Божае”. Кожная добрая справа, зробленая дзеля блізкага – гэта прыступка ўзыходжання да нябеснага.

 



Добавить комментарий