З вялікай цікавасцю чытаю ў раёнцы пісьмы ўдзельнікаў гэтага фальклорнага праекта. Не ўтрымалася і сама захацела паўдзельнічаць у ім. Спадзяюся, што гэтыя песні папоўняць рэпертуар калектываў мастацкай самадзейнасці, якія створаны ў раёне і шмат робяць для захавання беларускай песеннай спадчыны.
З павагай – Настасся СКАДОРВА, г. Валожын.
ЛЮБІЛІСЯ, КАХАЛІСЯ…
Любіліся, кахаліся,
Як галубкі ў стрэсе,
А цяпер мы разышліся.
Як ягадкі ў лесе.
— Як не хочаш, мой міленькі,
Маім дружком быці,
То дай жа мне таго зелля,
Каб магла забыці.
— Ёсць у мяне тое зелле
Каля пералазу:
Як наварыш і нап’ешся –
Забудзеш адразу.
— Буду варыць, буду піці
І каплі не ўпушчу.
Тады, міленькі, забуду,
Як вочанькі сплюшчу.
А ДЗЕ ТАЯ КРЫНІЧАНЬКА…
А дзе тая крынічанька,
Голуб што купаўся?
А дзе тая дзяўчынанька,
З каторай кахаўся?
А ўжо тая крынічанька
Даўно замучона,
А ўжо тая дзяўчынанька
З другім заручона.
Ой, я тую крынічаньку
Тыччам ператычу,
Ды я сваю міленькую
К сабе пераклічу.
Ой, я тую крынічаньку
Чаўном пераплаўлю,
Ды я сваю міленькую
К сабе перабаўлю.
Вой, стаяла калінанька
На заходзе сонца,
А плакала дзяўчынанька,
Гледзячы ў ваконца.
Зажурылі, засушылі
Мяне, маладзеньку,
Яшчэ з войскам у свет далёкі
З’ехаў і міленькі.
Не плач, не плач, дзяўчынанька,
Я к табе вярнуся.
Усёй душою, шчырым сэрцам
К табе прыхілюся.
Зажывём мы, запануем,
Як галубкоў двое,
І раздзелім з табой шчасце,
Долю і нядолю.