“Драўлянае” пытанне закрыта ў мінулым годзе”.

Общество

Так пракаментаваў сітуацыю з забеспячэннем палівам насельніцтва дырэктар Валожынскага філіяла ДП “Мінаблпаліва” Міхаіл РАДЫНА.

Напачатку леташняга ацяпляльнага сезона ў райтопе назіраўся сапраўдны ажыятаж. Чарга з жадаючых атрымаць дровы назбіралася пад 500 чалавек. “Такога натоўпу не было гадоў з дваццаць”, – сцвярджалі ў калектыве і пачалі думаць, як жа задаволіць неймаверны попыт.

Як расказаў кіраўнік арганізацыі, адразу было цяжка. “Людзі абураліся, скардзіліся: зразумела – маразы не за гарамі, – патлумачыў Міхаіл Ігнацьевіч. – Да таго ж назіраўся недахоп з пастаўкай дроў. Каб зняць напружанне, працавалі з 6 раніцы да 8 вечара без выхадных. Дадаткова ўзялі на работу тры чалавекі па дамоўленасці, якія калолі дровы ў дзве змены. У выніку ўсе заяўкі закрылі да 29 снежня мінулага года. І нават дапамагалі Мядзелю – вазілі ад нас туды дровы”.

На сёння філіял працуе ў звыклым рэжыме. Работнікі, як і дагэтуль, тэлефануюць спажыўцам і прапаноўваюць запасціся палівам. Людзі заспакоіліся, і тых, хто думае па-гаспадарску наперад, – адзінкі. Тым не менш, хацелася б у чарговы раз нагадаць: “Рыхтуй сані летам…”

Наш кар.