Общество

Пачатак зімы парадаваў пушыстым белым снегам і маразамі. Усё гэта стварыла цудоўны перадсвяточны настрой, прадчуванне нечага добрага, дзіўнага, неверагоднага. Дарослыя і асабліва дзеці любяць навагоднія святы і Каляды, якія заўсёды багаты вясёлымі гульнямі, вандроўкамі, падарункамі. А каб яны сапраўды былі цудоўнымі і памятнымі, вучні Яршэвіцкага навучальна-педагагічнага комплексу сумесна са сваімі настаўнікамі вельмі пастараліся. Будынак школы аздобілі навагоднім убраннем. Непаўторныя выцінанкі, рознакаляровыя агеньчыкі і дыска-шары, што свецяцца, прыцягваюць увагу кожнага, хто праходзіць каля школы. Будынак выглядае казачным замкам пад промнямі лазернага праектара.

 Фае першага паверха размясцілася фотазона: ля ёлкі-прыгажуні на лавачцы можна адпачыць падчас перапынку, пачытаць казку малодшым школьнікам. Над лесвіцай – арка з шароў, зорак. У фае на другім паверсе можна ўбачыць камін, які нагадвае аб дамашнім цяпле, абуджае фантазію. Тут жа выстаўлены дзіцячыя навагоднія вырабы.

Уся гэта прыгажосць стваралася для нашых дзяцей. 14 снежня стартавала рэспубліканская навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, убаку ад яе не засталіся ні дарослыя, ні вучні. Члены грамадскіх арганізацый “БРСМ” і “БРПА” сабралі падарункі для дзяцей-сірот і дзяцей-інвалідаў на суму 111 рублёў. У дабрачынны фонд “КіндэрВіта” для дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі (акцыя “Мішкапад”) педагогі ўстановы адукацыі пералічылі 253 рублі. Нам вельмі хацелася апраўдаць назву дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды” і падарыць дзецям радасць, надзею і веру ў сваё будучае.

Шчырыя віншаванні і выдатныя падарункі атрымалі вучні школы на свяце “Навагодні лабірынт”. Цудоўны настрой рабятам стварылі музыка і песні, вясёлы карагод вакол ёлкі.

Прыемным і значным для школы стаў падарункавы сертыфікат на набыццё мэблі ў школьную сталовую, што ад імя Валожынскага райвыканкама ўручыў галоўны ўрач цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Павел Мікалаевіч Сарока, які пажадаў усім прысутным здароўя, правільнага харчавання ў абноўленай школьнай сталоўцы і добрай вучобы.

Завяршылася свята ўручэннем салодкіх падарункаў ад Дзеда Мароза. Іх дапамагло сабраць кіраўніцтва КСУП “Пяршаі-2014”, што ўзначальвае Віктар Іванавіч Шалаш. Кіраўніцтва, педагагічны калектыў і вучні Яршэвіцкага навучальна-педагагічнага комплексу ўдзячны сельгаспрадпрыемству і за дапамогу ў вырашэнні гаспадарчых пытанняў, арганізацыі адпачынку і аздараўлення падчас канікул.

Таксама хочацца выказаць словы падзякі ўсім, хто дапамагае запаліць у дзіцячых сэрцах агеньчык цяпла, радасці, і пажадаць, каб ён ніколі не згасаў у людскіх сэрцах.

 

Хрысціна ЗАГОРСКАЯ,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры