ТАКАЯ ГАСЦІНІЦА ЎПРЫГОЖЫЦЬ ЛЮБЫ ГОРАД!

Официально

У Валожыне ўжо стала добрай традыцыяй часта спраўляць наваселлі. Значнай вяхой у паляпшэнні медыцынскага абслугоўвання было нядаўняе адкрыццё новага лячэбнага корпуса райбальніцы. А сёлета зноў урачыстая здача чарговага аб’екта!

На гэты раз ён прапісаўся ў цэнтры горада. За максімальна кароткі час, усяго дзевяць месяцаў, узведзена трохпавярховая гасцініца. Важна заўважыць, што ініцыятарам яе будаўніцтва стаў старшыня аблвыканкама Барыс Васільевіч Батура, які праяўляе шчырую заклапочанасць да развіцця рэгіёнаў Міншчыны, надання ім сучаснага аблічча, стварэння максімуму камфорту для людзей, якія тут жывуць, а таксама для турысцкай прывабнасці малых гарадоў. Таму не выпадкова, што 9 снежня ва ўрачыстым адкрыцці новай гасцініцы кіраўнік вобласці таксама прыняў непасрэдны ўдзел.

У сваім выступленні перад жыхарамі Валожына Б. В. Батура, у прыватнасці, зазначыў:

– Гасцініца гораду патрэбна. Думаю, тут з задавальненнем будуць спыняцца дзелавыя людзі, гандлёвыя партнёры, якія прыедуць у ваш раён для наладжвання супрацоўніцтва, выгадных стасункаў у развіцці бізнэсу, для заключэння ўзаемавыгадных дагавораў, і застануцца задаволеныя створанымі тут умовамі. Спадзяюся, што гасцініца паспяхова пройдзе адпаведную сертыфікацыю і пацвердзіць статус трохзоркавай.

Радуе, што за апошнія два гады на Валожыншчыне рэканструяваны і пабудаваны многія аб’екты. І ў далейшым такое абнаўленне будзе прадаўжацца. Па магчымасці пастараемся аказваць грашовую падтрымку, але і самім валожынцам неабходна больш клапаціцца пра фінансавую стабільнасць, патрэбную для развіцця рэгіёна.

Са значнай падзеяй у жыцці горада шчыра павіншавалі валожынцаў старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч, іншыя афіцыйныя асобы.

…Новая гасцініца ўражвае прывабным вонкавым выглядам. А яе ўнутранае ўбранства і створаны тут камфорт яшчэ больш умацоўваюць статус і прэстыж гэтай сацыяльна-бытавой установы. Разлічана яна на 50 месцаў, два пакоі для пражывання пастаяльцаў маюць клас “Люкс”. Ва ўсіх нумарах – максімум камфорту, забяспечана даступнасць пастаяльцаў да аптымальнага набору патрэбных паслуг і выгод.

Гэта ўстанова стане папулярнай і сярод гараджан, якія пажадаюць тут добра адпачыць: іх гасцінна запрашаюць рэстаран, кафэ-бар. Аматараў з карысцю правесці вольны час чакаюць трэнажорны і більярдны залы. Шырокі спектр паслуг, безумоўна, заахвоціць і шматлікіх турыстаў больш актыўна наведваць наш горад, які славіцца багатай гістарычнай спадчынай.

Унутры новабудоўля ўжо з парога заварожвае прыгажосцю, удалым дызайнерскім афармленнем інтэр’еру. Вонкава яна таксама ўладарна прыцягвае ўвагу сваёй рэспектабельнасцю, нездарма, відаць, ёй далі гучную і фарсістую назву – “Карона”.

На будаўніцтва гасцініцы затрачана больш за 16 мільярдаў беларускіх рублёў, фінансаванне ажыццяўлялася за кошт крэдытных рэсурсаў ААТ  “АСБ Беларусбанк”. Генеральным падрадчыкам будаўніцтва стала ААТ “ПМК-188”. Вялікая праца шматлікіх калектываў, пастаяннае куратарства з боку мясцовай улады ходу будаўніцтва гэтага аб’екта далі свае плённыя плады. Здача ў эксплуатацыю гасцініцы дазволіла адкрыць тут 18 новых рабочых месцаў, а гэта важна для фарміравання стабільнага рынку занятасці насельніцтва.

Назва “Карона” поўнасцю адпавядае сутнасці аб’екта-навасёла, які стаў сапраўднай жамчужынай нашага старажытнага горада. Кантраст “Кароны” са старым пасляваенным будынкам гасцініцы па вуліцы Камсамольскай бясспрэчны і пераканаўчы. І можна толькі парадавацца, як імкліва крочыць наперад будаўнічая індустрыя, як удала паспявае яна за сучаснай модай і архітэктурнымі тэндэнцыямі.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота Сяргея БОБРЫКА.

 



Добавить комментарий