Жыццё раёна

Общество

На рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых работ па рускай мове і літаратуры Міншчыну прадстаўляла дэлегацыя з васьмі школьнікаў. Ад нашага раёна ў яе ўвайшлі гімназістка-дзевяцікласніца Кацярына Яблонская, якая прэзентавала работу “Рыфма, скіраваная да Бога: асаблівасці ўспрыняцця малітвы “Ойча наш…” у лірыцы 19 стагоддзя”, і кіраўнік Т. І. Саевіч.

У рамках IХ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур Валожынскі філіял КУП “Мінаблкінавідэапракат” правёў дабрачынныя кінасеансы. Беларускую дакументальную кінастужку “Сузор’е” паглядзелі івянчане ў Доме Польскім, а таксама наведвальнікі кінатэатра “Юнацтва” перад паказам мастацкіх фільмаў.

Нядаўна ў ДЮСШ інструктары-метадысты ФАЦ “Надзея” і трэнеры школы правялі спартакіяду для дзяцей-інвалідаў аддзялення з дзённым знаходжаннем. 15 выхаванцаў аддзялення развучылі гімнастычныя практыкаванні, паспаборнічалі ў шматлікіх спартыўных конкурсах. Напрыканцы арганізатары парадавалі ўдзельнікаў спартакіяды салодкімі пачастункамі.

Валожынскі філіял ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” актыўна працуе над расшырэннем рынкаў збыту. Тут праводзіцца маніторынг рынку, вядуцца перагаворы з замежнымі вытворцамі і партнёрамі. Нядаўна ў якасці патэнцыяльных заказчыкаў на прадпрыемстве пабывалі прадстаўнікі арганізацый па закупцы і вытворчасці малочнай прадукцыі з Расіі, Ізраіля і Літвы.

У савецкія часы была традыцыя адзначаць Новы год пры выкананні гадавога плана. Калі кіравацца гэтым прынцыпам, то работнікі раённага цэнтра культуры сустрэлі 2012 год ужо ў пачатку снежня. Пры плане выручыць 127 мільёнаў рублёў ад аказання платных паслуг, работнікі культуры атрымалі амаль 140 мільёнаў, перавыканаўшы заданне на 109 працэнтаў.

На два месяцы накладзены каранцін на вёску Петрусоўшчына Пральніцкага сельсавета. У гэтым населеным пункце зафіксаваны выпадак шаленства лісы. Праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па папярэджванню распаўсюджвання небяспечнай хваробы.

 



Добавить комментарий