ПРАФСАЮЗ СЕЛЬГАСВЫТВОРЦАЎ САМЫ ШМАТЛІКІ Ў РАЁНЕ

Общество

ЁН НАЛІЧВАЕ АМАЛЬ 4 ТЫСЯЧЫ 600 ЧЛЕНАЎ, АБ’ЯДНАНЫХ Ў 28 ПЯРВІЧНЫХ АРГАНІЗАЦЫЙ І 1 ВУЧНЁЎСКУЮ

На мінулым тыдні прайшоў 3-ці пленум райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. На яго былі запрошаны старшыні прафсаюзных камітэтаў і казначэі. У рабоце пленума прыняў удзел намеснік старшыні Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК П. М. Окунеў.Прафсаюз сельгасвытворцаў самы шматлікі ў раёне – налічвае амаль 4 тысячы 600 членаў, аб’яднаных ў 28 пярвічных арганізацый і 1 вучнёўскую. Таму галоўным на парадку дня пленума стала выкананне патрабаванняў статута галіновага прафсаюза ў раённай арганізацыі і задачы па далейшаму ўдасканаленню дзейнасці пярвічных прафсаюзных арганізацый. З дакладам па акрэсленай тэме выступіў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В. С. Гідлеўскі.

Кожная работа, калі да яе адносіцца з адказнасцю, патрабуе вялікай аддачы, глыбокіх ведаў і жыццёвай мудрасці, а працуюць прафсаюзныя лідары ў большасці арганізацый на грамадскіх пачатках, сумяшчаючы ўскладзеныя абавязкі з асноўнай дзейнасцю. А каб, як кажуць, крочыць у нагу з часам, райкам прафсаюза праводзіць сістэматычнае навучанне сваіх кадраў. На семінарах асноўная ўвага надаецца ўдасканаленню арганізацыйна-метадычнай работы, узмацненню грамадскага кантролю прафсаюзаў за захаваннем заканадаўства аб працы, паляпшэнню работы па ахове працы, жыллёваму заканадаўству, сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў раёне і дзеянням прафсаюзаў у сучасных умовах.

Галоўным накірункам у рабоце прафсаюзных камітэтаў з’яўляецца выкананне калектыўнага дагавору, які гарантуе людзям занятасць, ахову і аплату працы. Палажэнні і гарантыі, якія ўключаны ў калектыўны дагавор, валодаюць юрыдычнай сілай і з’яўляюцца абавязковымі для выканання. Так, у рамках сацыяльнага партнёрства з пачатку года ў арганізацыях і на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу дзейнічалі 27 калектыўных дагавораў, па выніках дзевяці месяцаў былі заключаны і зарэгістраваны яшчэ 5. Згодна з імі льготы і выплаты атрымліваюць 4,5 тысячы членаў прафсаюза, у тым ліку больш за 300 навучэнцаў. Таксама калектыўныя дагаворы сельгаспрадпрыемстваў прадугледжваюць арганізацыю гарачага харчавання работнікаў у перыяд напружаных палявых работ з аплатай ад 20 да 30 працэнтаў кошту абеду самімі работнікамі, астатнія расходы бярэ на сябе наймальнік. У частку сацыяльнага пакета, аб якім змаглі дамовіцца прафсаюз і адміністрацыя, уваходзяць ільготы членам прафсаюза, пенсіянерам, ветэранам па апрацоўцы прысядзібных участкаў, прадастаўленні транспарту для дастаўкі сена, паліва, продаж членам СВК зерня, кармоў для жывёлы.

Каб павысіць прэстыж прафесіі працаўнікоў вёскі, а разам з тым і павялічыць вытворчасць сельгаспрадукцыі, райкамам прафсаюза сумесна з райвыканкамам, упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання штогод прымаюцца ўмовы спаборніцтваў па перыядах і асноўных відах сельгасработ.

Сёлета былі праведзены спартакіяда работнікаў АПК, конкурсы прафесійнага майстэрства сярод маладых работнікаў. Гэтыя мерапрыемствы дазволілі людзям паказаць сябе ў працы, пазнаёміцца паміж сабой і абмяняцца вопытам, а таксама адпачыць ад працоўных будняў.

На пастаянным кантролі райкама знаходзіцца і пытанне захавання працоўнага заканадаўства. Праведзеныя праверкі паказваюць, што ў асобных арганізацыях не ажыццяўляюцца даплаты за звышурочную работу; дапускаюцца парушэнні пры заключэнні кантрактаў з работнікамі; не заўсёды своечасова і ў поўным аб’ёме выплачваецца заработная плата і інш. Так, райкамам прафсаюза было вернута работнікам 25 мільёнаў рублёў неданалічаных і нявыплачаных грошай, напрыклад, некаторыя не атрымлівалі даплату ў сувязі са шкоднымі ўмовамі працы. І гэта адзін з яскравых прыкладаў работы прафсаюзаў у абарону людзей.

Асаблівую заклапочанасць і трывогу выклікаюць пытанні арганізацыі ўмоў, аховы і бяспекі працы. У адпаведнасці з Парадкам ажыццяўлення прафсаюзамі грамадскага кантролю за захаваннем заканадаўства аб працы ў раёне выбраны 94 грамадскія інспектары, утвораны 25 грамадскіх камісій па ахове працы. Аднак, у большасці гаспадарак няма добра абсталяваных спецыяльных кабінетаў.

У сувязі з цяжкім фінансавым становішчам сельгаспрадпрыемстваў механізмы, электраабсталяванне зношваюцца, а новага закупляецца мала. Гэта ў першую чаргу тычыцца жывёлагадоўчых ферм, механізаваных майстэрняў. Яшчэ адно балючае пытанне – абсталяванне душавых: сёння не паўсюдна механізатар на пасяўной, камбайнер на ўборцы, адпрацаваўшы ў полі 12-14 гадзін, маюць магчымасць прыняць душ і памыцца. Крыўдна ўдвая, што ўсё гэта было і працавала, а не змаглі захаваць і палепшыць.

Асновай прафсаюза з’яўляецца пяр-вічная прафсаюзная арганізацыя. І ад таго, наколькі эфектыўна працуе пярвічка, прафсаюзны камітэт, мяркуюць у цэлым аб прафсаюзе. Таму галоўнае ў паўсядзённай рабоце прафсаюзнага лідара – пастаянныя зносіны з людзьмі.

На пленуме вопытам работы ў сваіх прафсаюзных арганізацыях падзяліліся старшыні пярвічак Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя Т. М. Шумская, ААТ “Агра-Вішнеўскі” Ф. І. Юша, ААТ “Манькаўшчына” – З. С. Пілецкая, ААТ “Валожынскі льнокамбінат” М. М. Сенцюрова.

Падводзячы вынікі работы пленума, старшыня абласнога камітэта работнікаў АПК П. М. Окунеў асаблівую ўвагу звярнуў на захаванне ўмоў працы. У вобласці ў аграрным сектары працуюць каля 3-х тысяч грамадскіх інспектараў па ахове працы, аднак рэальнай работы ад іх пакуль не бачна. Так, за 9 месяцаў бягучага года на прадпрыемствах АПК вобласці адбылося 5 няшчасных выпадкаў са смяротным зыходам, а за адзін толькі кастрычнік – 6. Асноўнай прычынай гібелі людзей на вытворчасці стала знаходжанне на рабочым месцы ў нецвярозым стане. І аналіз паказаў, каб чалавека ў гэты дзень адхілілі ад работы, падобнага б не адбылося.

Таксама Пётр Максімавіч адзначыў, што быць членам прафсаюза ў сучасных умовах толькі для атрымання навагодняга падарунка неактуальна: неабходна матывацыя. Людзі павінны бачыць ад прафкамаў рэальную работу.

Алена ЗАЛЕСКАЯ.

 



Добавить комментарий