АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА СНЕЖАНЬ 1966 ГОДА

Культура

ЗВЫШ ПЛАНА

У калгасе імя М. Горкага працуюць 3 льнотрапальныя агрэгаты. Ільнаводы спяшаюцца закончыць апрацоўку трасты, здаць ільновалакно дзяржаве.

Сумленна адносяцца да справы машыністы А. Лужынскі, Э. Касабуцкі, І. Чэрня. Яны забяспечваюць бесперабойную работу агрэгатаў. Кожны з іх дае па 4-4,5 ц доўгага льновалакна. За апошнюю дэкаду льнаводы накіравалі на прыёмны пункт больш за 11 т валакна, якое прынята высокімі нумарамі. А ўсяго ўжо здадзена звыш плана 146 ц валакна і 47 ц ільнасемя. План продажу валакна выкананы на 128 і льнасемя – на 127,6%.

 

З РАМОНТУ ЯК НОВЫЯ

“Сталёвыя коні” вытрымалі вялікую бітву за ўраджай. Зараз на дапамогу ім прыйшлі рамонтнікі. Майстэрня калгаса “Запаветы Ільіча” з раніцы да вечара поўніцца мілагучным перазвонам.

Рамонт тэхнікі на зыходзе. З 20 наяўных трактароў ужо гатовы да наступнага “бою” 18. Два з іх прайшлі капітальны рамонт. У рад выстраіліся 4 зернеўборачныя і 2 сіласныя камбайны, бацвіннеўборачная машына. Зіхацяць халодным бляскам 13 адрамантаваных плугоў, а побач размясціліся 10 сеялак. Да 1 студзеня ўвесь інвентар будзе поўнасцю адрамантаваны. Пастараўся экіпаж Б. Ф. Матусевіча і І. І. Мядоўскага. Яны датэрмінова выканалі гадавое заданне па мяккаму ворыву, адрамантавалі ўсю замацаваную за імі тэхніку.

 

БАЦЬКОЎСКІ ЎНІВЕРСІТЭТ

Трэці год пры Вішнеўскай сярэдняй школе працуе бацькоўскі ўніверсітэт.

Раз у месяц на заняткі прыходзяць да 70 чалавек – тыя, каго цікавяць праблемы выхавання дзяцей. Кіруе работай універсітэта настаўніца Т. К. Балалаева. Для бацькоў чытаюцца лекцыі па выхаванню, медыцыне. Пасля дэманструюцца тэматычныя кінафільмы. Нярэдка выступае і школьны калектыў мастацкай самадзейнасці.

ВІНШУЕМ!

З Масквы на Валожыншчыну прыйшла прыемная вестка.

Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прысвоіў ганаровае званне “Маці-гераіня” хатняй гаспадыні з вёскі Ракаў Стэфанідзе Рыгораўне Лях. Яна нарадзіла і выхавала 10 дзяцей.

 

САЎГАСНЫЯ НОВАБУДОЎЛІ

Увесь час прыгажэюць вёскі Ракаўскага сельсавета. Памаладзелі яны і за гэты год. Уздоўж вуліц выстраіліся новыя дамы, з’явілася мноства пладовых і дэкаратыўных дрэў.

Больш за 20 сем’яў рабочых саўгаса “Ракаўскі” справілі свае наваселлі, 10 гаспадарак пераехалі з хутароў у добраўпарадкаваныя вёскі. У хуткім часе наваселлі справяць і яшчэ некалькі сем’яў. У цэнтры саўгаса для іх будуецца мураваны жылы дом на 8 кватэр. Вялікае тут і “культурна-бытавое” будаўніцтва. У вёсцы Юржышкі ўзводзяцца магазін і медпункт. Хутка адкрыецца новы сельмаг у Выганічах.

З УЗНАГАРОДАЙ!

За вялікія заслугі ў галіне аховы здароўя, развіццё медыцынскай навукі і медыцынскай прамысловасці Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР Указам ад 2 снежня 1966 года ўзнагародзіў ордэнамі і медалямі вялікую групу работнікаў аховы здароўя.

Сярод тых, хто ўдастоены такой вялікай пашаны, ёсць і медыцынскія работнікі Валожыншчыны. Гэта загадчыца гінекалагічнага аддзялення раённай бальніцы Г. П. Кіпель. Яе заслугі ў галіне медыцыны ацэнены высокай урадавай узнагародай – ордэнам “Знак Пашаны”.

 

ЗЯМЛІ АБНАЎЛЕННЕ

Многа год ніхто не кратаў больш за 100 га забалочанай глебы ў калгасе імя К. Маркса. Сёлета з вясны пачалі яе асушэнне. Дзяржава выдзеліла для гэтага 16 тысяч рублёў.

Ва ўрочышча “Роцькі” прыбылі экскаватаршчыкі, трактарысты раённага аб’яднання “Белсельгастэхніка”. Гектар за гектарам адваёўвалі меліяратары. Ужо сёлета калгас на 10 га высяваў шматгадовыя травы. Восенню ж тут пасеялі азімыя культуры. Заканчваюцца работы па асушэнню балот. Вялікая заслуга ў гэтым машыніста экскаватара Зянько, яго зменнага Рая і інш. Вяртаецца да жыцця зямля.

 

ПА ПАЎТАРА-ДВА ПЛАНЫ

Цяпер у раёне працуюць 83 бытавыя кропкі. У гэтым годзе аказана паслуг насельніцтву на суму 295,5 тысячы рублёў, што складае на душу насельніцтва 3 рублі 70 капеек.

Па паўтара-два гадавыя планы выканалі майстэрні, якія працуюць у вёсках Казарэзы, Гародзькі, Ракаў, Залессе.

ПОСПЕХІ ЖЫВЁЛАВОДАЎ

Свінарка А. М. Аніська з саўгаса “Радзіма” атрымала сёлета ад кожнай асноўнай свінаматкі па 18 парасят, на 6 больш, чым прадугледжвалася гадавым заданнем. За год у групу дарошчвання яна перадала 360 парасят пры сярэдняй пад’ёмнай вазе кожнага 13 кг.

Радасны настрой напярэдадні навагодняга свята і ў даяркі А. І. Сап’янік з саўгаса “Падбярэззе”. На 28 снежня яна надаіла ад кожнай замацаванай каровы амаль па 2450 кг малака. Гэта самы высокі паказчык у саўгасе.

КОЛЬКІ ЧАКАЦЬ?

У рэдакцыю піша калгаснік М. Канановіч.

“У наш калгас імя Чапаева кожны чацвер прыходзіць машына Валожынскага камбіната бытавога абслугоўвання. Тут аказваюць розныя віды бытавых паслуг, у тым ліку, прымаюць адзенне на перафарбоўку. 16 кастрычніка здаў і я свой касцюм. Згодна квітанцыі, якую мне выдалі, я павінен быў яго атрымаць праз 25 дзён. Аднак прайшло ўжо больш за 2 месяцы, а касцюма з перафарбоўкі я так і не атрымаў”.

 

“ФАБРЫКА” ДЗЕЙНІЧАЕ

Новы комплекс збудаванняў у сельгасарцелі “17 верасня” называюць “фабрыкай мяса”. Тут будуць адкормлівацца звыш 2000 галоў свіней. Але гэта не толькі фабрыка мяса, але і ўгнаенняў.

На ферме механізаваны працэс уборкі памяшкання ад гною. Па транспарцёрах ён паступае ў спецыяльныя цялежкі, якія з дапамогай тросаў вывозяцца ў гнаясховішча. Калі жыжу змяшаць з тарфакрошкай, то атрымліваецца добры матэрыял для кампаставання. Кіруе работай вопытны калгаснік А. Бобрык. Ён ужо заклаў дзесяткі тон кампосту. Работа ідзе бесперабойна.

ШКОЛЬНАЯ СТАЛОВАЯ

У Ракаўскай сярэдняй школе адкрылася сталовая. Зала яе разлічана на адначасовае абслугоўванне 80 чалавек.

Стала магчымым забяспечыць вучняў гарачым харчаваннем. Яны могуць за адносна невялікую цану (25-28 капеек) атрымаць абед з трох блюд. Пры сталовай працуе буфет, дзе можна купіць малочныя, мясныя і іншыя вырабы. Забяспечваюцца харчаваннем школьнікі, што знаходзяцца ў групе падоўжанага дня, і тыя, хто жыве ў інтэрнаце (а такіх больш за 60 чалавек). Калі падлічыць, то аказваецца, што гарачае харчаванне наладжана ў школе для 300 чалавек.

 

ІДЗЕ АЧЫСТКА

Клапоцяцца аб будучым ураджаі ў калгасе імя Гастэлы. Вялікая ўвага надаецца яго аснове – насенню.

Хлебаробы поўнасцю падрыхтавалі і давялі да пасяўных кандыцый 207 ц насення ячменю і 288 ц аўса. Поўным ходам ідзе ачыстка льнасемя.

 

ЗА СРОДКІ КАЛГАСА

Калектыў фізкультуры калгаса імя Чапаева налічвае 68 чалавек. Але спартыўную работу мала хто бачыў. “Няма ў нас інвентару”, – да гэтага зводзілася размова сельскай моладзі.

І вось насустрач пажаданням юнакоў і дзяўчат пайшло праўленне арцелі. За сродкі гаспадаркі набыты спартыўны інвентар. Для гэтага было выдзелена 300 рублёў. Ідзе зімовы спартыўны сезон. Хутка сельскія спартсмены стануць на лыжы, пракладуць па першаму снегу свой след. Цікавыя спартыўныя спаборніцтвы чакаюцца ў калгасе.

“НОВЫ МЕТАД” ГАНДЛЮ

У райгазету звярнуліся галоўны эканаміст саўгаса “Багданаўскі” В. Жук і галоўны заатэхнік І. Карповіч.

“Вы здзівіцеся, калі вам у магазіне пры пакупцы пачка запалак прапануюць у “нагрузку”, скажам, замок ці гумавыя боты? Дык добра, калі боты – рэч патрэбная. А калі ў дадатак да пакупкі вам уручаць (зразумела, за грошы)… паявыя маркі? Гэты “новы метад” з поспехам укараняе ў практыку загадчык магазіна на станцыі Багданаў Масцібродскі. “Дабратворнасць” такога метаду нядаўна паспыталі і мы. Наогул, паявыя ўзносы прадавец бярэ амаль пры кожнай пакупцы. Цікава, як адносяцца да гэтага ў райспажыўсаюзе? Можа, нарэшце, дзейнасць “наватара” заўважаць у Валожыне?..”

 

ПРАВОДЗІЦЦА ПЕРАПІС

У сельскай мясцовасці па стану на 1 студзеня 1967 года заводзяцца новыя пагаспадарчыя кнігі ўліку. Адначасова праводзіцца ўлік і перапіс жывёлы, якая знаходзіцца ў асабістым карыстанні.

Даныя перапісу маюць вялікае народнагаспадарчае значэнне. Яны з’яўляюцца зыходнымі для складання планаў развіцця народнай гаспадаркі. Грамадзяне, а таксама адказныя за перапіс ва ўстановах павінны даваць вычарпальныя даныя аб наяўнасці і ўзроставых групах жывёлы. Кіраўнікі калгасаў і саўгасаў павінны своечасова арганізаваць правядзенне інвентарызацыі, зверыць даныя яе з данымі бухгалтарскага ўліку наяўнасці жывёлы.

ЗВОНКАЯ ПЕСНЯ

Паволі апускаецца вячэрні змрок над вёскай Адамова. Кружацца ў вальсе сняжынкі. Ружовы месяц выплыў вартаваць чароўную цішыню. І толькі ў калгасным клубе не змаўкае гармонік. Малады голас задушэўна разліваецца навокал.

Гэта Дзіна Стасяловіч пад акампанемент Марыі Трапашкі развучвае песню “Расія”. Дзяўчына стараецца, укладвае ў выкананне сваё пачуццё. У гэтым годзе яна скончыла Вішнеўскую сярэднюю школу. Марыла стаць настаўніцай. На жаль, паступіць у Гродзенскі дзяржаўны інстытут сёлета не змагла і таму пайшла працаваць у родны калгас. Цяпер апрацоўвае лён. Вечарамі ж разам са сваімі сяброўкамі спяшаецца ў клуб. І чароўным разлівам плывуць тады над вёскай песні.

Старонкі газеты гартала

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий