ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ — 102

Закон и порядок

МІЛЬЁН У КОШЫКУ

Многія пажылыя людзі грашовыя “заначкі” хаваюць дома. Супрацоўнікі міліцыі не раз папярэджвалі аб ненадзейнасці такога спосабу. Мала таго, што зладзеі добра арыентуюцца ў тых “тайніках”, дык яшчэ і самі гаспадары часам забываюцца, куды паклалі грошы. На мінулым тыдні ў дзяжурную часць паступіў сігнал аб прапажы з дома вяскоўца аднаго мільёна рублёў. Пры выездзе на месца здарэння ніякіх слядоў пранікнення ці крадзяжу выяўлена не было. А ў хуткім часе адшукаліся і грошы, якія сам пацярпелы схаваў па прынцыпу “далей пакладзеш – бліжэй знойдзеш”. Аказваецца, без дапамогі міліцыі гэты прынцып працуе не заўсёды…

АД СЛОЎ ПЕРАЙШЛІ

ДА СПРАВЫ

Дзве вельмі немаладыя пенсіянеркі высвятлялі адносіны паміж сабой пры дапамозе фізічнай сілы. У выніку адна трапіла ў хірургічнае аддзяленне бальніцы з пераломам бядра. Як растлумачыла медыкам пацярпелая, яна ўпала ад штуршка разгневанай суседкі. Калі абставіны справы пацвердзяцца, то васьмідзесяцігадовым бабулям хутка давядзецца мець стасункі з адвакатамі.

БЕЗ ДАКУМЕНТАЎ

На 57-м кіламетры аўтадарогі Мінск-Гродна супрацоўнікамі аддзялення ДАІ затрыманы міні-аўтобус “Форд” з вялікай колькасцю будаўнічых матэрыялаў. На просьбу праваахоўнікаў паказаць суправаджальныя дакументы на груз, вадзіцель толькі развёў рукамі. Зараз вядзецца праверка па факту законнасці затрыманых тавараў.

РУКА НЕ ЗАДРЫЖАЛА

Трагедыяй закончыліся п’яныя «пасядзелкі» адной кампаніі ў Вішнеўскім сельсавеце. Канфлікт успыхнуў пасля таго, як сабутэльнікі ўжо добра выпілі. Дакладным ударам нажа адзін з выпівох зарэзаў другога. Чалавек, які падазраецца ва ўчыненні страшнага злачынства, затрыманы.

ОЙ, БЯРОЗЫ ДЫ СОСНЫ…

Ну, хіба мог здагадвацца дачнік аднаго з садаводчых таварыстваў, што яго жаданне нарыхтаваць дровы ў ляску прывядзе да матэрыяльных страт? Толькі чалавек нагледзіў бярозу, толькі падпілаваў яе, як раптам акурат пад траекторыяй падзення дрэва прытармазіў “Мэрсэдэс-Бэнц Е 270” 2003-га года выпуску. Літаральна праз хвіліну аўтамабіль ужо не выглядаў так шыкоўна… Бярозай быў пашкоджаны корпус легкавушкі, выбіта лабавое шкло і інш. Як падлічылі эксперты, урон склаў амаль дванаццаць мільёнаў рублёў. Аўтаўладальніку прапанавана спагнаць грошы з гора-лесаруба праз суд.

Матэрыял да друку

па міліцэйскіх зводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий