СПАСЦІГАЮЦЬ ТАЯМНІЦЫ МАСТАЦТВА

Культура

Танцуючых буслоў, застыўшую рэчаіснасць у нацюрмортах, мінорную  архітэктуру еўрапейскай правінцыі, лірычныя пейзажы Валожыншчыны можна ўбачыць на выставе жывапісу “Крынічка творчасці”, што праходзіць у Раённым цэнтры культуры. Тут прадстаўлены работы выхаванцаў Гародзькаўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Крыніца творчасці юных жывапісцаў жывіцца тонкай прыгажосцю прыроды. Яркімі фарбамі адлюстравана непаўторнасць краявідаў роднай зямлі ў творах Караліны Барахоўскай і Леаніда Патаповіча. Звонкімі колерамі акварэлі і гуашы дыхаюць работы Юлі Суботы, Наташы Іванчык.

Саша Стэфановіч, Наташа Сліж, Мікіта Маразоўскі ў Гародзькаўскай  школе мастацтваў асвойваюць азы нацюрморта. Яны старанна вучацца пераносіць на паперу бляск глінянага збана, холад празрыстага шкла, мяккія складкі тканіны і сакавітасць спелага яблыка.

Хочацца спадзявацца, што ў будучым многія з гэтых дзяцей звяжуць свой лёс з мастацтвам, і крыніца іх таленту сальецца з шырокай ракой прызнання. І можа аказацца, што, напрыклад, Аляксандр і Даша Лявіцкія нездарма носяць прозвішча знакамітага рускага мастака.

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий