ГАДОЎ СУРОВЫХ ШКОЛЬНІКІ…

Культура

Каторы раз гартаючы стары фотаальбом, спыняю позірк на здымку, зробленым у чэрвені 1946 года. На ім – выпускнікі чацвёртага выпускнога класа трох няпоўных сярэдніх школ – Навасёлкаўскай, Караліноўскай і Рымавіцкай.

За час вайны дзеці паспелі забыцца, што такое школа. І вось у год вызвалення Беларусі ад фашысцкіх акупантаў мы, напаўгалодныя, хто як апранутныя і абутыя, прыйшлі ў Навасёлкаўскую школу з адным жаданнем – вучыцца. Сабралася недзе чацвёртая частка вучняў даваеннага часу: нехта палічыў вучобу непатрэбнай, нехта загінуў, нехта кудысьці з’ехаў…

1 верасня 1944 усіх вучняў сабралі наш першы настаўнік Іосіф Адамавіч Матысяк і маладая настаўніца Марыя Пятроўна Сліжэўская, і пасля кароткіх слоў пачаліся ўрокі. Добра помніцца запушчэнне, якое тады было ў школе. Кніжак, сшыткаў і чарнілаў не было, спісвалі з дошкі хто на чым мог і чым – алоўкамі, старымі ручкамі і зробленымі з разведзенай фарбы для адзення чарніламі. Некаторыя пісалі на старых газетах. Так прайшоў 1944-1945 навучальны год.

Затым стала трохі лягчэй, у многія сем’і з фронту вярнуліся мужчыны. Праўда, не да ўсіх. Тым не менш, на тварах хлопчыкаў і дзяўчынак свяціліся ўсмешкі: вайне канец! У той час я быў ужо ў чацвёртым класе. Вясной 1946 года выпускнікі сталі рыхтавацца да экзаменаў. Я, Фёдар Сабалеўскі, Баляслаў Рыснік, Юзэфа Пупа і іншыя (нас было 14 чалавек) першы свой экзамен здавалі ў Навасёлкаўскай НШ, астатнія – ў Караліноўскай, бо вучням з Рымавічаў было далёка сюды дабірацца. Гэты здымак быў зроблены пасля апошняга іспыту. У радзе настаўнікаў першая справа – М. П. Сліжэўская. На вялікі жаль, сцерліся з памяці імёны і прозвішчы двух наступных за ёй настаўнікаў, а вось за імі – дырэктар Навасёлкаўскай няпоўнай школы І. А. Матысяк.

Многіх з тых, хто застаўся на фота ў той памятны дзень, ужо няма ў жывых. Я вельмі хацеў бы пагутарыць, а па магчымасці – і сустрэцца з тымі, хто вучыўся разам са мной. На фота я трэці злева, з ланцужком у кішэні. Нумары тэлефонаў пакінуў у рэдакцыі газеты, калі цікава, званіце.

Пётр РУБАН,

жыхар вёскі Слайкоўшчына.

 



Добавить комментарий