КОЖНУЮ ЕЛКУ –НА КАНТРОЛЬ

Закон и порядок

Набліжаюцца Калядныя і навагоднія святы. Супрацоўнікі лясной гаспадаркі ўжо распачалі пільны кантроль па недапушчэнню незаконных высечак елак. У выхадныя дні нагляд будзе ўзмоцнены.

Выяўляць лясных браканьераў дапамогуць мабільныя групы са службовых асоб Дзяржаўнай лясной аховы, супрацоўнікаў Дзяржаўнай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, міліцыя. На ўездах у гарады будуць устаноўлены экалагічныя пасты: прадстаўнікі лясной аховы і ДАІ будуць правяраць у вадзіцеляў дакументы, якія пацвярджаюць легальнасць набыцця елак – чэкі або накладныя.

Значна ўзрасла адказнасць за незаконную сечку лесу. У адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконнае знішчэнне ці пашкоджанне дрэў, кустоў ці іншай расліннасці першай групы (а ў нашых лясах іх больш за 74 працэнты), на грамадзяніна можа быць накладзены штраф у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь, а на індывідуальнага прадпрымальніка – ад 20 да 200 базавых велічынь.

Акрамя таго, за кожнае ссечанае навагодняе дрэўца вінаваты абавязаны аплаціць шкоду, якую ўчыніў навакольнаму асяроддзю ў памеры ад 0,1 да 0,2 базавай велічыні.

Каб не псаваць сабе свята непрадбачанымі грашовымі стратамі, набывайце навагоднія елкі ў спецыялізаваных месцах продажу і захоўвайце чэкі і накладныя да канца перавозкі лясных прыгажунь.

Навагоднія елкі, як прыватным прадпрымальнікам, так і ўсім жадаючым можна набыць ва ўсіх лясніцтвах, а таксама на елачным кірмашы ў Валожыне, які будзе працаваць на аўтастаянцы каля магазіна “Альянс”. Пачатак работы –  з 21 па 24 і з 26 па 31 снежня.

Нашы цэны: елка ці сасна вышынёй да метра – 15 000 рублёў; ад 1,1 да 2 метраў – 24 000; ад 2,1 да 3 – 35 000; ад 3,1 да 4 – 55 000; ад 4,1 да 5 – 90 000.

 



Добавить комментарий