НА НІВЕ СТВАРАЛЬНЫХ СПРАЎ

Общество

На гэтым тыдні, 14 снежня, Беларускі саюз жанчын адзначыў 20-ці годдзе з дня свайго заснавання. На дабравольнай аснове жаночыя арганізацыі створаны ва ўсіх абласцях, раёнах, гарадах, а таксама ў многіх працоўных калектывах, вучэбных установах і па месцы жыхарства.

За 20 гадоў ў нашай краіне адбыліся розныя сацыяльназначныя падзеі. Непасрэднае дачыненне да іх мела і адна з самых масавых арганізацый Беларусі. БСЖ упэўнена рос, дзейнічаў, развіваўся, наладжваў партнёрскія кантакты з іншымі грамадскімі фарміраваннямі.  Валожынская раённая арганізацыя на сённяшні дзень налічвае больш за 200 чалавек, у яе структуру ўваходзіць 21 пярвічка.

Я пераканана, што ўжо самой прыродай у жанчыне закладзена вялікая энергія стваральнай дзейнасці. Не выпадкова, што і наш саюз не раз выступаў ініцыятарам правядзення многіх значных мерапрыемстваў, якія мелі адпаведны грамадскі рэзананс.

Пачатак ініцыятыўнай творчай рабоце ў краіне быў пакладзены, дзякуючы  святкаванню ў нашай рэспубліцы Дня Маці, рэалізацыі руху “У Беларусі – ніводнага пакінутага дзіцяці”, штогадоваму правядзенню конкурсу “Жанчына года” і інш.

Беларускі саюз жанчын садзейнічае ўстанаўленню і развіццю сістэмных партнёрскіх адносін паміж жаночымі грамадскімі аб’яднаннямі і органамі ўлады, створанымі асацыяцыямі, іншымі грамадскімі фарміраваннямі і структурамі.

Добры і мудры погляд на свет, ласкавае сэрца, разумны падыход да вырашэння любой справы – усё гэта жанчына ўвасабляе ў палітыцы, эканоміцы, культуры, у папулярызацыі маральных каштоўнасцей, у выхаванні падрастаючага пакалення.  У апошнія гады жаночы рух стаў прыкметным, уплывовым фактарам у жыцці краіны.

Упэўнена ў тым, што і ў далейшым Беларускі саюз жанчын захавае сваё дастойнае месца ў грамадскім жыцці краіны, бо задачы ў яго высакародныя, гуманныя.

БСЖ садзейнічае ўмацаванню інстытута сям’і, росту прэстыжу мацярынства, павышэнню статусу жанчын у грамадстве. Ён з’яўляецца актыўным удзельнікам рэалізацыі рэспубліканскіх і рэгіянальных праграм, бясспрэчная яго роля ў арганізацыі і правядзенні розных аглядаў-конкурсаў, шматлікіх акцый, прымеркаваных да Дня сям’і, Дня Маці, Міжнароднага дня абароны дзяцей і г. д. Больш дынамічным і плённым становіцца і міжнароднае супрацоўніцтва БСЖ.

Дваццацігадовы юбілей  для арганізацыі – гэта вялікі вопыт, гэта шырокае кола аднадумцаў і саратнікаў, а галоўнае – багатая скарбонка добрых і карысных спраў. Мы можам ганарыцца, што з кожным годам на рахунку саюза жанчын усё больш стваральных мерапрыемстваў, ідэй і пачынанняў. Наша крэда – дапамагчы таму, каму гэтая дапамога сапраўды патрэбная.

Хочацца, каб раённая грамадская арганізацыя абнаўлялася, каб у яе ўліліся маладыя сілы з крэатыўнымі ідэямі, новымі задумамі і свежымі поглядамі на жыццё, дзейснымі прапановамі па актывізацыі нашай агульнай работы.

Магчыма, ужо прыйшоў час падумаць і наконт пастаяннай уплаты членскіх узносаў. Гэта дазволіла б акумуліраваць фінансавыя сродкі і потым накіроўваць іх на правядзенне розных мерапрыемстваў, арганізацыю стваральных спраў.

Напярэдадні Новага года і светлых Калядных свят хачу шчыра павіншаваць усіх прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва, пажадаць ім трывалага дабрабыту, моцнага здароўя, сямейнага шчасця.

Зоя Мікалаеўна ДУБІНА,

старшыня раённай грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын”.

 



Добавить комментарий