ЖЫВУЦЬ У ЯХІМАЎШЧЫНЕ ПАЗІТЫЎНЫЯ ЛЮДЗІ…

Культура

У адну з пятніц разам з работнікамі раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва мы пабывалі ў названай вышэй вёсцы Багданаўскага сельсавета. І знайшлі тут ключыкі ад простага шчасця зямнога. Жыхары Яхімаўшчыны не наракаюць на цяжкасці, на крызісныя праявы. Тут цячэ размеранае, спакойнае жыццё. Сённяшні дзень мала чым адрозніваецца ад учарашняга, але тым не менш тутэйшыя жыхары могуць кожнага выпадковага госця падбадзёрыць сваім зайздросным аптымізмам…

Кропка на карце

Вёска размешчана ў паўднёва-заходняй частцы сельсавета, мяжуе з Іўеўскім раёнам Гродзенскай вобласці.

На 15 сядзібах тут яшчэ пакуль бруіцца крыніца жыцця. 23 чалавекі прачынаюцца з першымі пеўнямі. Але гэта ўжо гадамі выпрацаваная звычка, а не толькі жаданне паспець шмат зрабіць з самай раніцы. Спяшацца няма куды. Усе, акрамя паштальёна Станіслава Іванавіча Лінкевіча, ужо даўно на пенсіі. Сярэдні ўзрост яхімаўшчынцаў – 76 гадоў. Ёсць тут і старажылы. Летась Ганна Емяльянаўна Лінкевіч адзначыла векавы юбілей.

Сустрэнеш у гэтым населеным пункце і вяскоўцаў з законнай гарадской прапіскай, клапатлівыя дзеці даўно прытулілі родных бацькоў у Мінску, іншых гарадах. Але, як птушкі з выраю, яны зноў вярнуліся ў свае родныя гнёзды…

Хаты ў Яхімаўшчыне ў асноўным драўляныя. Бярвёны зрубаў старанна абчэсаныя, нібы цёплай далонню прыгладжанныя. У гэтым кутку зямлі зацішна ад вятроў, у вершалінах высокіх дрэў любяць гнездавацца розныя птушкі. У старых людзей ад іх спеваў-пераліваў весялее вясной на душы. Праўда, увагі не страчвай – так і пільнуй сваю гаспадарку, калі над сядзібай кружаць ястрабы. Гэтых крылатых драпежнікаў тут багата, і свойская птушка для іх – доўгачаканы “трафей”.

На выгане за вёскай цяпер поўнае раздолле: у 15 прыватных гаспадарках толькі адна карова і два кані.

Ад багданаўскай чыгункі аж да самай Яхімаўшчыны даносіцца звонкі перастук колаў скорых цягнікоў. Разразаючы грудзі вятроў яны некуды імчаць і імчаць… А тут, наадварот, вагоны жыцця настойліва запавольваюць свой разбег. І няма, на жаль, такога стрэлачніка, які б змяніў накірунак руху ў іншым напрамку…

 

НЯМА КАМОДА, ЯКІ ЎМЯСЦІЎ БЫ ЎСЁ, ЧЫМ НАПОЎНЕНА БІЯГРАФІЯ ВЕРАНІКІ АНТОНАЎНЫ ГЛАВАЦКАЙ.

Я даўно прыкмеціла, што адзінокі чалавек не любіць доўга знаходзіцца ў вялікім пакоі. Яму больш па душы маленькі. Акурат у такім асяроддзі звыкла адчувае сябе і наша гераіня. Перад вачыма – мілыя сэрцу партрэты на сцяне, а таксама шматлікія іконы. Заўважаю, што на старадаўнім камодзе, зробленым з ясеню яшчэ прадзедам Норбердам, стаіць лампадка. Па агарку бачна, што часта запальвае яе Вераніка Антонаўна. Моліцца за людзей, якія адышлі ў небыццё. Не так даўно пахавала і мужа, а некалькі гадоў таму яны дзялілі на дваіх несуцешнае гора з выпадку страты любімага сына, які жыў у Лідзе. Цяпер засталася ў хаце адна. Сумна. Весялей становіцца, калі прыязджае на выхадныя малодшы сын з Мінска. Удаецца гэта яму не так і часта, бо працуе правадніком. Другі сын жыве ў Маладзечне, ён таксама чыгуначнік.

У самой жа гаспадыні біяграфія  была звязана з сезоннай сельскай гаспадаркай. 39 гадоў налічвае яе стаж. Па капейцы збірала грошы для патрэб сям’і, а крызіс 90-х, як віхор, усё перакруціў-пераблытаў. За тыя вялікія кроўныя зберажэнні купіла толькі пеўня… І смех і грэх…

Людзі пасляваеннага пакалення ўсё ўзважваюць на вагах мудрасці. Яны ніколі ні на што не наракалі і не наракаюць. Усім задаволены і сёння. Толькі шчыра просяць у Бога шчодрага здароўя для сваіх дзяцей і “крышачку для сябе”. Ды не толькі просяць, а і самі клапоцяцца пра фізічны стан. Перанёсшы складаную артапедычную аперацыю, Вераніка Антонаўна абавязкова штодзень па некалькі гадзін праводзіць за спецыяльным трэнажорам. Яе жыццярадаснасці і бадзёрасці ў 73 гадовым узросце, моцы духу можна толькі пазайздросціць!

 

АПТЫМІЗМ І РУПЛІВАСЦЬ – ГАЛОЎНЫ РУХАВІК ЖЫЦЦЯ ТРАКТАРЫСТКІ ПА ЗАХАПЛЕННЮ ІРЭНЫ ФРАНЦАЎНЫ ЛОСЬ.

У падворку гэтай рухавай, не па гадах спрытнай і ўвішнай жанчыны маю ўвагу адразу прыцягнуў невялікі трактар. Я падумала, што, мабыць, муж гаспадыні працуе трактарыстам… Але аказалася, што яго, на жаль, ужо 15 гадоў няма на гэтым свеце. Аднак тэхніка не прастойвае. Механізатар-самавучка Ірэна Францаўна ў час гарачых сезонных работ заўсёды заўзята шчыруе на трактары на сваім прысядзібным участку. Яна і зямлю якасна ўзарэ, і пабарануе, і сена, і невялікую партыю дроў прывязе… Ды ці шмат для якіх яшчэ гаспадарчых мэт спатрэбіцца ў вёсцы гэта манеўраная тэхніка?! Каб я паверыла, што гэта не падман, Ірэна Францаўна з зайздроснай лёгкасцю паднялася ў адкрытую кабіну трактара і ўпэўнена ўзялася за баранку. За лічаная секунды жанчына ліха прыпаркавала тэхніку ў гаражы, бо насоўваўся дождж.

Нядаўна ёй споўнілася 79 гадоў. І. Ф. Лось не толькі спрактыкаваная трактарыстка, хаця ўсё жыццё працавала паляводам, але і ўмелая матацыклістка, хуткая веласіпедыстка. І усё ж найбольш любіць… хадзіць пешкі. Накірунак адзін – у суседні лес. Там яна на бураломе дапытліва шукае розныя мудрагелістыя ствалы дрэў, дзіўныя карчы. А затым на сядзібе ўстанаўлівае драўляныя стэлы-помнікі,  умела стварае з лясных знаходак розныя побытавыя рэчы для афармлення інтэр’ера дома.

Што гэта светлай душы чалавек, сведчыць і наступны факт. Ірэна Францаўна дастала ў Вільні арыгінальнай формы пераносныя вулічныя ліхтарыкі. Зараджаюцца яны летам ад энергіі сонца, а потым усю ноч дзіўным святлом азараюць прасторны падворак сядзібы. Што ні кажы, а вельмі любіць І. Ф. Лось, каб экзотыка жыла і ў іх ціхай вёсачцы!

Падтрымліваюць усе матчыны захапленні і яе два сыны, унукі. Яны амаль штовыхадныя прыязджаюць са сталіцы да любімай матулі. Хораша і ўтульна ў бацькоўскім кутку!

 

ПЕНСІЯНЕРЫ ШЧЫРА РАДЫ КОЖНАМУ ПРЫХОДУ САЦЫЯЛЬНАГА РАБОТНІКА АЛЕНЫ ГЕНАДЗЬЕЎНЫ ІВАШКЕВІЧ.

Сацыяльны работнік для вяскоўцаў – і за памочніцу, і за дачку, і за псіхолага… Для некаторых важна “не помач у хатніх справах”, а нагода шчыра пагаварыць пра жыццё-быццё, паслухаць Алену і падзяліцца сваімі мясцовымі навінамі. Мінімум два разы на тыдзень спяшаецца Алена Генадзьеўна да сваіх падапечных. Ад яе дома ў Вайганах да гэтай вёскі больш за 7 кіламетраў. Летам выручае веласіпед і скутэр, пахаладнее – дабіраецца цягніком, астатні адрэзак шляху пераадольвае пешшу.

У дзень нашай камандзіроўкі мы засталі А. Г. Івашкевіч на сядзібе Тэрэзы Францаўны Клімук. Гаспадыня наводзіла парадак у восеньскім садзе, і маладыя, умелыя рукі Алены прыйшліся вельмі дарэчы. Удзвюх праца пайшла значна спарней, ды і сама гаспадыня міжволі адчула прыліў сіл, бо прыкмячала, як увачавідкі сад становіцца больш акуратным. Як пра жывую істоту дбае пра яго Тэрэза Францаўна. І ён амаль штогод аддзячвае  шчодрым ураджаем  яблыкаў.

…Не такая гнуткая ўжо спіна, не такія зграбныя рукі, але васьмідзесяцігадовая ўладальніца сядзібы вясной і летам дні навылёт корпаецца ў градах. Якасць праполкі заўсёды бездакорная! Любіць Тэрэза Францаўна і кветкі. Ні ў кога ў вёсачцы няма такіх прыгожых аранжавых лілеяў.

Доўгімі зімовымі вечарамі яхімаўшчынская руплівіца таксама не сядзіць без справы. У маладосці на ўсю акругу славілася яна як добрая швачка. І цяпер не закінула гэты любімы занятак.

У вёсцы вам шмат раскажуць пра міласэрную душу гэтай жанчыны. Яна кожнаму шчыра спачувае, кожнага рада падтрымаць. Нават калі і не клічуць яе садзіць ці капаць бульбу, абавязкова па сваёй ініцыятыве прыйдзе дапамагаць. Гэта ўжо стала для яе добрай звычкай.

Прозвішча ў Тэрэзы Францаўны “касмічнае” – Клімук. Яна вельмі набожная хрысціянка. Яна стараецца для сваёй душы заслужыць месца ў валадарстве нябесным добрымі справамі, лагодным сэрцам.

 



Добавить комментарий