СТАРТЫ ЎХВАЛЫ ВАРТЫ

Спорт

Лістапад стаў самым насычаным спартыўнымі падзеямі месяцам у бягучым годзе.

12 лістапада на базе сярэдняй школы № 1 Валожына стартавала спартакіяда па рускіх шашках. Першае месца заняла СШ № 1, на другой прыступцы – Суднікаўская школа, за ёй – Яршэвіцкая. Сярод базавых у прызёры вылучыліся Вайганаўская, Дубінская і Сівіцкая.

19 лістапада адбылася спартакіяда сярод сярэдніх школ па шахматах. Лепшымі шахматыстамі ў праве ганарыцца Багданаўская сярэдняя школа, а таксама СШ № 2 і СШ № 1.

З 14 па 24 лістапада доўжылася першынство раёна па баскетболе сярод мужчынскіх каманд. У спартыўнай зале гімназіі № 1 райцэнтра сабраліся 6 каманд. У пераможцы выйшлі прадстаўнікі ДВЛГУ “Валожынскі вопытны лясгас”, філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167” і ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”. Па выніках спаборніцтваў судзейская калегія вызначыла лепшых ігракоў – Івана Філістовіча (лясгас), Андрэя Жамойдзіна (ДРБУ № 167) і Уладзіміра Незабудку (сельгасліцэй). Каманды-пераможцы ўзнагароджаны грашовымі прэміямі аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.

У Клецку прайшлі абласныя спаборніцтвы па баскетболе сярод юнакоў-ліцэістаў. Каманда Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя заняла 2-е месца з шасці магчымых. А праз тыдзень, у Смілавічах, за званне лепшых баскетбалістак змагаліся дзяўчаты сельгасліцэя. Каманда валожынскіх дзяўчат атрымала дастойную перамогу, а разам – і Кубак вобласці.

19 лістапада праведзена заключная спартакіяда сярод КФК прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў па гіравым спорце і шахматах. Лепшымі гіравікамі паказалі сябе спартсмены з воінскай часці 30695 (і сталі другімі ў спаборніцтвах па шахматах), каманды Івянецкай СШ, філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”- “ДРБУ № 167” (такі ж вынік паказалі і ў шахматных баталіях). Лідарам жа шахматыстаў прызнана каманда РУП “Валожынскі жылкамунгас”. Вынікі выступленняў калектываў фізкультуры будуць падведзены ў студзені 2012 года.

Мікалай РАБЦАЎ,

суддзя спаборніцтваў.

 



Добавить комментарий