У гранд-фінале творчага інтэрнэт-праекта “Пакары вяршыню” трыа юных саксафаністаў – выхаванцаў Валожынскай школы мастацтваў – удастоена Гран-пры. Наталля Усцюжаніна, што прывяла гімназістаў Арсенія Гаспарэвіча, Яўгенія Краскоўскага і вучня СШ № 1 Веньяміна Яску да перамогі, за высокі ўзровень майстэрства педагога адзначана дыпломам “Лепшы настаўнік”.

Хлопчыкі з Валожына заваявалі сімпатыі членаў журы крэатыўным выкананнем вядомай кампазіцыі – галоўнай тэмы з мастацкай стужкі-казкі “Прыгоды Бураціна”. Відавочна, кампетэнтныя спецыялісты ацанілі і падачу выступлення, бо адна справа, калі музыканты проста іграюць, а зусім іншая, калі яны паказваюць сябе сапраўднымі артыстамі, зладжана рухаюцца ў такт музыцы і тым самым ствараюць належны настрой, перадаючы гледачам ідэю нумара.

Конкурс, як і большасць падобных мерапрыемстваў, у сувязі з пандэміяй каранавіруса праводзіцца завочна. Гэта значыць, што на суд журы прадастаўляецца відэазапіс выступлення ўдзельнікаў. У пэўным сэнсе такая форма правядзення можа падацца больш камфортнай для пачынаючых музыкантаў, аднак, як вядома, запіс можна спыніць, адматаць на любы эпізод, прагледзець і праслухаць некалькі разоў. Таму відавочна, што нумар павінен выглядаць і гучаць бездакорна.

Нягледзячы на юны ўзрост, кожны з хлопчыкаў да ігры на любімым інструменце і магчымай музычнай кар’еры ставіцца сур’ёзна. Усе яны пачыналі навучанне ў школе мастацтваў з блок-флейты, аднак з першых дзён заняткаў марылі пра чароўнае вынаходніцтва, якое падарыў чалавецтву геніяльны Адольф Сакс. Сёння ў рэпертуары калектыву ўжо мноства класічных мелодый, музыка з кіно, творы сучасных кампазітараў і, безумоўна, джаз. Маюцца ў іх і пэўныя набыткі, як у салістаў.

Наталля Валер’еўна ганарыцца сваімі вучнямі. Мала таго, што кожны – сапраўдны талент, дык яшчэ і працаздольнасць маюць на зайздрасць многім равеснікам. Два разы ў тыдзень яны прыходзяць на індывідуальныя заняткі, а ў суботу працуюць разам. Выхад на сцэну, удзел у конкурсах іх хвалюе, але не палохае. Наадварот, па-свойму амбіцыйныя, яны ўпэўнены, што толькі ў час выступленняў перад публікай іх інструменты гучаць найбольш ярка і зладжана.

Пакуль Яўгеній, Веньямін і Арсеній у самым пачатку музычнага шляху (толькі два з палавінай гады, як узялі ў рукі скасафоны). Сапраўднае, праз напружаную штодзённую працу, паглыбленне ў творчую прафесію – наперадзе. У кожным з суразмоўцаў, якіх паспяшалася павіншаваць з перамогай, я адчула дастаткова станоўчай упартасці і моцы духу (і ў прамым, і ў пераносным сэнсах), каб з кожным годам заяўляць аб сабе і сваіх магчымасцях усё больш гучна. Яны толькі-толькі пачалі паглыбляцца ў гісторыю музычнай культуры. Наталля Валерьеўна паступова правядзе адораных хлопчыкаў праз усе ступені раскрыцця іх здольнасцей, падзеліцца ведамі, навыкамі, вопытам музыканта. І тады набыткі Джорджа Гершвіна і многіх іншых кампазітараў, чые творы так і просяцца ў рэпертуар саксафаністаў, стануць для іх часткай жыцця, а ўдзячныя слухачы абавязкова будуць апладзіраваць ім падчас канцэртаў.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ