ІНІЦЫЯТЫВА І ТВОРЧАСЦЬ ВІТАЛІСЯ

Общество

41 з’езд Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, які нядаўна прайшоў у сталічным Палацы спорту, абазначыў далейшыя напрамкі дзейнасці і гарантаваў членам самага масавага маладзёжнага грамадскага аб’яднання нашай краіны істотную падтрымку для новых ідэй і пачынанняў. Падрабязнасцямі з газетай падзялілася дэлегат з’езда, першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Наталля Нямкевіч.

– Наталля, ведаю, Вы ўпершыню на такім маштабным мерапрыемстве. Што запомнілася?

– Сапраўды, з’езды праводзяцца з перыядычнасцю ў тры гады, якраз столькі я і працую. Прыемна здзівіў фармат правядзення – ярка, запамінальна, насычана і візуальна, і эмацыянальна. “Сухія” справаздачы замянілі творчымі прэзентацыямі. За два дні, пакуль доўжыўся з’езд, сумаваць не давялося. Уразілі праекты, якія прэзентаваліся. Самы з іх маштабны, вядома, – конкурс “100 ідэй  для Беларусі”, дзе моладзь прадставіла свае распрацоўкі, прызначаныя зрабіць жыццё больш камфортным, лепшым. Дарэчы, многімі з гэтых праектаў зацікавіўся сам Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. У  перспектыве яны могуць атрымаць канкрэтную рэалізацыю. Таму яшчэ раз пацвярджаецца факт: за моладдзю – будучыня.

– Якія пытанні найбольш хвалявалі ўдзельнікаў з’езда, якія вызначаныны прыярытэты?

– Як вядома, ГА “БРСМ” займаецца не толькі працай з моладдзю і патрыятычным яе выхаваннем. Мы дапамагаем таксама знайсці сябе, рэалізавацца ў жыцці. Адно з узнятых пытанняў тычылася арганізацыі другаснай занятасці і аплаты гэтай працы. Не  сакрэт, што далёка не ўсім жадаючым выпадала магчымасць трапіць у той жа будатрад, ды і заробкі не радавалі. На з’ездзе Прэзідэнт, выслухаўшы выступаючых, паставіў перад урадам задачу выдзеліць для гэтых мэт дадатковыя рабочыя месцы.

На высокім узроўні і работа з маладзёжнымі субкультурамі, многім прадстаўнікам якіх дапамаглі развіцца, абараніць свет іх захапленняў. Таму сёння сапраўдных талентаў сярод прыхільнікаў БРСМ хапае. Лагічна, што яшчэ адной прапановай стала магчымасць афіцыйнага ўключэння канцэртаў творчых маладых людзей у праграму прэстыжнага Міжнароднага фестывалю – “Славянскага базару”. Зараз гэтым пытаннем займаецца міністр культуры.

Указвалася і на тое, што неабходна развіваць больш цеснае супрацоўніцтва з сельскай моладдзю. Таму, магчыма, ужо ў будучым годзе падвядзенне фіналу рэспубліканскага конкурсу “Уладар вёскі” ганарова – і перспектыўна – пройдзе ў рамках “Дажынак”.

– Наталля, чым у бліжэйшыя тры гады будзе займацца наш раённы камітэт ГА “БРСМ”?

– Вядома ж, на першай пазіцыі стаіць патрыятычнае выхаванне. На ім і будзе грунтавацца астатняя дзейнасць: цікавая арганізацыя вольнага часу дзяцей, падлеткаў і моладзі, пошук новых талентаў і дапамога ў іх раскрыцці. На новую ступень выйдзе і наш праваахоўны рух, прафілактыка ў маладзёжным асяроддзі негатыўных праяў. Зразумела, будуць новыя цікавыя акцыі, конкурсы, сустрэчы.

– А што з валанцёрскім рухам? На атрады саюз моладзі ўскладае вялікія надзеі…

– Гэта праўда. Валанцёрскія атрады ўжо прынеслі карысць грамадству. Напрыклад, падчас апошніх дабрачынных канцэртаў было сабрана больш за 300 мільёнаў рублёў, і гэтыя грошы ахвяравалі на складаную аперацыю для маленькай Лізы Мароз з Маладзечна. Дзяўчынка цяпер пайшла на папраўку…

Тыя ж валанцёры з ліку вучнёўства і працоўнай моладзі сёння ўдзельнічаюць у навядзенні парадку на зямлі, робяць безліч іншых добрых спраў. Таму гэты напрамак работы будзем актыўна развіваць і пашыраць.

Дарэчы, упершыню вялікія валанцёрскія заслугі адзначаны духавенствам. Сёлета Беларуская Праваслаўная Царква ўручыла ГА «БРСМ» харугву, а Украінская Праваслаўная Царква ўдастоіла Ордэна святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра.

– З чым пакуль у нас праблемы?

– Як справядліва адзначалася на з’ездзе, у цэлым па рэспубліцы вельмі нізкая актыўнасць маладзёжнага прадпрымальніцтва. Таму і кіраўнік дзяржавы, і старшыня аблвыканкама паставілі задачу больш актыўна супрацоўнічаць з ініцыятыўнымі маладымі людзьмі, падтрымліваць іх камерцыйныя прапановы, дапамагаць рэалізоўвацца ў структуры бізнесу.

Дабрабыт нашай роднай краіны ўжо будуюць маладыя. І будучыня – за імі, іх свежымі ідэямі, арыгінальнымі рашэннямі, цікавымі праектамі.

– Дзякуй за гутарку.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий