У сераду прайшла сустрэча старшыні райвыканкама Яўгена КРУКОВІЧА з дэпутацкім корпусам раёна. У ёй прыняла ўдзел старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля ЯКУБІЦКАЯ.

Гаварылі пра эканоміку, сельскую гаспадарку, адукацыю, ахову здароўя, зарплату, будаўніцтва новых аб’ектаў, інвестыцыйныя праекты і перспектывы далейшага развіцця Валожыншчыны.

Адна з важнейшых тэм – будаўніцтва жылля. За апошнія два гады ў раёне пабудаваны больш за 60 тысяч квадратных метраў, прычым большая частка – гэта індывідуальныя дамы. Упершыню за дзесяць гадоў дасягнуты рэкорд – уведзены 35621 квадратны метр. Летась пабудаваны 65 кватэр для шматдзетных сем’яў, 26 – для адсялення грамадзян з трухлявага і аварыйнага жылля, 15 сацыяльных кватэр.

Сёлета плануецца здаць у эксплуатацыю 40-кватэрны дом у райцэнтры, дзе ключы ад уласнага жылля атрымаюць 24 шматдзетныя сям’і. Таксама на 2022-2023 гады запланавана будаўніцтва 40-кватэрнага дома ў вёсцы Паморшчына Ракаўскага сельсавета, 36-кватэрнага – у Івянцы, 40-кватэрнага – у Валожыне для адсялення грамадзян.

Па-ранейшаму асноўным кірункам застанецца развіццё індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва з улікам устойлівай тэндэнцыі росту цікавасці грамадзян да пражывання ў індывідуальных жылых дамах.

З мэтай павышэння якасці жыллёвых паслуг сёлета будзе пабудавана станцыя абезжалезвання вады ў аграгарадку Сакаўшчына. У бліжэйшыя гады будзе праведзена мадэрнізацыя сістэмы гарачага водазабеспячэння ў Валожыне (2-я чарга). Пачнецца будаўніцтва кацельні на мясцовых відах паліва і прыродным газе па вуліцы Чапаева ў Валожыне, а ў далейшым – будаўніцтва кацельні на мясцовых відах паліва на тэрыторыі існуючай кацельні па вуліцы Гагарына, 4а.

Пастаянна ідзе развіццё сельскай гаспадаркі. За апошнія два гады ў ААТ “Агра-Дубінское” ўведзены ў эксплуатацыю два комплексы на 800 галоў з даільна-малочнымі блокамі ў вёсках Дубіна Вяршыцкая і Дубіна Юрздыцкая. Завершана будаўніцтва двух будынкаў для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы ў аграгарадку Пяршаі. Здадзены 9 сіласна-сянажных траншэй.

У планах – будаўніцтва 8 сельскагаспадарчых аб’ектаў на агульную суму інвестыцый больш за 10 мільёнаў рублёў.

У прыярытэце і сацыяльная сфера. Па інвестыцыйнай праграме ў верасні 2020 года ўведзены ў эксплуатацыю дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці ў гарпасёлку Івянец, зроблены капітальны рамонт Івянецкай сярэдняй школы.

У гэтым годзе будзе праведзены капітальны рамонт Ракаўскай адзінаццацігодкі па праекце Сусветнага банка “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” – сума інвестыцый складзе 660 тысяч рублёў. Таксама будзе створана 40 дадатковых месцаў у яслях-садзе № 3 “Пралеска” ў райцэнтры.

Для заняткаў фізічнай культурай будуць пабудаваны спартыўныя пляцоўкі са штучным пакрыццём у Івянцы і  Валожыне.

На правядзенне бягучага рамонту райбальніцы выдаткаваны 320 тысяч рублёў, яшчэ 63 тысячы – на рамонт 4 паверха раённай паліклінікі, набыта новае медыцынскае абсталяванне: 4 стаматалагічныя ўстаноўкі, рэнтген-апарат, пяць апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. У бліжэйшыя дні пасля капітальнага рамонту і мадэрнізацыі, якія абышліся больш чым у два мільёны рублёў, прыме пацыентаў абноўлены хірургічны корпус. Зусім хутка будзе закончана і рэканструкцыя аўтавакзала ў райцэнтры, якая таксама была рэалізавана ў рамках інвестыцыйнай праграмы Мінскай вобласці: сума інвестыцый – 3 мільёны рублёў.

Шмат увагі надаецца вулічнай сетцы і дваровым тэрыторыям, добраўпарадкаванню населеных пунктаў, навядзенню парадку ў жыллёвым і грамадскім фондзе. У прыватнасці, адрамантаваны дарогі ў Валожыне па вуліцах Савецкай, Леніна, прыдамавая тэрыторыя па вуліцы Чапаева. У Івянцы зроблены капітальны рамонт моста па вуліцы Стаўбцоўскай, бягучы рамонт вуліцы 17 верасня.

 Сёлета плануецца добраўпарадкаванне вуліцы Заслонава ў гарпасёлку з абсталяваннем водаадвядзення, рамонт з поўнай заменай асфальтабетоннага пакрыцця вуліц Партызанскай, К.Маркса, Камсамольскай і Кастрычніцкай у Валожыне, вуліцы Міру ў Івянцы і Камсамольскай – у Ракаве. Па інвестыцыйнай праграме будзе адрамантаваны мост па вуліцы 1 Мая ў Івянцы і капітальны рамонт (рэканструкцыя) моста ў Валожыне па вуліцы Набярэжнай.

Не забываюцца ў раёне і пра захаванне гісторыка-культурнай спадчыны.

Па інвестыцыйнай праграме запланавана рэканструкцыя будынка былой іешывы ў Валожыне: на праектна-пошукавыя работы Мінскім аблвыканкамам будуць выдаткаваны 350 тысяч рублёў.

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы з мэтай прыцягнення інвестыцый райвыканкамам у 2022 годзе вызначаны ўчастак у раёне Мінскай кальцавой дарогі плошчай 26 гектараў для размяшчэння вытворчага аб’екта. Ужо сёння ўлада вядзе работу з патэнцыяльным інвестарам.

Аб тым, што ў апошнія гады ў раёне зроблена вельмі шмат для годнага жыцця, працы і адпачынку людзей, вучобы і выхавання дзяцей, гаварылі дэпутаты Алена Клачко і Станіслаў Бурачэўскі. Яны падкрэслілі, што мы пастаянна развіваемся і ідзём у нагу з часам.

Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі, член Канстытуцыйнай камісіі Наталля Якубіцкая адзначыла, што ў раёне прасочваецца ўзаемасувязь паміж выканаўчай і заканадаўчай уладай – і гэта вельмі важна.

“Як член Канстытуцыйнай камісіі хачу адзначыць: работа па змяненнях і дапаўненнях у Асноўны закон праведзена вельмі вялікая. Яна была створана ў сакавіку 2021 года, у склад увайшлі 36 чалавек. Пасяджэнні праходзілі праз два тыдні. Не заўсёды ў камісіі была поўная згода: мы не маглі прыйсці да адзінай думкі, спрачаліся – часам ішлі досыць гарачыя спрэчкі. Абмяркоўвалі кожны раздзел, кожны артыкул: у выніку змены ўнесены ў 80 артыкулаў – а гэта амаль палова Канстытуцыі”, – расказала Наталля Віктараўна.

Звяртаючыся да дэпутацкага корпуса, Наталля Якубіцкая засяродзіла ўвагу на актывізацыі работы ў акругах, каб больш блізка і глыбока разумець сваіх выбаршчыкаў.

“Вы павінны “падсілкавацца” праблемамі людзей”, – падкрэсліла яна.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Алены ЧАКУР