“СВЕТЛЫЯ ГАЛОВЫ” Ў FM-ПРАСТОРЫ

Общество

Падведзены вынікі першага, восеньскага, тура эрудыт-шоу “Светлыя галовы”, сумеснага інфармацыйна-адукацыйнага праекта радыё “Мінская хваля” і ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. У фінале ўдзельнічалі 8 каманд са школ Нясвіжа, Маладзечна, Старых Дарог, Барысава, Смалявічаў, Жодзіна, Чэрвеня і Лагойска.

Прозвішчы 16 школьнікаў-старшакласнікаў сталі гонарам сваіх раёнаў і, безумоўна, занесены ў банк даных адоранай, крэатыўнай і эрудыраванай моладзі. А самымі “светлымі галовамі” сталі вучні Смалявіцкай гімназіі Ганна Глушаніна і Антон Грынько. Менавіта яны падрыхтавалі ў эфіры МХ-радыё самую творчую “візітоўку”, самую арыгінальную прэзентацыю сваёй навучальнай установы і рэгіёна, а галоўнае, даказалі, што моладзь у раёнах не менш эрудзіраваная, чым іх сталічныя равеснікі. Да таго ж яны дасканала валодаюць беларускай мовай, а не размаўляюць на “трасянцы”.

Ушанаванне пераможцаў адбудзецца 22 снежня ў Смалявічах. Сюды ж будуць запрошаны і ўсе ўдзельнікі праграмы. Прадстаўнікі аблвыканкама ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаць смалявіцкім гімназістам хрустальныя глобусы і ганаровыя граматы, а гімназіі – дыплом “Самая эрудзіраваная навучальная ўстанова Мінскай вобласці”. Акрамя таго, упраўленне адукацыі падрыхтавала ўсім удзельнікам праекта падарункі да Калядаў і Новага года. Радыё “Мінская хваля”, у сваю чаргу, абяцае забаўляльнае канцэртнае шоу.

Ад нашага раёна ў рэгістрацыйным туры таксама былі прадстаўлены 4 каманды, якія сталі пераможцамі ў раённым адборачным этапе. Гімназісты М. Савіцкі і А. Чарнышоў, вучні сярэдніх школ № 1 Я. Малянковіч і Г Шакун, № 2 Н. Нікалаёнак і У. Краўневіч, Івянецкай школы К. Макась і М. Капуста падалі заяўкі на сайт радыё “Мінская хваля”. Кіраўнікі іх каманд настаўнікі А. І. Клачко, Т. У. Шакун, А. І. Пятровіч і І. М. Чуйко расказалі на сайце пра арганізацыю вучэбна-выхаваўчай і грамадскай работы ў школах, сістэму стымулявання вучняў, крэатыўныя рашэнні, якія ўкаранёныя і ўжо дзейнічаюць у адукацыйным працэсе. На жаль, ніводная з нашых каманд не была адабрана арганізацыйным камітэтам у гульнёвы тур. Аднак у іх ёсць шанс трапіць у лік наступных васьмі, якія будуць удзельнічаць у другім, зімовым, туры эрудыт-шоу “Светлыя галовы”. І, можа, тады ўдасца пасапернічаць з равеснікамі з іншых раёнаў або зрабіць каго-небудзь з нашых землякоў зоркай радыёэфіру.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий