ПАД ЗОРКАЙ МАКСІМА БАГДАНОВІЧА

Культура

Чым болей сходзіць дзён, начэй, Тым імя мілае вышэй…

М. Багдановіч

Сапраўды, чым больш мінае часу, тым даражэй і вышэй для нас імя вялікага паэта, перакладчыка, літаратуразнаўца, публіцыста, адраджэнца беларускай культуры Максіма Багдановіча.

Максім Багдановіч – самы малады класік беларускай літаратуры, паэт з крынічнай душой, геній нацыянальнай літаратуры, страцім-лебедзь беларускай паэзіі.

Прыцягальнасць асобы Багдановіча тоіць у сабе загадку, якую яшчэ разгадваць і разгадваць. Нездарма памяць аб нашым паэце ўшаноўваюць усе людзі цывілізаванага свету. Юбілейныя ўрачыстасці, прысвечаныя 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча, праходзілі ва ўсіх тых мясцінах, якія звязаны з яго імем: Яраслаўлі, Ніжнім Ноўгарадзе, Ялце, Ракуцёўшчыне, Гродне, Мінску, наогул, на ўсёй Беларусі.

Свята “Пад Зоркай Максіма Багдановіча”, прысвечанае вялікаму паэту, адзначалася і ў Гімназіі № 1 г. Валожына.

Быў праведзены адкрыты ўрок па беларускай літаратуры ў 9 “Б” класе “У вянок Максіму”, на якім вучні пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам паэта (настаўніца Н. М. Віршыч). Адбылася чытацкая канферэнцыя “Максім Багдановіч – яркая зорка на небасхіле беларускай паэзіі”. Матэрыял, які сабралі вучні 8 “Б” класа пад кіраўніцтвам настаўніцы Л. С. Таўгень, адкрыў слухачам некаторыя таямніцы творчасці паэта. Прэзентацыю да канферэнцыі рыхтавала настаўніца Ж. А. Бобрык са сваімі выхаванцамі. Бібліятэкар І. М. Пучкова арганізавала для вучняў 3-4 класаў прэзентацыю юбілейнай кніжнай выставы “Пад зоркай Венерай”. А сямікласнікі выпусцілі тэматычную газету “Вечна юны, як наша зямля”, каля якой на адным з перапынкаў адбылася віктарына для вучняў 5-6 класаў пад назвай “Што мы ведаем пра Максіма Багдановіча”. На літаратурную вечарыну “І свеціць, свеціць нам усім – Максім”, якую ладзілі вучні 9-11 класаў пад кіраўніцтвам настаўніцы Ж. З Лапы, былі запрошаны вучні старэйшых класаў. Са сцэны гучалі радкі высокай Максімавай паэзіі і лілася чароўная мелодыя вершаў паэта “На раздольны, вольны свет”, ад чаго станавілася радасна і светла на душы.

На завяршэнне былі падведзены вынікі конкурсу выразнага чытання “І вее верш мой дзіўнай казкай”. Лепшым канкурсантам, вучням 3-8 класаў, былі ўручаны Дыпломы пераможцаў. Варта іх назваць: Сучкевіч Аляксей, Нікановіч Паліна, Уласік Юлія, Яршова Аліна, Відус Анастасія, Загорская Паліна, Цяшкевіч Дар’я, Бушланава Ганна, Рафаловіч Павел, Віршыч Ксенія, Клімовіч Артур, Краскоўская Вікторыя, Жудрык Ганна, Петыш Ірына, Падгайская Дзіяна, Бітэль Паліна.

Вучні 7-9 класаў наведалі Рэспубліканскую мастацкую выставу “…Я не самотны…”, прысвечаную 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча (г. Мінск, Палац мастацтва). У выставе ўдзельнічалі больш за сотню беларускіх жывапісцаў, графікаў, скульптараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ад якога засталіся найлепшыя ўражанні.

Заканчваецца год пад Зоркай Максіма Багдановіча, адбітак святла якой глыбока і назаўсёды (хочацца верыць) застанецца ў нашых сэрцах. Зорка Максіма няспынна вабіць, кліча, хвалюе, прымушае задумацца: куды спяшыш, чалавек? Прыпыніся, прыслухайся, што ў цябе на душы, у сэрцы?

Людвіка ТАЎГЕНЬ,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры

гімназіі № 1 г. Валожына.

 



Добавить комментарий