“ПЕШАХОДНЫ ПЕРАХОД – ДЛЯ ПЕШАХОДАЎ!” –

Закон и порядок

так называлася прафілактычная акцыя, якая праходзіла нядаўна ў раёне. Асноўную ўвагу інспектары ДПС ДАІ скіравалі на выяўленне парушэнняў правілаў дарожнага руху вадзіцелямі, на правільнасць праезду пешаходных пераходаў і прыпынкаў грамадскага транспарту. Парушэнне правілаў на пешаходных пераходах цягне за сабой штраф да 5 базавых велічынь, а стварэнне аварыйнай сітуацыі пагражае пазбаўленнем вадзіцельскага пасведчання на тэрмін да двух гадоў.

Аднак медаль, як кажуць, мае два бакі. Інспектары ДАІ засяроджваюць увагу вадзіцеляў на тым, што пешаходныя пераходы – у першую чаргу для пешаходаў, а ці памятаюць пра гэта самі пешаходы? Апошнім часам мы ўсё часцей і часцей чуем паведамленні: “Зроблены наезд на пешахода…”, “Адбылося ДТЗ, збіты машынай чалавек загінуў…” Гэтыя фразы міжволі прымушаюць задумацца, і нават палохаюць. Бо на месцы пешаходаў могуць быць дзеці, састарэлыя, нашы сваякі і сябры. Аднак трагічных эмоцый хапае ненадоўга: зноў забываем пра ўсё і, схаваўшыся ва ўтульныя башлыкі куртак, прыклаўшы мабільныя тэлефоны да вуха, ні на што не зважаючы, перабягаем вуліцу ў неналежным месцы. Адсюль і сумная статыстыка. Дык можа варта знайсці ўзаемапаразуменне на дарозе?..

З наступленнем зімовага перыяду абстаноўка з аварыйнасцю на дарогах, безумоўна, ускладняецца. Гэтаму “спрыяюць” і сезонныя пагодныя ўмовы. Толькі ў лістападзе-пачатку снежня ў раёне адбыліся 2 ДТЗ з удзелам пешаходаў, у якіх адзін чалавек загінуў, а другі атрымаў цялесныя пашкоджанні. Так, 2 снежня вадзіцель таксі, што кіраваў аўтамабілем “Дачыя Логан” і рухаўся па вуліцы Шчарбіны райцэнтра, наехаў на пажылую жыхарку Валожына, якая пераходзіла вуліцу па-за пешаходным пераходам. У выніку наезду пенсіянерка шпіталізавана ў раённую бальніцу з пераломам нагі.

Сітуацыю на дарогах раёна пракаменціраваў намеснік начальніка РАУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Вадзім Леанідавіч ПЕТЫШ:

–  Прычыны практычна ўсіх здарэнняў на дарогах – недысцыплінаванасць і адсутнасць узаемапаразумення і ўзаемапавагі паміж удзельнікамі дарожнага руху. Асноўную частку ДТЗ складаюць наезды на пешаходаў, большасць аварый адбываецца таксама па віне апошніх. Многія жыхары горада і раёна не абазначаюць сябе святлоадбівальнымі элементамі, якія каштуюць усяго 4-5 тысяч. А, напрыклад, адны суткі рэанімацыйнага лячэння абыдуцца каля мільёна рублёў, хірургічнага – каля 200 тысяч. Калі пешаход пераходзіць дарогу, ён не заўсёды ўпэўніваецца ў бяспецы. А варта было б, ступаючы нават на пешаходны пераход, агледзецца па баках. У галалёд, туман дрэнная бачнасць, слізка, машыну не так лёгка спыніць, нават калі едзеш з невялікай хуткасцю. Пешаходу лягчэй прапусціць транспарт. Аднак, калі чалавек размаўляе па тэлефоне або ў навушніках слухае музыку, ён становіцца менш пільным і ўважлівым. У такіх выпадках і здараюцца ДТЗ. Адным з найбольш небяспечных і аварыйных месцаў у райцэнтры стала плошча Свабоды. Нягледзячы на тое, што там зроблены пешаходны пераход і ўстаноўлены знак, адзін чалавек ідзе на пераход, а тры, азірнуўшыся, ці не стаіць дзе міліцыянер, перабягаюць дарогу ў іншых месцах. Хацелася б, каб людзі самі былі больш пільнымі, ведалі не толькі свае правы, але і абавязкі.

У сувязі з пагаршэннем умоў надвор’я служба ДАІ настойліва рэкамендуе вадзіцелям выбіраць бяспечную хуткасць, прытрымлівацца ўстаноўленай дыстанцыі, быць пільнымі і ўважлівымі, асабліва ў населеных пунктах, дзе ў любы момант на дарозе можа аказацца чалавек. Пешаходаў жа супрацоўнікі ДАІ заклікаюць да выканання правілаў дарожнага руху, абазначэння сябе святлоадбівальнымі элементамі ў цёмны час сутак.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *