У НАШАЙ ВОБЛАСЦІ ВЯЛІКІ ПАТЭНЦЫЯЛ

Общество

Чарговую прэс-канферэнцыю старшыні аблвыканкама Б. В. Батуры можна назваць падагульняючай у кантэксце афіцыйнай інфармацыі аб сацыяльна-эканамічным развіцці вобласці.

Год ужо амаль завершаны. Новыя вялікія перспектывы адкрывае наступаючы 2012-ы. Журналістам рэгулярныя сустрэчы з кіраўніком вертыкалі ўлады дапамагаюць быць дастаткова дасведчанымі ў сацыяльнай сферы, у эканоміцы. Але карэспандэнты – народ дапытлівы, штораз іх інтарэс разгараецца, таму і пытанняў заўсёды бывае шмат. Так адбылося і 19 снежня.

Пачалася сустрэча з абмеркавання надзённых аспектаў жыцця грамадства, бо першае пытанне закранала сацыяльную падтрымку малазабяспечаных слаёў насельніцтва. З каментарыя старшыні аблвыканкама стала вядома: у вобласці дзейнічае дакладная сістэма дзяржаўнай дапамогі тым, каму яна належыць па закону. У прыватнасці, адзін раз у год наладжана забеспячэнне палівам у памеры трох кубоў. Прадастаўляюцца іншыя сацыяльнай гарантыі. Цяпер, калі цэны на многія тавары выраслі, вектар сацыяльнай падтрымкі таксама накіраваны ў бок малазабяспечаных людзей. Дзейнічаюць скідкі на многія тавары. Вядучыя гандлёвыя сеткі прыватнага бізнэсу таксама ідуць па шляху падтрымкі пэўнай катэгорыі насельніцтва.

Безумоўна, у час прэс-канферэнцыі не была абыдзена ўвагай і тэма імпартазамяшчэння. Кіраўнік дзяржавы на праведзенай нядаўна рэспубліканскай нарадзе акцэнтаваў увагу на гэтай актуальнай праблеме. Барыс Васільевіч паведаміў, што на Міншчыне будуць максімальна павялічаны аб’ёмы прадукцыі імпартазамяшчэння, паспяхова ўкараняецца больш за 27 праектаў. Мінская вобласць пойдзе і па шляху стварэння вытворчасцей на базе яшчэ не задзейнічаных дагэтуль комплексаў. Сур’ёзная работа будзе весціся з прадпрыемствамі, якія працуюць стратна. Пытанне імпартазамяшчэння будзе вырашацца і з прыцягненнем прыватнага бізнэсу.

У крызісны час актуальнасць набывае эканомія энергарэсурсаў. Тут ёсць над чым працаваць усім, і асабліва аграрнаму сектару. Важна шырэй выкарыстоўваць і мясцовыя віды паліва, а тым больш у ацяпляльны сезон.

Былі прааналізаваны і вынікі бягучага года. Міншчына сёлета паспяхова справілася з асноўнымі аб’ёмнымі паказчыкамі, разам з тым трэба кардынальна паправіць сітуацыю ў сельскай гаспадарцы.

У бліжэйшай перспектыве ў вобласці яшчэ больш увагі стане надавацца бульбаводству, вызначана некалькі базавых прадпрыемстваў. Пастаўлена задача не толькі дабівацца высокіх ураджаяў гэтай культуры, але і наладзіць з бульбы выпуск прадукцыі высокай якасці. Запланавана далейшая мадэрнізацыя жывёлагадоўчай галіны, з’явіцца і сучасная ферма, дзе будзе ўтрымлівацца 10 тысяч авечак.

Кіраўнік вобласці настройвае кадры на тое, каб умацаваць і патэнцыял раслінаводства, а гэта дасць магчымасць па рэкорднай ураджайнасці параўняцца з перадавой Гродзенскай вобласцю.

Закраналася ў час прэс-канферэнцыі і тэма рэалізацыі палажэнняў Дырэктывы № 4. Б. В. Батура зазначыў, што яшчэ, на жаль, у поўнай меры не выкарыстоўваюцца вялікія прэферэнцыі, якія прадастаўляе гэты дакумент людзям, што збіраюцца паспрабаваць свае сілы на ніве прадпрымальніцтва. Не страчвае актуальнасці і стварэнне ў раёнах так званых інкубатараў для юрыдычнай, кансультацыйнай дапамогі тым, хто хоча заняцца прыватным бізнэсам.

У кіраўніка вобласці журналісты пацікавіліся і тым, наколькі прыёмы грамадзян, іншыя формы работы дапамагаюць яму ў прыняцці важных рашэнняў. Старшыня аблвыканкама зазначыў, што ён перакананы: чым часцей бываеш у рэгіёнах, працоўных калектывах, тым больш узважаныя, вывераныя рашэнні будуць прымацца. І станоўчыя водгукі людзей гэта пацвярджаюць. Больш унікліва і настойліва, зазначыў Барыс Васільевіч, да зваротаў грамадзян трэба падыходзіць і непасрэдна ў рэгіёнах.

Закраналася і тэма добраўпарадкавання. У вобласці ўключаны ў абарот многія безгаспадарчыя землі, праведзена рэкультывацыя кар’ераў.  Ідэальнага стану дасягнуць не так і проста. Бо яшчэ шмат можна сустрэць прыватных участкаў, якія зарастаюць быльнягом. Не вызначаюцца высокай санітарнай культурай і асобныя індывідуальныя сядзібы. Б. В. Батура справядліва лічыць, што і журналісты таксама павінны больш актыўна ўплываць на станоўчае вырашэнне такіх праблем.

Калі зайшла размова пра будаўніцтва, аднаўленне работ на некаторых пачатых аб’ектах, кіраўнік вобласці зазначыў, што многае тут залежыць не ад дапамогі з боку аблвыканкама, а ў першую чаргу ад арганізацыйных здольнасцей, ініцыятывы на месцах. І ў якасці станоўчага прыкладу назваў узвядзенне гасцініцы ў горадзе Валожыне ў рэкордна кароткія тэрміны.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий