СПАДАРОЖНІЦА ПАЭТА…

Культура

25 снежня — юбілей нашай знакамітай зямлячкі Уладзіславы Францаўны Станкевіч, жонкі Янкі Купалы.

120 гадоў мінула з таго часу, як на Вішнеўскай зямлі нарадзілася дзяўчынка, якой было наканавана лёсам пакінуць значны след на ніве народнай асветы і культуры, стаць вернай спадарожніцай слыннага паэта.

Маці Уладзіславы, Эмілія Юльеўна Манэ, нарадзілася ў Парыжы. Яна паходзіла з роду, што і славуты французскі мастак Клод Манэ. Выкладала французскую мову ў Варшаве, Вільні, прымала ўдзел у сацыялістычным руху. Па запрашэнню вішнеўскага графа Храптовіча ў першай палове 80-х гадоў XIX стагоддзя яна прыехала ў Вішнева вучыць графскіх дзяцей. Тут яна выйшла замуж за Францішка Станкевіча, дробнага арандатара з Навагрудка, які працаваў ляснічым у Вішнеўскай эканоміі. У іх нарадзілася дачка, якую ахрысцілі Уладкай. З ранняга дзяцінства яна была вясёлай, жвавай. У іх доме заўсёды было поўна дзетвары, яна прыдумвала гульні, і сама складала казкі і прыказкі для сяброў.

У 1906 годзе Уладка скончыла экстэрнам Віленскую гімназію, у 1908 годзе – двухгадовыя педагагічныя курсы ў Варшаве.

Менавіта ў Вільні адбылося знаёмства Янкі Купалы з Уладзіславай Станкевіч, якое ператварылася ў гарачую дружбу. Маладых людзей аб’ядноўвалі агульныя мэты, ідэалы, агульная дарога барацьбы за справядлівасць, за лепшую долю, за родную мову і культуру. Хутка сяброўства перарасло ў светлае пачуццё. 23 студзеня 1916 года Янка і Уладзя сталі мужам і жонкай. У Маскоўскім Петрапаўлаўскім касцёле ксёндз  І. Чаеўскі даў ім шлюб. З гэтага часу яны застаюцца неразлучнымі сябрамі на ўсё жыццё, аддаюць свае сілы і энергію служэнню беларускаму народу.

У пачатку Першай сусветнай вайны У. Луцэвіч настаўнічае ў Маскоўскім дзіцячым прытулку для дзяцей-бежанцаў з Беларусі, у 1917-1919 гадах – выхавальніца дзіцячых дамоў Полацка і Смаленска.

Не суджана было Уладзіславе Францаўне мець сваіх дзетак, але сэрца не агрубела, яна самаахвярна любіла дзяцей, па-мацярынску клапацілася аб іх.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Уладзіслава Францаўна з мужам паехалі з Мінска ў Маскву, адтуль у Казань. З-за хваробы мужа да горада не даехалі. Спыніліся ў сяле Пячорышчы ў дырэктара паравога млына І. Наякшына, (цяпер там музей-кватэра Янкі Купалы). Пасля трагічнай смерці Янкі Купалы, 28 чэрвеня 1942 года ёй прызначылі персанальную пенсію. У 1943 годзе стала адказным сакратаром камісіі пры АН БССР па ўвекавечанні памяці Янкі Купалы. З 1944 па 1960 г. працавала дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы. Увесь час вяла вялікую работу па зборы, даследванні і папулярызацыі творчасці народнага паэта Беларусі.

Памерла Уладзіслава Францаўна ў Мінску ў 1960 годзе, пахавана на Вайсковых могілках.

Галіна Сенчанка,

навуковы супрацоўнік раённага музея.

 



Добавить комментарий