За два дні датэрміновага галасавання на Ленінскім участку, які размясціўся ў Валожынскім лясгасе, прагаласавала амаль 10 працэнтаў выбаршчыкаў.

Упершыню выканаць свой грамадзянскі абавязак прыйшоў Павел КУРЗЯНКОЎ з вуліцы 50 гадоў Кастрычніка. Маладога выбаршчыка з важнай падзеяй у жыцці, як грамадзяніна краіны, павіншавала член участковай камісіі Марына МАХНАЧ і ўручыла ў падарунак блакнот і ручку.

Сямейная пара Алены і Уладзіміра КОСІКАЎ з вуліцы Леніна завітала пасля 17 гадзін, як толькі муж вызваліўся з работы. Расказалі, што ў асноўны дзень галасавання абое будуць працаваць. З праектам абноўленай Канстытуцыі азнаёмлены добра – самі чыталі, удзельнічалі ў дыялогавых пляцоўках. Па іх словах, вельмі правільна, што вялікая ўвага нададзена захаванню гістарычнай памяці, патрыятычнаму выхаванню моладзі, захаванню сямейных традыцый.

Для члена ўчастковай выбарчай камісіі Часлава БУНКЕВІЧА гэта ўжо шостая выбарчая кампанія, у якой ён прымае ўдзел. У камісію вылучаны шляхам падачы заяў грамадзян. Па яго словах, людзі ідуць – і досыць актыўна. “У сераду яшчэ ўчастак для галасавання не адкрыўся, а ўжо чакала пенсіянерка з вуліцы Леніна, – расказаў Часлаў Іосіфавіч. – З парога адзначыла: “Вельмі хачу, каб у нашай любай Беларусі ўсё было добра і спакойна”.

Святлана НАХАЙ як наглядальнік ад раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын у выбарах прымае ўдзел упершыню. Адзначыла, што за два дні датэрміновага галасавання парушэнняў на ўчастку не заўважыла. “Людзі прыходзяць з добрым настроем – асаблівую актыўнасць праяўляюць пенсіянеры, сем’і, бацькі з дзеткамі, – расказала Святлана Фёдараўна. – Па ўсім бачна, што выбаршчыкі ведаюць, за што галасуюць: робяць гэта ўпэўнена і свядома”.