У ЧАРЗЕ ЗА ЛАСКАЙ…

Общество

Памятаеце Алісу з “Зазеркалья”, якая бегла з усёй моцы, каб… застацца на месцы? Так і ў жыцці: мы павінны прыкладаць безліч намаганняў, каб проста заставацца людзьмі, быць больш чалавечнымі. Калі б усе нядбайныя бацькі гэтак жа заўзята змагаліся са сваімі слабасцямі і спакусамі, то, напэўна, у раённым дзіцячым прытулку зараз не знаходзілася б восем дзяцей.

Пад крыло гэтай сацыяльнай установы трапляюць дзеці ад трох да васемнаццаці гадоў з так званых нядобранадзейных сем’яў. Звычайна малышы і падлеткі не затрымліваюцца ў прытулку больш за шэсць месяцаў. Кампетэнтныя спецыялісты выхоўваюць дзяцей, паралельна яны працягваюць працаваць і з іх бацькамі, паказваюць ім правільны шлях на раздарожжы. І многія ўрэшце рэшт перамагаюць свае заганы, ганебныя звычкі, адмаўляюцца ад п’янства, распусты. Калі гэтага не ўдаецца дасягнуць, іх чакае горкі прысуд – пазбаўленне бацькоўскіх правоў, а дзіця – слёзная дарога ў дом-інтэрнат.

Чатырохгадовыя Уладзік Пятроўскі і Уладзік Карзюк хоць і не родныя браты, але маюць шмат агульнага: жывуць у адным пакоі, ядуць за адным сталом, разам гуляюць і жаданне ў іх адно на дваіх – хутчэй вярнуцца дахаты.

Уладзік Пятроўскі з Валожына трапіў у прытулак у кастрычніку. Маці хлопчыка не працавала, сям’я сяк-так перабівалася дзякуючы клопату і самаахвярнасці бабулі, якая ўтрымлівала дамачадцаў на сваю сціплую пенсію…

У прытулку бабуля наведвае ўнука амаль кожны дзень. Маці таксама стала на шлях выпраўлення: уладкавалася на працу на адно з прадпрыемстваў горада. Ёсць надзея, што Новы год хлопчык сустрэне ў роднай сям’і, якую вельмі любіць і па якой шчыра сумуе.

Уладзік Карзюк з Дубіны жыве ў прытулку разам са старэйшымі сястрой і братам, якія ўжо школьнікі. Гэтыя юныя гаротнікі ўжо цяпер добра засвоілі адну простую ісціну: у слабых і безабаронных дзяцей адзінае, што ёсць, гэта любімыя мама і тата. Бо наймілейшы свет, калі побач родныя людзі, калі ты, як і твае равеснікі, жывеш у сваім доме, праводзіш вечары ў сямейным коле, калі цябе абдымаюць ласкавыя  рукі матулі…

Супакойвае, што гора-бацькі нарэшце пачалі выпраўляцца, мабыць, яны зразумелі простую мудрасць: “Усё ў нашых руках, таму іх нельга апускаць”.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *