ВОСЬ АРМІЯ І ПАЧАЛАСЯ…

Официально

Нядаўна ў мясцовай воінскай часці прайшло ўрачыстае прыняцце прысягі маладым папаўненнем. 150 салдат давалі ўрачыстую клятву на вернасць беларускаму народу і сваёй Радзіме.

Усяго 15 юнакоў з нашага раёна будуць праходзіць службу на сваёй маленькай радзіме, астатнія 135 – прызваны з Гродзенскай, Брэсцкай і Віцебскай абласцей. Таму ў той дзень госці да навабранцаў завіталі з розных куткоў Беларусі, некаторыя прыехалі за 300-350 кіламетраў. Спазніцца не маглі, бо гэта была іх першая сустрэча пасля 4-тыднёвай разлукі…

Хваляваліся ўсе: і родныя, і сябры, і маладыя абаронцы Айчыны. Нягледзячы, што накрапваў дробны дожджык і дзьмуў пранізлівы вецер, на душы ў кожнага адчувалася сапраўднае свята, якое нават непагадзь не магла сапсаваць. Бацькі позіркамі адшуквалі ў страі сваіх сыноў, якіх у новым абмундзіраванні пазнаць было няпроста, і несхаванымі ўсмешкамі на адлегласці стараліся падтрымаць і падбадзёрыць. І вось, у некалькі галасоў гучаць урачыстыя словы: “Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь…” У такія хвіліны кожны чалавек адчувае пачуццё гонару і надзвычайнай узнёсласці, родныя ж употайкі сціраюць слёзы, якія ад хвалявання міжволі коцяцца па твары…

Менавіта з прыняцця Ваеннай прысягі ўчарашнія хлопцы становяцца сапраўднымі мужчынамі, надзейнымі абаронцамі. З гэтай ваеннай падзеяй іх віншавалі і давалі наказ камандзір брыгады палкоўнік М. У. Барушка, першы намеснік старшыні райвыканкама П. У. Жалняровіч, ветэран злучэння, палкоўнік у адстаўцы У. В. Баклінаў, маці курсанта вучэбнага падраздзялення Л. А. Шынкарэвіч. Ад імя маладых ваеннаслужачых не падвесці сваіх камандзіраў абяцаў А. Пай. Божае благаславенне на армейскую службу даў Благачынны Валожынскай акругі, настаяцель Свята-Канстанціна-Аленінскай царквы ў Валожыне протаіерэй Д. Агіевіч.

Пасля прыняцця прысягі бацькі сустрэліся з камандаваннем брыгады. Размова атрымалася адкрытая і даверлівая, ні адно пытанне, якое хвалявала родных ваеннаслужачых тэрміновай службы, не засталося без увагі. Затым яны на свае вочы ўбачылі тыя ўмовы, у якіх будуць праходзіць службу іх сыны. Пасля ўсіх афіцыйных мерапрыемстваў віноўнікаў урачыстасці чакала першае пасля прызыву звальненне – астатак гэтага знамянальнага дня яны правялі ў коле дарагіх для іх людзей.

І ўжо на наступны дзень для маладых абаронцаў Айчыны пачаліся напружаныя салдацкія будні, баявая падрыхтоўка, сярод якіх будзе абавязкова некалькі хвілін для таго, каб напісаць: “Дарагая матуля, піша табе твой сын, цяпер ужо салдат…”

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий