СТАРТ НАВАГОДНІХ СЮРПРЫЗАЎ

Официально

У Чэхаўшчынскай дапаможнай школе-інтэрнаце першы карагод каля навагодняй ёлкі закружыў 20 снежня. Да выхаванцаў установы завіталі сталічныя артысты: Андрэй Хлястоў, Анатоль Длускі, вакальны дуэт “Любімы горад”, а таксама службовыя асобы з абласнога аддзялення Дэпартамента “Ахова”. Візіт адбыўся ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Цудоўны канцэрт стварыў адпаведны святочны настрой, а ласункі і каштоўныя падарункі будуць распакаваны і запатрабаваны зусім хутка.

Апошнім часам інфармацыя пра жыццё Чэхаўшчынскай школы на старонках нашай газеты з’яўляецца даволі часта. Гаворка заўсёды ідзе толькі пра неардынарныя падзеі, станоўчыя змены, цікавыя факты. Гэта яскравае сведчанне таму, што для кіраўніцтва і калектыву ўстановы ініцыятыўнасць і прадпрымальнасць – прынцыповая практыка.

Чэхаўшчынская школа ўвачавідкі мяняецца ў лепшы бок. Як зазначае дырэктар школы А. Б. Балабан, многае стала магчымым дзякуючы спонсарскай дапамозе. Намеснік начальніка абласнога аддзялення Дэпартамента “Ахова” В. Л. Лазар сказаў, што іх арганізацыя вельмі ахвотна адгукнулася на прапанову Арцёма Барысавіча дапамагчы. Аператыўна закупілі воданагравальнікі, цацкі, спартыўны інвентар, цукеркі. А ўбачыўшы, як па-гаспадарску распараджаюцца ў школе маёмасцю, сталічны госць выказаў жаданне стаць штатным шэфам і наведвацца сюды рэгулярна.

Выхаванцы інтэрната не толькі актыўна падтрымлівалі артыстаў, але і самі падрыхтаваліся. Хлопчыкі задорна станцавалі рэп, а дзяўчынкі праспявалі лірычную песню. Дарэчы, летась выхаванцы Чэхаўшчынскай школы-інтэрната сталі лаўрэатамі абласнога агляду-конкурсу “Суквецце талентаў”, што яскрава гаворыць аб высокім узроўні самадзейнасці ва ўстанове.

Што яшчэ здзівіла гасцей, дык гэта выхаванне ў дзяцей практычных навыкаў. Як дзяўчынкі, так і хлопчыкі гатуюць ежу, прыбіраюць свае пакоі, займаюцца агародніцтвам, вышываюць і шыюць. А нядаўна звязалі ахоўныя сеткі на вокны ў спартыўную залу, чым зэканомілі больш за пяць мільёнаў рублёў.

“Жыццё – гэта заўсёды цуд, – сказаў на развітанне вучням Чэхаўшчынскай школы начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце абласнога Дэпартамента “Ахова” А. М. Пульянаў. – Вашы вясёлыя твары сведчаць аб тым, што вы шчаслівыя, што вас любяць, і нават клапоцяцца пра цуды. Сёння і мы мелі дачыненне да цудаў. Дзякуй вам, вашым настаўнікам за тое, што далі нам магчымасць адчуць сябе крыху чараўнікамі.”

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий