Жыццё раёна

Общество

У дзіцячым садзе Івянца напярэдадні зімовых свят пройдзе дзесяць урачыстых ранішнікаў. Каб хлопчыкі і дзяўчынкі адчулі навагоднюю чароўнасць, паклапаціліся шэфы з кандытарскай фабрыкі “Івкон”. Цукерак у дашкольную ўстанову паступіла больш чым на два з паловай мільёны рублёў.

Завершаны рамонт унутраных памяшканняў у паштовым аддзяленні “Пугачы”. Тут устаноўлена новае абсталяванне: бар’ер, мэбля, сучасныя таварныя горкі. А самым галоўным падарункам для вяскоўцаў да навагодніх свят стала адкрыццё пункту калектыўнага доступу ў Інтэрнэт. Пашырылася і само памяшканне аддзялення за кошт узятага ў арэнду ў мясцовай гаспадаркі дадатковага пакоя.

Нядаўна раённы краязнаўчы музей перададзены пад ахову Валожынскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС. 14 мільёнаў рублёў, а менавіта столькі каштуе ўстаноўка ахоўнай сігналізацыі, было выдаткавана са сродкаў раённага бюджэту. За тэрыторыяй, якая прылягае да музея, устаноўлены і відэанагляд. Такія меры бяспекі прыняты згодна з рэкамендацыйным пісьмом Міністэрства культуры.

Вучаніца Валожынскай дзіцячай музычнай школы Яна Прыёмка (выкладчык Н. П. Усцюжаніна) усяго другі год займаецца па класу саксафона, але ўжо дабілася выдатных поспехаў. Сёлета дзяўчынка стала пераможцам рэгіянальнага конкурсу-агляду і трэцім прызёрам на абласным конкурсе юных музыкантаў.

У гарадскім аддзяленні паштовай сувязі дзейнічае новая паслуга – адпраўка грашовых пераводаў за межы Рэспублікі Беларусь у валюце. За перасылку грашовых сродкаў паштавікі бяруць плату ў беларускіх рублях прама на месцы адпраўкі. Раней грошы пасылалі толькі ў беларускіх рублях, а атрымоўвалі ў валюце той краіны, куды яны былі адпраўлены. Паслугай ужо скарысталіся 10 гараджан.

На чэмпіянаце Мінскай вобласці па баскетболе сярод мужчын, які нядаўна прайшоў у Маладзечанскім спартыўным комплексе, зборная каманда нашага раёна заняла ганаровае 3-е месца. У чэмпіянаце прынялі ўдзел 15 каманд. Валожынскія баскетбалісты, трэніруе якіх Л. У. Хвядчэня, правялі ўсе гульні на высокім узроўні, а ў фінале з невялікім адрывам саступілі толькі камандам Салігорска і Маладзечна.

Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сумесна з іншымі раённымі службамі правёў “круглы стол”, прысвечаны сацыяльна-псіхалагічнай, маральна-духоўнай рэабілітацыі асоб, якія вярнуліся з месц пазбаўлення волі. Было прадстаўлена нямала матэрыялаў кансультацыйнага характару, прагучалі адказы на зададзеныя пытанні. Праведзена дабрачынная акцыя з мэтай падтрымкі людзей, якія маюць у гэтым патрэбу.

 



Добавить комментарий