Вартавы зялёнай спадчыны

Культура

Вывучаючы архіўныя дакументы, бы прыадчыняеш акенца ў мінулае. А на пярэдні план усплываюць лёсы тых, хто стаяў у вытокаў стваральных працэсаў. Адзін з такіх людзей – Раман Захаравіч Мільто, першы дырэктар Валожынскага лясгаса. Сёлета яму споўнілася б 110 гадоў…

Р. З. Мільто нарадзіўся ў 1901 годзе ў сям’і беларускіх сялян. У 1929 годзе ён уступае ў рады кампартыі Беларусі. Восенню 1939 года прыбывае ў Валожын. Па ўспамінах, гэта быў чалавек замкнуты, але адкрыты для дапамогі другім. Будучы ў лесе, Мільто чытаў сляды звяроў і птушак, як цікавую кнігу. Свае кароткія, але дасціпныя выступленні на сходах любіў заканчваць заклікам да больш глыбокіх праяў дабрыні да звярынага і расліннага свету.

Валожынскі лясгас утварыўся 20 снежня 1939 года. Прозвішча Мільто, як дырэктара, упершыню сустракаецца ў партыйных дакументах 23.06.1940 года.

Раман Захаравіч застаўся ў памяці паплечнікаў, як збіральнік і добрасумленны дарадчык першага калектыву лясной гаспадаркі. У яго актыў уваходзілі ляснічы Валожынскага лясніцтва А. М. Лагуноў, інспектар аховы лясоў І. І. Курнакоў, інжынер лясной гаспадаркі А. В. Шчаглова, ляснічы Вішнеўскага лясніцтва П. І. Котаў і інш.

Дні 3 студзеня і 8 чэрвеня 1940 года  – незабыўныя даты прыняцця раённых рашэнняў аб лёсе маёмасці графа Тышкевіча, яго асаднікаў і леснікоў. Нягледзячы на прапановы і гарачыя намаганні валожынцаў зрабіць на базе графскіх забудоў дом адпачынку ці санаторый, харомы знакамітага магната былі перададзены на рахунак мясцовай вайсковай часці. Маёмасць жа яго памагатых трапіла на продаж у гандлёвую сетку.

8 красавіка 1940 года пачала існаваць пярвічная партыйная арганізацыя лясгаса (сакратар Лагуноў). Большасць гэтага аб’яднання склалі прыезджыя камуністы. Мясцовыя ж незаслужана лічыліся ворагамі народа ў сувязі з роспускам у 1938 годзе кампартыі Заходняй Беларусі. 26 верасня 1940 года Валожынскі РК КП(б)Б абмеркаваў пытанне аб ідэалагічнай дзейнасці грамадскай ячэйкі. Яе члены абавязваліся: упарадкаваць вывучэнне “Кароткага курсу ВКП(б), наладзіць выпуск насценнай газеты павялічыць на 30 працэнтаў колькасць станоўчых паказчыкаў у прафесіянальнай дзейнасці.

Дырэктару Мільто і яго таварышам дапамагалі члены калектываў леспрамгаса, лестрангаса. Калі ў 1939 годзе адгружаная на чыгунку прадукцыя не перавышала і 30 працэнтаў, то ў 1941 годзе гэтыя паказчыкі дасягалі 91 і болей працэнтаў даведзенага з верху плана. Сярод складаемых дасягненняў, акрамя чалавечага фактару, вызначалася лепшае выдзяленне транспарту, спецыяльнай тэхнікі, павышэнне заробкаў спецыялістаў лясной гаспадаркі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны зямля Валожыншчыны ператварылася ў плацдарм баявой дзейнасці беларускіх партызанаў. У радах патрыётаў знаходзіўся і першы дырэктар лясгаса Р. З. Мільто.

Васіль ШАКУН.

 



Добавить комментарий