ВЕРНІСАЖ АГЕНЬЧЫКАЎ ЗІХОТКІХ…

Общество

Перад Новым годам і Калядамі прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы Валожына традыцыйна ўпрыгожваюць свае тэрыторыі. Свецяцца рознакаляровымі гірляндамі вокны, зіхацяць агеньчыкі на ёлках, святочная ілюмінацыя будынкаў разганяе начную цемень… Райцэнтр уражвае жыхароў і гасцей каларытам, буйствам яркіх фарбаў.

Рэйд па гарадскіх вуліцах, куды напярэдадні свят выехалі прадстаўнікі аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама і рэдакцыі раённай газеты, парадаваў багаццем фантазіі і творчага энтузіязму, якія праявілі ва ўпрыгажэнні фасадаў і тэрыторый кіраўнікі і работнікі арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў. Дастойна падрыхтаваліся да сустрэчы свят у ДУП “Валожынскае ПМС”, традыцыйна ідэальнай пераднавагодняй панарамай палюбаваліся, праязджаючы каля філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167”. Не горшым быў агульны выгляд ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, аўтапарка № 14, ільнокамбіната, раённага музея, адміністрацыйнага будынка ДВЛГУ “Валожынскі вопытны лясгас”. Пастараліся не застацца “шэрымі” работнікі магазінаў райспажыўтаварыства, размешчаных каля выезду з Валожына на Вішнева і Ганчары, бібліятэк, банкаў…

Разам з тым, на жаль, назіралі і іншае. Сярод агульнага шматкалору вуліц цёмнымі плямамі неўпрыгожанасці зеўралі многія гандлёвыя аб’екты, размешчаныя ў самым цэнтры горада. Здзівіла адсутнасць нават маленькага агеньчыка на такіх буйных вытворчых аб’ектах, як ПВГУП “Мэбля Леў”, філіял № 1 ААТ “Завод Белпласт”. Некаторыя арганізацыі, прадпрыемствы і ўстановы ўдзялілі падрыхтоўцы да Новага года мала ўвагі, увогуле непадрыхтаванымі да свят на момант аб’езду аказаліся адміністрацыйныя будынкі РУП “Валожынскі жылкамунгас”, “ДЭУ-61”, друкарні, магазіны “Мерыдыян”, “Надзея”, “Пяршайскі”, прыватная гандлёвая крама “У Аліка” і інш. Прымусілі жадаць лепшага і гарадскія ёлкі ў мікрараёнах Папоўка і Сельгастэхніка. На абедзвюх зялёных прыгажунях гірлянды сёлета ледзь прыкрылі вярхушкі. Зрэшты, пазіцыю адказных за ўпрыгажэнне можна зразумець: іх навучыў горкі вопыт мінулых гадоў, калі размешчаныя ўнізе рознакаляровыя агеньчыкі за адну толькі ноч бязлітасна шкодзіліся, а то і ўвогуле прападалі…

Трэба думаць, ужо ў бліжэйшы час у святочным афармленні Валожына не застанецца цёмных плям, і пераднавагодняя казка нарэшце набудзе суцэльны выгляд. На гэта спадзяюцца дарослыя і шчыра вераць маленькія жыхары нашага прыгожага горада.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий