ПАДАРУНКІ ПАД ЁЛКАЙ НЕ ПАМЯСЦІЛІСЯ

Официально

28 снежня традыцыйная раённая ёлка ў РЦК сабрала 250 хлопчыкаў і дзяўчынак: лепшых школьнікаў, спартсменаў, пераможцаў прадметных алімпіяд і конкурсаў, лідараў БРСМ.

Для кожнага з іх урачыстасць – не першае навагодняе свята ў гэтым годзе, але затое адно з самых запамінальных. Каб яно і сапраўды сталася такім, паклапаціліся аддзелы райвыканкама, работнікі культуры і цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Вядома ж, не абышлося і без падарункаў. Усе запрошаныя атрымалі па кілаграмоваму пакету з цукеркамі коштам амаль восемдзесят тысяч рублёў. Пажаданні поспехаў у вучобе, здароўя, добрага настрою і радасных свят зычылі дзецям старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Г. В. Сматрова.

Падводзячы вынікі адыходзячага 2011 года Галіна Вячаславаўна адзначыла, што ён быў багаты на дасягненні ў галіне адукацыі. Сёлета пяць школьнікаў раёна сталі лаўрэатамі спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для падтрымкі таленавітых дзяцей і моладзі.

…Прадстаўленне “Прыгоды ў навагоднім лесе”, калі верыць гадзінніку, ішло амаль паўтары гадзіны, а на самой справе праляцела, як адно імгненне. І ўсё дзякуючы таму, што не было месца суму: канцэртныя нумары радавалі майстэрствам, навагодняй фантазіяй, а сюрпрызы чакалі ледзь не штохвіліны. Станоўчыя персанажы вылучаліся ветлівасцю і ласкавасцю, а адмоўныя былі абаяльнымі і вясёлымі.

З утульнай залы раённага цэнтра культуры хлопчыкі і дзяўчынкі выходзілі са шчаслівымі ўсмешкамі на тварах. А значыць урачыстасць падарыла дзецям не толькі святочны настрой, але і заклала зярняткі дабра, якія абавязкова прарастуць паспяховай вучобай, стараннем і новымі перамогамі ў Новым 2012 годзе.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий