За радком гісторыі

Культура

490 гадоў Івянцу. Першыя дакументальныя звесткі пра мястэчка датуюцца 1522 годам, аднак існуе меркаванне, што людзі пасяліліся тут нашмат раней. Сённяшнія івянчане ганарацца сваёй багатай культурна-гістарычнай спадчынай, славутымі землякамі, клапоцяцца пра чысціню і добраўпарадкаванне любімага пасёлка, які з’яўляецца сапраўднай жамчужынай Валожыншчыны.

 

105 гадоў з дня пабудовы касцёла Святога Аляксея ў г. п. Івянец – выдатнага помніка архітэктуры неаготыкі. Яго яшчэ называюць Івянецкім Аляксееўскім або чырвоным касцёлам. Узведзены ён на мясцовых могілках у 1905-07 гг. з цэглы. А фундатарам выступіў генерал Э. Кавэрскі і яго жонка Альжбета.

100 гадоў таму ў Сівіцы нарадзіўся беларускі харавы дырыжор, кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Канстанцін Іосіфавіч ПАПЛАЎСКІ. Яго працоўная біяграфія звязана з выкладаннем ў Беларускай кансерваторыі. У 1947 годзе Канстанцін Іосіфавіч стварыў і кіраваў дзіцячым хорам Беларускага радыё, затым стаў мастацкім кіраўніком Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Беларусі.

605 гадоў таму як упамінаецца аб Валожыне ў літаратурных крыніцах (“Сведения о дорогах литовских”).

145 гадоў з дня заснавання Ракаўскай школы.

100 гадоў з дня нараджэння В. Ф. Бруя, спевака-тэнара, заслужанага артыста Беларусі. Нарадзіўся Вікенцій Фёдаравіч у вёсцы Ракаў. Скончыўшы Беларускую кансерваторыю, доўгі час быў салістам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі.

55 гадоў спаўняецца з дня адкрыцця раённага Дома культуры, Валожынскай дзіцячай музычнай школы.

Штогод артысты з РЦК даюць звыш 500 канцэртаў, актыўна ўдзельнічаюць у культурным жыцці не толькі раёна, але і вобласці. Тры калектывы ўстановы маюць званне “Узорны”, чатыры – “Народны”. У ДМШ шмат гадоў працаваў выкладчыкам кампазітар Валерый Хахлоў, які з’яўляецца адным з аўтараў “Песні пра Воложын”.

50 гадоў з дня заснавання Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Першых сваіх выхаванцаў ён прыняў у снежні 1962 года. Некалькі разоў дзіцячы дом пераязджаў у іншыя будынкі. Зараз дом-інтэрнат узначальвае А. С. Петрашкевіч. Выхоўваецца тут больш за 80 дзяцей.

65 гадоў з дня ўтварэння КУП “Валожынскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання”. Свой летапіс ён пачынае з 1947 года, калі ўзнікла арцель “Перамога”, якая налічвала 39 чалавек і займалася выключна пашывам адзення. У 1961-м яна аб’ядналася з прамкамбінатам. Пазней, у 74-м, да Валожынскага камбіната далучыўся Івянецкі, і ён стаў раённым.

205 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, пісьменніка, драматурга В. І. Дуніна-Марцінкевіча. 44 гады жыцця правёў у маёнтку Люцінка на Валожыншчыне. Тут стварыў першы беларускі тэатральны калектыў, у які ўваходзіла яго сям’я, знаёмыя, вяскоўцы. Адкрыў школу для сялянскіх дзяцей, напісаў лепшыя свае творы: паэму “Сялянка” (“Ідылія”), камедыю “Пінская шляхта” і інш.

150 гадоў з дня нараджэння Я. Ф. АРЛОЎСКАГА – беларускага гісторыка, краязнаўца, педагога. Яўстафій Філарэтавіч нарадзіўся 26 красавіка 1862 года ў вёсцы Славенск. Наш зямляк выкладаў гісторыю ў Гродзенскай гімназіі, паралельна вывучаў ролю беларусаў у ВКЛ, даследаваў гісторыю Гродна ад заснавання да пачатку 20-га стагоддзя.

80 гадоў адзначыць акадэмік НАН Беларусі, доктар тэхнічных навук, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі, ураджэнец вёскі Вялікая Дайнава Іван Іванавіч ЛІШТВАН. Нарадзіўся ў лістападзе ў сялянскай сям’і. Яго бацькі, па мясцовых мерках, лічыліся даволі заможнымі людзьмі. Першыя веды будучы акадэмік атрымаў ва Узбалацкай васьмігодцы.

145 гадоў царкве Благавешчання Прасвятой Багародзіцы ў Забрэззі. Пабудова з’яўляецца помнікам архітэктуры.

135 гадоў мінула з дня нараджэння Ф. Э. ДЗЯРЖЫНСКАГА – партыйнага і дзяржаўнага дзеяча, прафесіянальнага рэвалюцыянера, вядомага многім пад мянушкай “жалезны Фелікс”. У свой час Фелікс Эдмундавіч змагаўся з контррэвалюцыяй і сабатажам, быў народным камісарам унутраных спраў РСФСР.

55 гадоў з дня заснавання ў гарадскім пасёлку Івянец музея Ф. Э. Дзяржынскага. Гэта ўстанова пачала функцыянаваць 11 верасня 1957 года. Наведвальнікі маглі ўбачыць асабістыя рэчы Фелікса Эдмундавіча і яго жонкі, экспанаваліся больш за 1200 фатаграфій, а таксама маркі, паштоўкі, канверты, падарункі шматлікіх дэлегацый, так ці інакш звязаныя з імем вядомага рэвалюцыянера.

 

 



Добавить комментарий