Што за рысы мы хацелі б бачыць у чалавеку, ад дзеянняў якога залежаць жыццё і здароўе нашых дзяцей? Напэўна, прафесіяналізм, дабрыню, спагаду, уменне ўспрымаць чужы боль як асабісты… Пажадана б, каб вочы спецыяліста былі добрымі, рукі – ласкавымі, а голас гучаў упэўнена і супакойліва. Большасць валожынскіх матуль і татаў хутчэй за ўсё пацвердзяць: усім гэтым патрабаванням адпавядае ўрач-педыятр участковы райпаліклінікі Ніна АЎДЗЕЙ.

Нядаўна Ніна Анатольеўна Аўдзей адзначана вышэйшай дзяржаўнай узнагародай Рэспублікі Беларусь у галіне медыцыны. Яна стала ўладальнікам нагруднага знака “Выдатнік аховы здароўя”. І хоць вызначаецца сціпласцю, а галоўным праяўленнем прызнання лічыць здароўе сваіх пацыентаў, а не ўзнагароды, нам удалося дамовіцца аб інтэрв’ю. Падчас непрацяглай гутаркі доктар Аўдзей дала шчырыя адказы на некалькі пытанняў. Магчыма гэта інфармацыя ў вачах людзей, што бязмежна паважаюць цудоўную жанчыну і моцнага спецыяліста, дапоўніць яе партрэт.

– Паважаная Ніна Анатольеўна, прыміце віншаванне з узнагародай ад калектыву рэдакцыі “Працоўнай слава”. Напэўна, нават Вам, чалавеку, які ніколі не імкнуўся да публічнасці, прыемна высокая ацэнка працы?

– Дзякуй за віншаванне. Канешне, я ўдзячна за ўвагу да сваёй персоны. Вось толькі прафесія медыка настолькі калегіяльная, што ўспрыняць узнагароду як выключна ўласную не проста не магу – не маю права. Вядомы ўсім выраз “Адзін у полі не воін” досыць яскрава адлюстроўвае работу ўчастковага ўрача. Прыклад: пацыент паспяхова прайшоў лячэнне і  пазбавіўся ад захворвання. Што папярэднічала гэтаму? Правільна, пастаўка дыягназу. Падключаюцца лабараторыя, спецыялісты, што праводзяць даследаванні накшталт ультрагукавога, рэнтгенаграфіі, КАТЭ, МРТ, ЭКГ, гастраскапіі і г. д. Затым да справы далучаюцца медыцынскія сёстры. Яны літаральна выходжваюць чалавека, выконваючы шырокі спектр прызначэнняў. Увесь гэты час у кабінетах парадак і ўтульнасць стварае малодшы медыцынскі персанал… У вялікай ступені мы ўсе залежым ад таго, як намі кіруе адміністрацыя. Таму і мяркуйце, ці магу я прыпісаць атрыманую перамогу сабе, калі на самай справе выдатнікі – цэлая каманда.

– Заўсёды цікаўлюся ў герояў сваіх аповедаў працэсам выбару жыццёвага шляху? Што яму спрыяла, што перашкаджала? Магчыма ў Вас маецца на гэты конт цікавая гісторыя?

– Гісторыя сапраўды незвычайная. Любоў да медыцыны прыйшла ад самага лепшага сябра, аднакласніка, а пазней каханага, а яшчэ пазней мужа. Ён, мой Леанард Іосіфавіч, мроіў урачэбнай справай літаральна з першага класа. Яго апантанасць пазбавіла мяне выбару. Дзе ж захочаш чагосьці іншага, калі чалавек, якога паважаеш, якому давяраеш, з такім натхненнем імкнецца да пастаўленай мэты. Аднак не думайце, што пайшла за чужой ідэяй з закрытымі вачамі. Не, я не той чалавек. Проста пад уздзеяннем любімага чалавека крок за крокам адкрывала для сябе таямніцы прафесіі, і яны паступова выцяснялі думкі аб іншых магчымасцях.

– Значыць, на нейкім этапе разглядаліся і іншыя сюжэты будучай самарэалізацыі?

– Чаму не? Я добра вучылася. Была актывісткай. Нават на школьным узроўні мела пэўны кар’ерны рух. Старшыня савета атрада, старшыня піянерскай дружыны, сакратар камсамольскай арганізацыі… Сённяшняе маё акружэнне, магчыма, не паверыць, але ў той час я была досыць публічным чалавекам. Нават на вечарах з натхненнем чытала вершы. Мая актыўнасць была высока ацэнена. Пабывала ў “Артэку”, “Зубраняці”, здзейсніла шмат цікавых экскурсій. Што тычыцца здольнасцей да прадметаў, большасць настаўнікаў, і я з імі згаджалася, лічылі, што мая стыхія – дакладныя прадметы. Аднак шчыра любіла і гісторыю, нават дапускала думку, што магла б прысвяціць гэтай навуцы жыццё. Але склалася інакш, і рада гэтаму. Паверце, медыцына не тая сфера, дзе можна адчуваць сябе камфортна без сапраўднай да яе любові.

– Чаму менавіта педыятрыя? Чаму, па прыкладзе мужа, не выбралі лячэбны факультэт?

– Ведаеце, я даволі рана, яшчэ зусім юнай дзяўчынкай, адчула, што бязмежна люблю дзяцей. Калі памятаеце, у савецкай школе мелася цудоўная традыцыя: старэйшыя школьнікі ў якасці важатых апекаваліся над малодшымі. Калі такую пачэсную справу даверылі мне, адчула неверагоднае шчасце. Малыя дзеці з іх шчырымі адносінамі і даверлівымі позіркамі адразу ўзялі маё сэрца ў палон. Калі ж ведала, што ў кагосьці з іх праблемы са здароўем, гатова была ў дошку разбіцца, каб дапамагчы. Нават зараз ад дзіцячых слёз адчуваю сапраўдны боль. Так, што педыятрыя – мой асабісты ўклад у пазбаўленне свету ад дзіцячых пакут. Як кажуць, што магу…

– Характар чалавека на працягу жыцця ўдасканальваецца, абрастае новымі рысамі… Згодны з такім меркаваннем?

 – На 100 працэнтаў. Хіба толькі вельмі, як кажуць, упёрты чалавек не мяняе праз гады сваё стаўленне да асобных момантаў і з’яў. Ва ўсялякім разе закасцянелы кансерватызм – не мая гісторыя. З дзяцінства маю трапяткія адносіны да разумных, добрых людзей, вучуся ад іх, спадзяюся, што духоўна расту. На ўсё жыццё прыкладам засталіся бацькі, простыя сяляне з Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці. Таты даўно няма, але, як зараз, чую яго наказ: “Стаўся да людзей так, як хочаш, каб яны ставіліся да цябе”. Матуля, на шчасце, са мной. Яе аптымізм і мудрасць – вялікая падтрымка. Выключна годным маральным арыенцірам быў муж. Многія мае думкі і меркаванні сфарміраваліся якраз пад яго ўплывам. Пасля таго, як Лёні не стала, добра разумею выраз “жыццё да і пасля”. Справіцца са стратай дапамаглі ўсе, хто побач, а ў першую чаргу ён сам, бо заўсёды бачыў ва мне асобу. Так што, адказваючы на Ваша пытанне, яшчэ раз падкрэслю: людзі павінны мяняцца, бо зменлівы свет не даруе нашу духоўную статычнасць.

– Вы ўяўляецеся мне чалавекам даволі закрытым.

– Не буду спрачацца. Не ў маіх правілах направа і налева крычаць аб сваіх поглядах, дзяліцца набалелым. Мой свет – мая сям’я, якая пасля каласальнай страты стала яшчэ больш згуртаванай. Што тычыцца работы, то яна не пакідае часу для старонніх спраў. Мне як дзіцячаму доктару, акрамя вырашэння чыста медыцынскіх пытанняў, даводзіцца выступаць і ў ролі псіхолага (дзіцячага і дарослага), і ў ролі педагога, і абавязкова быць артысткай. Ведаеце, дзеці і плачуць, і смяюцца па-рознаму, і боль кожны адчувае па-свойму. Але ўсе нюансы прафесіі я прымаю спакойна, бо адданая ёй, як кажуць, душой і целам.

– Я дзесьці прачытала, што добры ўрач павінен быць філосафам…

– Канешне. Ды і любы спецыяліст, калі цвёрда вырашыў прысвяціць сябе справе, павінен па-філасофску ставіцца да ўсіх яе бакоў, так бы мовіць, успрымаць комплексна. У медыцыне ўсё проста: галоўнае – пазбавіць чалавека ад захворвання. Лепш за Гіпакрата тут не сфармулюеш. А сказаў ён, акрамя іншага, так: “У які б дом я не ўвайшоў, я ўвайду туды для карысці хворага”.

– Што па-Вашаму азначае быць добрым урачом?

– Для мяне ўсё вельмі проста: урач альбо добры, альбо ён – не ўрач. Нельга зняць медыцынскі халат і перастаць быць урачом. Што ў словазлучэнні “добры ўрач”? Шмат розных складальнікаў. Тут і адпаведны характар, і стрэсаўстойлівасць, і дабрыня ў спалучэнні з, паверце, часам неабходнай жорсткасцю, і трывалыя веды, якія пастаянна ўдасканальваюцца, папаўняюцца, і ўменне з маральнага пункту гледжання адрозніваць паняцці “дабро” і “зло”, і ўвогуле лад жыцця. Гэта прафесія патрабуе прызвання, калі яго няма, нават вучоба ў самай прэстыжнай ВНУ ў спалучэнні з самымі шыкоўнымі ўмовамі працы –  бяссільныя.

– Вы не мясцовая, аднак шмат гадоў жывяце ў Валожыне? Прыкіпелі да яго душой?

 – Яшчэ як! Яшчэ ў студэнцтве Леанард Аўдзей вырашыў абраць шлях ваеннага ўрача, таму нам давялося з Гродна, дзе вучыліся ў медінстытуце, пераехаць у Куйбышаў. Муж стаў слухачом ваенна-медыцынскай акадэміі, я ж перавялася на педыятрычны факультэт мясцовага медінстытута. Два гады служылі ў Серпухаве. Інтэрнатуру я праходзіла ў Падольску. На год звязалі свой лёс з Лепельскім раёнам Віцебскай вобласці. Пераезды нас загартавалі, яшчэ больш згуртавалі сям’ю. А з 1993 года Валожын стаў жаданым пастаянным месцам пражывання. Тут побач са мной мноства цудоўных людзей, якія сталі сапраўднымі сябрамі. Я шчыра ім удзячна за дапамогу і падтрымку.

– Ніна Анатольеўна, давайце закранём Вашы хобі.

 – Я б не назвала гэта хобі. На дачы, якую набылі і з любоўю добраўпарадкавалі з мужам, я вырошчваю кветкі. Проста таму, што люблю і сам працэс, і вынік. Мне зусім не патрэбна, каб хтосьці падзяляў маё захапленне, ацэньваў. Я ствараю гэту прыгажосць, бо патрабуе душа. Яшчэ калі-нікалі вяжу ці вышываю. Супакойвае, дае магчымасць заплыць у думках далёка ад рэчаіснасці, успомніць дарагія моманты жыцця. Чытаць таксама люблю. Аднойчы прачытала Ваша інтэрв’ю з маім калегам Уладзімірам Лушчыцкім, дзе ён на першае месца сярод любімых кніг паставіў “Мысли в пути” Станіслава Далецкага. Поўнасцю з ім салідарная. Нядаўна заўважыла, як гэту кнігу чытае мая дачка – будучы   ўрач-педыятр. Што ж, вялікі твор вялікага аўтара. Цудоўна, што яго цэніць і маладое пакаленне. Дарэчы, пра моладзь. Побач са мной шыкоўныя спецыялісты – юныя, прыгожыя, таленавітыя Ірына Юхноўская, Ганна Шурыгіна, Наталля Ажарэльева, Алена Гарбачэўская, Аксана Апанасік, Алена Губіч, Святлана Старыкевіч. Разам мы – каманда. На правах старэйшай дзялюся з імі вопытам і ніколі не забываю тых, хто ў свой час перадаваў мне сакрэты прафесіі, –  Валянціну Шавярду, Ірыну Вінаградаву, Аліну Круцько, Ірыну Станкевіч, Ганну Зяноўскую.

– Што можаце пажадаць нашым чытачам? А можа хацелі б іх аб чымсьці запытаць?

– Не люблю быць шматслоўнай. Жадаю ўсім здароўя і міру. Прашу цвяроза і ўдумліва ставіцца да пытанняў здароўя, асабліва зараз, пакуль каранавірус усё яшчэ з намі, і своечасова страхаваць з дапамогай прышчэпак ад захворвання сябе і дзяцей. Гэта разумна, проста і сапраўды працуе. А пытанне… Думаю кожнаму нядрэнна было б запытаць сябе, на што ён здольны, каб захаваць якасць жыцця і добрае самаадчуванне на годным узроўні на доўгія гады… І на развітанне: дарагія валожынцы, беражыце сябе і сваіх нашчадкаў!

Згодна з Загадам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, знакам “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь” узнагароджваюцца медыцынскія работнікі і іншыя работнікі органаў і ўстаноў аховы здароўя за ўзорныя адносіны да працы, выдатнае выкананне сваіх абавязкаў па медыцынскім і санітарна-эпідэмічным забеспячэнні насельніцтва, за клопат аб захаванні і аднаўленні здароўя грамадзян Рэспублікі Беларусь. Каб стаць уладальнікам узнагароды, неабходна пастаянна павышаць сваю кваліфікацыю, перадаваць вопыт калегам, мець іншыя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці.

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ