У Івянецкім сельсавеце размешчаны 66 населеных пунктаў, налічваюцца 1322 домагаспадаркі. На пачатак 2022 года пастаянна пражываюць 3050 чалавек: з іх 397 – ва ўзросце да 18 гадоў, 1750 – працаздольнага ўзросту, 791 пенсіянер. Летась зарэгістраваны 12 шлюбаў, нарадзіліся 22 дзіцяці, памерлі 73 чалавекі.

На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца: 2 сельскагаспадарчыя прадпрыемствы – ААТ “Суднікаўскі” і КУП “Сівіца”, 8 фермерскіх гаспадарак, 1 замежнае прадпрыемства па вытворчасці камер ахаладжэння, Каменскае лясніцтва. Ёсць 2 школы – у Сівіцы і ў Судніках, 3 фельчарска-акушэрскія пункты, 3 установы культуры, 3 аддзяленні сувязі, 1 комплексны прыёмны пункт, 12 магазінаў.

У сельсавет абраны 11 дэпутатаў, у населеных пунктах працуюць 36 старастаў вёсак. Кожную другую сераду месяца праводзяцца Дні дэпутата, рэгулярна праходзяць сходы грамадзян, дзе абмяркоўваюцца надзённыя праблемы жыхароў. Усяго за 2021 год праведзены 17 сходаў грамадзян. Кожную сераду асабісты прыём грамадзян праводзіць старшыня сельвыканкама: за мінулы год праведзены 49 прыёмаў, у тым ліку 4 выязныя. Разгледжаны 59 зваротаў. Сельвыканкамам ажыццёўлены 2544 адміністрацыйныя працэдуры.

Сакрэты поспеху

– Іна Раманаўна, Ваш сельсавет прызнаны лепшым. Раскажыце, калі ласка, пра ўражанні?

– Перапаўняюць эмоцыі. Вельмі пачэсна, што мы сталі першымі сярод сельвыканкамаў раёна. Радуе, што кіраўніцтва заўважыла, ацаніла і адзначыла нашу работу. У сваю чаргу, мы стараемся і робім усё, каб населеныя пункты выглядалі дастойна, і людзям было добра тут жыць. Дзеля гэтага цесна працуем з насельніцтвам: сочым, каб плот не скрывіўся ці не паваліўся, каб падворкі трымаліся ў чысціні. Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і “твар” любой вёскі кідаецца ў вочы, у першую чаргу, сваім знешнім выглядам – адразу разумееш, які тут жыве гаспадар.

– Як знаходзіце паразуменне з людзьмі?

 – Вельмі проста. Езджу па населеных пунктах, сустракаюся з грамадзянамі. Выбіраю маршрут туды, дзе чакаюць аўталаўкі. Прыпыняюся і атрымліваю, як кажуць, інфармацыю з першых вуснаў: гутару, слухаю іх праблемы, выказваю тое, што павінна давесці як кіраўнік мясцовай улады.

– Вам таксама ўдаецца знайсці агульную мову і з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў, якія размешчаны на тэрыторыі сельсавета?

 – Разумееце, дырэктары дзвюх гаспадарак – ААТ “Суднікаўскі” і КУП “Сівіца” – намнога маладзейшыя за мяне: аднаму 26, другому каля 28-і. Садзімся за стол перамоў, размаўляем, стараемся пачуць і зразумець адзін аднаго – вось так і прыходзім да пэўнага меркавання. Спрабую данесці, што не толькі я – гаспадыня на сваёй тэрыторыі, але і яны. Без іх дапамогі нічога не магу зрабіць: у мяне няма ні трактара, ні машыны, каб, напрыклад, вуліцу пачысціць ад снегу ці дарогу падсыпаць. Тлумачу, што вынік будзе толькі тады, калі справу рабіць разам.

– Як Вы лічыце, што галоўнае ў рабоце старшыні сельвыканкама?

– Чуць людзей, бачыць іх праблемы, старацца выканаць тое, што яны просяць. Бо звяртаюцца з рознымі пытаннямі, і не хочацца, каб з майго кабінета ці пасля сустрэчы з насельніцтвам у іншых месцах яны пайшлі з асадкам на душы, што іх не падтрымалі, іх не пачулі. А самае галоўнае – хачу працаваць так, каб не было сорамна ні мне ад маёй працы, ні маім грамадзянам!

– Что пажадалі б працаўнікам Валожыншчыны?

– Моцнага здароўя, дабрабыту і поспехаў у працы на карысць роднай Валожыншчыны і нашай любай Беларусі!

Ацэнка работы

Пётр БІБІК, старшыня раённага Савета дэпутатаў:

– Работа Івянецкага сельскага Савета дэпутатаў праводзіцца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні”, заслугоўвае высокай ацэнкі і можа выкарыстоўвацца для абмену вопытам. Іна Раманаўна Яновіч узначальвае сельвыканкам з 2013 года. Адказная, старанная, ініцыятыўная, умее знаходзіць паразуменне як з кіраўнікамі гаспадарак, якія размешчаны на падведамаснай тэрыторыі, так і з людзьмі.

Шмат увагі надаецца добраўпарадкаванню тэрыторый, на што былі накіраваны амаль 57 тысяч рублёў: праведзены 22 суботнікі па навядзенні парадку на зямлі, у тым ліку на могілках – 7, прыбраны і абкошаны 24 безгаспадарчыя дамы. Знесены 9 трухлявых дамоў. Пераразмеркаваны і прыцягнуты ў севазварот 35,6 гектара неэфектыўна выкарыстоўваемых зямель.

Праводзіцца актыўная работа па барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага: да справы прыцягваюцца ўсе зацікаўленыя службы і ўласнікі. Як вынік, рост папуляцыі інвазіўнай расліны зніжаецца з кожным годам.

Летась прададзены праз аўкцыён 14 зямельных участкаў. На пачатак года на тэрыторыі сельсавета маюцца 63 свабодныя зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў.

Створаны і функцыянуюць назіральная і санітарная камісіі, працуе грамадскі пункт аховы правапарадку і іншыя грамадскія фарміраванні. Так, назіральнай камісіяй абследаваны 1761 домаўладанне (133,7 працэнта), накіраваны 28 інфармацый суб’ектам прафілактыкі для прыняцця належных мер уздзеяння, 129 пісьмаў грамадзянам і дзецям састарэлых бацькоў аб аказанні дапамогі ва ўхіленні недахопаў супрацьпажарнага стану домаўладанняў. Праведзены рамонт электраправодкі ў дамах 2 адзінокіх пенсіянераў, устаноўлены 56 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Усяго на гэтыя мэты з бюджэту выдаткаваны 2,2 тысячы рублёў.

Штомесяц на пасяджэннях савета грамадскага пункта аховы правапарадку разглядаюцца пытанні стану законнасці і правапарадку, кіраўнікі прадпрыемстваў робяць справаздачы аб арганізацыі работы па прафілактыцы п’янства, правапарушэннях, умацаванні працоўнай дысцыпліны: у прыватнасці, дадзена ацэнка супрацьпраўным паводзінам 100 грамадзян, накіраваны на прымусовае лячэнне ад п’янства 1 чалавек. Пастаянна абнаўляецца банк даных асоб, якія не заняты ў эканоміцы, і асацыяльнай катэгорыі.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Алены ЧАКУР